anypicsНаш зямляк з Івацэвіч – адзін з самых плённых і папулярных сучасных дзіцячых пісьменнікаў Беларусі, многія яго кнігі сталі бестселерамі айчыннай літаратуры

Валерый Гапееў сёння адзiн з нешматлікіх пiсьменнiкаў краiны, што пiшуць для падлеткаў i юнакоў.

А яго кнiгi “Пастка на рыцара” i “Урокi першага кахання” ўжо сталi вельмі папулярнымі як сярод моладзі, так і дарослых чытачоў. Творы  Гапеева з зайздросным пастаянствам з’яўляюцца на старонках самых вядомых беларускiх выданняў – у часопiсах “Маладосць”, “Полымя”, штотыднёвiку “Лiтаратура i мастацтва”. Да таго ж, Валерый Гапееў – адзiн з першых лаўрэатаў лiтаратурнай прэмii iмя Уладзіміра Калеснiка Брэсцкага аблвыканкама: так у 2007 годзе была адзначана яго кнiга “Пастка на рыцара”.

Валерый Мікалаевіч нарадзіўся 6 лютага 1963 года ў  п. Восава Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Балатнянскай сярэдняй школе, потым – у Мінскім электратэхнікуме сувязі (цяпер – каледж сувязі) па спецыяльнасці “Радыёсувязь і радыёвяшчанне”. Працаваў майстрам у вучылішчы ў Казахстане, служыў у арміі (1982–1984). Пасля працаваў на мінскім вытворчым аб’яднанні “Інтэграл”.

У 1992 годзе пераехаў з сям’ёй у Івацэвічы, уладкаваўся на мясцовы прыборабудаўнічы завод. У гэты ж час стаў пісаць прозу. Першае сур’ёзнае апавяданне “Абсалютнае жаданне” было надрукавана ў часопісе “Маладосць”. Крыху пазней часопіс “Крыніца” апублікаваў дэтэктыў на рускай мове “…И два в остатке”. 

У 1995 годзе быў запрошаны ў якасці карэспандэнта ў наваствораную “Газету Уладзіміра Кудзінава” (пасля – “Газета для вас”). У 1997 годзе перайшоў на працу ў раённую газету “Івацэвіцкі веснік”. І дасюль працуе тут адказным сакратаром.

Жанаты, сын нарадзіўся ў 1989, дачка – у 1998 годзе.

У яго часта пытаюцца, чаму ён піша ў асноўным для падлеткаў – вельмі ж справа няўдзячная. Падлеткі, як вядома, максімалісты, любое крытычнае слова ў свой адрас успрымаюць у штыкі. Вось што думае наконт гэтага сам Гапееў: “Можа, і таму, што не надта для іх хочуць пісаць. Крыўдна бачыць праз чвэрць стагоддзя ў бібліятэках тыя ж творы беларускай літаратуры для дзяцей і юнацтва. І ў планах на паза-школьнае чытанне – усё тыя ж аўтары. Як быццам час спыніўся. Ці літаратура спынілася. Тая ж ідэалогія, тыя ж прынцыпы і тая ж вера… Цвёрда перакананы, што няма дзіцячых праблем. Ёсць праблемы ў нашых дзяцей. І яны перажываюцца імі настолькі ж балюча, як і мы, дарослыя, перажываем свае. Гэта і хачу данесці да чытача: і юнага, і сталага”.

Пра дзіцячыя-дарослыя праблемы сучаснасці Валерый распавядае ў сваіх аповесцях “Пастка на рыцара”, “Ведзьміна тоня”, “Я размалюю для цябе неба”, “Урокі першага кахання” і многіх іншых. Асабліва шмат спрэчак і дыскусій выклікала апошняя  – “Урокі першага кахання”.  Гэта не збор парад аб тым, як, з кім і дзе лепей упершыню заняцца сексам. Кніга ўтрымлівае тры аповесці пра падлеткаў-аднакласнікаў (спачатку дзея адбываецца ў 10 класе, пасля – у 11-м), якія расчароўваюцца ў дарослых і адно ў адным, знаходзяць сапраўднае сяброўства, пазбаўляюцца ад комплексаў, зарабляюць першыя грошы, спасцігаюць першыя ўрокі кахання… Адным словам – сталеюць.

У цэнтры кожнай з аповесцей – ярка акрэсленая псіхалагічная праблема сталення, з якой вынікае шэраг цяжкаcцей, праз якія праходзяць школьнікі.

Спрадвечная праблема, з якой сутыкаюцца дзеці: дарослыя быццам забываюць, якімі былі самі ў маладыя гады. Затое сваім дзецям спуску не даюць. Вельмі грунтоўна выказалася адна з галоўных гераінь аповесці класны кіраўнік Вольга Фёдараўна: 

“…Калі мне было шаснаццаць, быў і ў мяне такі выпадак. Пачула я ад маці далёка не самыя прыгожыя словы пра сябе. Без прычыны. Без падстаў. І так я абурылася… Як і вы сёння. І вось у мяне сёння дачушка дзесяцігадовая. Цяпер я разумею сваю маці… І я прабачыла ёй цалкам тую сваю крыўду”. Так, немагчыма зразумець матывацыі дзеянняў іншага чалавека, нават самага блізкага, пакуль не апынешся на ягоным месцы.

ur

Яшчэ адна заўжды актуальная праблема, акрэсленая Валерыем Гапеевым: чаму маладое пакаленне абвінавачваюць у разбэшчанасці тыя, хто выпускае прадукцыю, што прапагандуе шкодныя звычкі, гвалт, парнаграфію? “Дык чаму нас абвінавачваюць у тым, што мы глядзім, гуляем, чуем? Можа, нам аслепнуць, аглухнуць і насы пазаклейваць?” – справядліва абураецца 10-класнік Сяргей. Спрэчкі такога кшталту – вечныя. Яны будуць актуальныя, пакуль будуць запатрабаваныя прадукты масавага спажывання для “разгрузкі” мазгоў, якія часта нічым асабліва і не абцяжараныя…

Героі аповесцей пісьменніка з Івацэвіч некаторым крытыкам падаюцца занадта ідэальнымі: яны, маўляў, працуюць з 10 класа, яны начытаныя і адукаваныя, яны ведаюць, чым хочуць займацца і кім хочуць стаць. Дасціпныя, вострыя на язык, сябе ў крыўду не даюць і за сябра пры выпадку пастаяць... Вельмі хацелася, каб такімі былі ўсе нашы школьнікі. Тады – глядзіш – і зажылі б па-іншаму…

Я абавязкова дам прачытаць гэту кнігу маім малодшым унукам (старэйшыя ўжо прачыталі). І зусім неістотна, што да таго часу гістарычны кантэкст стане неактуальным. Валерый Гапееў таленавіта і поўна раскрыў падлеткавыя праблемы, праз якія прайшлі мы, з якімі сутыкаюцца нашы дзеці і будуць сутыкацца нашы ўнукі. Пісьменнік нязмушана, простай мовай, без дыдактычных нотак паказаў псіхалогію як дарослых, так і школьнікаў.

Пiсаць для юнага чытача – справа складаная i сур’ёзная. Тут мала мець талент пiсьменнiка – патрэбен яшчэ талент тонкага псiхолага, педагога, а яшчэ... вельмi добрага чалавека. Чаму Валерый Гапееў выбраў менавіта гэты накірунак у літаратуры? 

Вось як ён сам тлумачыць свой выбар: “Не мне казаць наконт таленту, ды і псіхолаг з мяне, напэўна, ніякі. Адно ведаю дакладна: пісаць трэба шчыра. Для мяне трагедыя дзяўчынкі, якой 14 лютага – прыкіпела ж да нас гэтае абсалютна чужое свята! – не падарылі ніводнай “валянцінкі”, раўназначная той трагедыі, якую адчувае адрынутая жанчына. Дзеці і падлеткі адчуваюць боль і шчасце глыбей і выразней, чым мы, дарослыя. За нашымі спінамі вопыт, ён дапамагае нам перажыць няўдачы, таму мы і ставімся іншы раз гэтак паблажліва: “Ат, пройдзе, забудзеш...” Нам жа балела! Вось пра тое, як мне балела самому, як балела маім сябрам у розныя гады, я ў першую чаргу хачу помніць, калі пішу. Чаму пішу? Пачаў з таго, што захацелася нешта напісаць для сына, пазней – для дачкі, але ж, зразумела, гэта нейкія асаблівыя штуршкі, падстава, але не прычына. Хто ведае, чаму аўтар піша тое, што піша?”

Дарэчы, многія з сучасных пісьменнікаў увогуле не прызнаюць ніякіх аўтарытэтаў у літаратуры. Сам, маўляў, сабе настаўнік, сам сабе класік. А як Валерый Гапееў? Ён прызнае аўтарытэтаў сярод замежных ці айчынных пісьменнікаў?  

“Чорны, Караткевіч, Іван Сяркоў – помніце, “Мы – хлопцы жывучыя”? Яшчэ быў такі пісьменнік Міхась Герчык. Два апошнія падказалі мне, як трэба пісаць для падлеткаў, два першыя – як наогул пісаць. Калі шчыра, то ні на каго не хочацца раўняцца, – прызнаецца творца. – Кожны, як чалавек, пражыў сваё жыццё ці пражывае яго, у мяне – жыццё сваё. Ці ёсць наогул сёння нейкі літаратурны ідэал пісьменніка ў Беларусі? На мой погляд, сярод жывых – няма”. Значнай фігурай, непахісным аўтарытэтам для пісьменніка з’яўляецца Васіль Быкаў. 

Калі размова зайшла пра пераезды – з Гомельшчыны ў Мінск, затым з Казахстана на Брэстчыну, Валерый Мікалаевіч спаслаўся на... лёс. “Звычайны побыт найчасцей кіруе нашымі жыццёвымі дарогамі, – тлумачыць сваю біяграфію-геаграфію Гапееў. – Вось у маім выпадку – адсутнасць жылля ў сталіцы. Ды яшчэ такі час быў – пачатак 90-х, інфляцыя, безграшоўе... У Івацэвічах я стаў пісаць намнога больш, чым у Мінску, быў пастаянным аўтарам у рубрыцы “Свет у акне” ў “Народнай газеце”. Напісаў некалькі артыкулаў і для раённай газеты. Стаў супрацоўнічаць пазаштатна, пазней быў прыняты на работу”.

Некаторыя масцітыя сталічныя пісьменнікі лічаць, што праца ў правінцыі, тым больш у раёнцы, не вельмi спрыяе магчымасцi пiсаць сур’ёзныя літаратурныя творы. Але прыклад Гапеева-журналіста і Гапеева-пісьменніка ўшчэнт абвяргае гэты пастулат. Як яму ўдаецца спалучаць працу ў газеце з творчасцю пiсьменнiка? І наогул, як жывецца літаратару ў правiнцыi?

“Жыццё ў правінцыі хоць крышачку, ды павольнейшае. Іду пешкі на работу, вяртаюся – пішу, – распавядае Валерый Мікалаевіч. – Ну, зразумела, у думках, зразумела, не кожны дзень... Як ва ўсіх, не стае часу на літаратурную дзейнасць, каб сесці і запісаць тое, што ў галаве, у накідах. Дапамагае, дарэчы, інтэрнэт – вяду свой дзённік у ЖЖ, туды зручна запісваць асобныя моманты, цікавыя думкі. А для пісання ёсць нядзеля (бо субота – на хатнія справы), ёсць адпачынак, частку якога імкнуся ўзяць зімой. Праца ў раёнцы дае думкі, матэрыял, бо праз нас праходзіць, лічы, цалкам жыццё раёна, падлеткаў у тым ліку. Раённая газета ў гушчыні падзей, спраў – і ў гэтых падзеях адлюстроўваецца жыццё кожнага. Так што дапамагае, а не перашкаджае раёнка ў маёй літаратурнай дзейнасці”.

У Савецкiм Саюзе быў велiзарны попыт на кнiгу, у тым лiку i дзiцячую. Людзi начамi стаялi ў чэргах “на падпiску” на збор твораў класікаў i знакамiтых пiсьменнiкаў, часопiсы выходзiлi вялiкiмi тыражамi, пiсьменнiкi былi не iнакш як “iнжынерамi чалавечых душ”. Цікаўлюся ў свайго суразмоўцы, чаму, на яго погляд, сёння людзi, у першую чаргу падлеткi i моладзь, амаль не чытаюць?

“Вельмі складанае пытанне, – тлумачыць ён. – Па-першае, давайце задумаемся, што была кніга ў тыя часы? Успомнім: адкуль мы яшчэ атрымлівалі інфармацыю? Толькі два каналы тэлебачання, афіцыйныя газеты. Тады кніга станавілася не проста адпачынкам – праз яе мы траплялі ў іншы свет. Сёння ў гэты свет можна трапіць праз розныя серыялы кожную гадзіну на працягу тыдня. Сёння бавіць час можна ў інтэрнэце, у гульнях. Чалавека проста заціскае зверху той аб’ём інфармацыі, які адкрываецца штодня. І кніга тут далёка не першы і хуткі спосаб яе атрымання. Другое. У апошнія дзесяцігоддзі цалкам сфарміраваўся тып чалавека-спажыўца. Сёння эканоміка працуе не на тое, каб выжыць, а каб спажыць, галоўным стала не стварыць, а прадаць. Чалавека прывучылі атрымліваць хутка, проста і, галоўнае, без вялікай работы розуму і душы. Таму і сталі запатрабаванымі ў першую чаргу тыя прадукты, якія дастаўляюць эмоцыі па сваім прамым прызначэнні, чалавек іх скарыстоўвае – і забывае. Гэта зручна, больш за тое, чалавек бароніць такім чынам сваё нутро ад душэўных перажыванняў. Паглядзеў серыял – забыў. Прачытаў нейкае чытво – забыў. Выключыў тэлевізар, закрыў кнігу – знікаюць тыя эмоцыі, а душа застаецца некранутай. Гэта фаст-фуд: быццам і паеў, і ў жываце нешта ёсць, але ж наедку ніякага. Ну, і трэцяе. У плане дзяржаўнай стратэгіі падтрымкі менавіта сур’ёзнага чытання, чытання сапраўднай літаратуры. Добра, што нешта зрушылася, дай бог, каб палітыка дзяржавы была скіравана менавіта на павышэнне статусу пісьменніка і пісьменства ўвогуле. У гэтым плане, у плане стаўлення дзяржавы да чытання, мне вельмі імпануе абласная прэмія імя Уладзiмiра Калесніка – тут падыход па-сапраўднаму прафесійны да вызначэння вартасці твораў, тут бачна сапраўднае шанаванне кіраўніцтвам вобласці духоўных набыткаў грамадства. Каб жа так паўсюль!”

Цікава, хто і што натхняе пісьменніка Гапеева на стварэнне мастацкіх твораў? Дзе ён чэрпае сюжэты для сваіх кніг?

“Натхненне адно – жаданне пісаць, пісаць на роднай мове, – кажа Валерый Мікалаевіч. –  Пакуль адмаўляюся ад таго, каб пісаць на рускай мове: маўляў, будзе рынак, будуць грошы. Я ведаў ад першага дня, што ў літаратуры грошай няма... Стала прыйшоў я ў літаратуру, калі мне было за 35. У гэтым узросце разумееш, чаму пішаш так, а не іначай. Я пішу, каб падлеткі чыталі на роднай мове. Дзе сюжэты бяруцца? Дык не ў сюжэтах жа справа... Справа ў тым, каб на пастаўленае табой пытанне знайшліся адказы. Думка. А думку можна рэалізаваць у многіх варыянтах. Так што сюжэт – адзін з варыянтаў...”

Цікаўлюся, як на творчасць Валерыя рэагуе сям’я, хто першы асабiсты чытач i “крытык”.

“Першым чытачом раней быў сын, потым – дачка. Жонка Святлана таксама ў ліку першых чытачоў. Іх заўвагі для мяне вельмі важныя, бо свае ж не схлусяць, ды і калі кажуць нешта адмоўнае, то разумеюць, што я тут вось сяду і папраўлю, – сцвярджае пісьменнік. – Дарэчы, гэта вельмі важна для літаратара – 

мець разуменне ў сям’і. Тым больш калі творы друкуюцца, кніга выходзіць, а грошай нешта не відаць. У мяне такое разуменне ёсць, і я шчаслівы гэтым”.

Вячаслаў БУРДЫКА, “НТ”.

 

 

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Верасень 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
29 30 31 1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 1 2

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках