up27 верасня вядомая берасцейская пісьменніца Надзея Парчук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка адзначыла свой юбілей 

У гэты прыгожы сонечны дзень пашчасціла віншаваць На-дзею Мікалаеўну і аўтару гэтых радкоў разам з калегамі Любоўю Красеўскай ды Міхасём Куляшом ад імя ўсёй літаратурнай суполкі вобласці.

І не проста віншаваць, а ўручыць вышэйшую ўзнагароду Саюза пісьменнікаў Беларусі – медаль “За вялікі ўклад у літаратуру”, а таксама Ганаровую грамату абласнога аддзялення СПБ “За значны ўклад у прапаганду творчасці пісьменнікаў Берасцейшчыны, выдатныя дасягненні ў літаратуры”. 

Надзея Мікалаеўна заслугоўвае такой пашаны. Яна не толькі выдатная паэтэса, запатрабаваная рэспубліканскімі літаратурнымі (і не толькі) выданнямі, а таксама абласнымі – іх літаратурнымі старонкамі-выпускамі. Яна прапагандуе на ўсіх узроўнях, дзе толькі можна, творчасць пісьменнікаў-землякоў, дапамагае пачынаючым адтачыць слова да таго ўзроўню, каб яно магло дайсці да сэрцаў як мага большай колькасці людзей праз літаратурную перыёдыку… І проста падтрымлівае сваіх калег па літцэху словам ды справай. 

Нарадзілася Надзея Парчук у вёсцы Ладараж, што на Піншчыне, у сялянскай сям’і. У дзяцінстве здарылася няшчасце – яна атрымала цяжкую траўму пазваночніка. З гэтай прычыны – прыкаванасць да інваліднай каляскі. Нават у школу пайшла на пяць год пазней за аднагодкаў. Ды яна аказалася мацнейшаю за шмат каго з тых, хто мог хадзіць, бегаць, танчыць… Хоць у школьныя гады з літаратурай яна вельмі сябравала, спрабавала сама пісаць, усё ж пасля паспяховага заканчэння школы паступіла ў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, які гэтак жа паспяхова скончыла і пасля 25 год працавала ў Ладаражскай ашчаднай касе.  Затым – пераезд да старэйшага брата Аркадзя ў Брэст. 

Друкавалася ў “Настаўніцкай газеце”, штотыднёвіках “Голас Радзімы” (для беларусаў замежжа) і “Літаратура і мастацтва”, газетах “Звязда”, “Беларуская ніва” (тут не аднойчы яе вершы адкрывалі першую старонку нумара ў рубрыцы “Беларускі рушнік”), часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Вожык”, “Алеся”, “Гаспадыня” і іншых, альманахах, шматлікіх перыядычных выданнях Брэстчыны. Выдала паэтычныя зборнікі: “Жыццёвыя плыні” (2003), “Ладараж” (2006), “Раскрыліўся бусел над хатай...” (2009), “Зарунее жыта зноў...” (2010), “Я сэрца людзям падару” (2012), “Берагі надзеі” (2014), зборнік вершаў, загадак, казак ды лічылак для дзяцей “Венерын чаравічак” (2015). Яна ж – укладальнік зборніка духоўнай паэзіі “Дазволь прычасціцца”. 

Віншуем з юбілеем! 

Анатоль КРЭЙДЗІЧ, 

старшыня абласнога 

аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Лістапада 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
31 1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 1 2 3 4

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках