gistВядомы беларускі пісьменнік, краязнаўца, дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы  “Выдавецкі дом “Звязда”, галоўны рэдактар газеты “Звязда” Алесь Карлюкевіч за 10 апошніх гадоў падарыў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага больш за 1300 унікальных кніг, часопісаў, дакументаў

А напрыканцы мінулага года ўжо калектыў бібліятэкі зрабіў падарунак Алесю Мікалаевічу: падрыхтаваў і выпусціў кнігу “Алесь Карлюкевіч. Бібліяграфічны складнік”. У гэтым арыгінальным выданні сістэматызаваны і апісаны больш як 3,5 тысячы розных твораў Алеся Карлюкевіча, якія выйшлі з-пад яго пяра за час журналісцкай і літаратурнай дзейнасці. 

З нагоды выхаду ў свет гэтай кнігі і запрасілі берасцейскія бібліятэкары Алеся Мікалаевіча на творчую сустрэчу. А ён прывёз з сабой яшчэ аднаго цікавага госця – нашага земляка (ён родам з Піншчыны) Уладзіміра Андрыевіча, дырэктара выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Сустрэча была цёплай, добразычлівай, напоўненай цікавымі ўспамінамі, таленавітым беларускім словам і добрымі пажаданнямі. Алесь Мікалаевіч распавёў пра свой жыццёвы і творчы шлях, пра  знаёмствы і стасункі з вядомымі беларускімі і замежнымі пісьменнікамі, пра гісторыю супрацоўніцтва з Брэсцкай абласной бібліятэкай, якая пачалася амаль 10 гадоў таму, у 2007 годзе. Пра  плённы вынік сяброўства сведчыла выстава, якую супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі спецыяльна да гэтай падзеі. 

Пра самога Алеся Карлюкевіча расказвалі ўдзельнікам сустрэчы яго сябры, калегі, супрацоўнікі бібліятэкі. Уладзімір Андрыевіч, напрыклад, растлумачыў, якое месца ў біяграфіі Алеся Мікалаевіча займаюць Туркменістан, Таджыкістан і Куба. Дырэктар абласной бібліятэкі Тамара Данілюк нагадала, што сустрэчай з Алесем Карлюкевічам распачынаецца цыкл мерапрыемстваў, пры-свечаных прафесійнаму святу – 

Дню бібліятэк Рэспублікі Беларусь, і яна вельмі рада, што менавіта Алесь Мікалаевіч стаў першым госцем, удзячна яму за ўзаемаразуменне, сяброўства і дапамогу. Сваю ўдзячнасць выказаў Алесю Карлюкевічу і старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч – за тое, што ў свой час падтрымаў ініцыятыву берасцейскіх пісьменнікаў па выпуску спецыяльнага берасцейскага нумара часопіса “Маладосць”. Галоўны рэдактар абласной газеты “Заря” Аляксандр Лагвіновіч успомніў гісторыю знаёмства з Алесем Карлюкевічам і пацікавіўся, дзе ён знаходзіць час, каб не толькі як дырэктар выдавецтва і галоўны рэдактар выпускаць газеты, літаратурныя часопісы, кнігі, але і самому шмат пісаць краязнаўчых, публіцыстычных, мастацкіх твораў. Алесь Мікалаевіч шчыра прызнаўся, што і сам не ведае, як гэта ўдаецца. Затое сакрэт сябра раскрыў Уладзімір Андрыевіч: “Справа ў тым, што Алесь Мікалаевіч – страшэнны працаголік і вельмі адказны чалавек”. А брэсцкі пісьменнік Алесь Паплаўскі не толькі падзяліўся ўспамінамі пра свае стасункі з Алесем Карлюкевічам, але і выканаў у яго гонар сваю песню “Восень”.

Вячаслаў БУРДЫКА, “НТ”.

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Верасень 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
29 30 31 1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 1 2

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках