yЛюдзі па-рознаму адносяцца да творчасці любога артыста. Не выключэнне і вядомы расійскі артыст эстрады, акцёр, заснавальнік “Шыфрын – Тэатра” Яфім Шыфрын.

Ды ў нядзелю, 25 верасня, у зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра сабраліся прыхільнікі таленту гэтага артыста, набыўшы квіткі ад 22-х да 25-ці рублёў. Таму ўжо сам выхад гумарыста на брэсцкую сцэну быў сустрэты працягла-шчырымі апладысментамі…

А ён, з усмешкай вітаючы гледачоў, адразу заўважыў: “Якая ў вас восень прыгожая! У нас – калатун. Вам пашанцавала з надвор’ем, а мне – з вамі”. Яфім Залманавіч, кажучы пра тое, што шмат год ездзіць у Беларусь, тут жа дадаў: “Адкуль родам усе мае продкі…” Ды не стаў удакладняць, у каго з родзічаў і дзе, як кажуць, пупавіна закапана. Але мне не склала цяжкасці, чытаючы біяграфію Шыфрына ў інтэрнэце, даведацца: бацька Залман Шыфрын – ура-джэнец мястэчка Дрыбін Чаускага ўезда Магілёўскай губерніі, маці Раіса Цыпіна – з мястэчка Ляды, што таксама на Магілёўшчыне.

Пажадаўшы нам розных даброт, Яфім Шыфрын плаўна перайшоў да сваіх маналогаў на адвечныя тэмы. Напрыклад…

– Вы так добра ўсе выглядаеце! Гэта тут паветра такое? – з дзіцячай непасрэднасцю звярнуўся да залы артыст. – Мне па дарозе сказалі, што ахова здароўя ў Брэсце на асаблівай вышыні…

І тут жа пайшоў маналог пра медыцыну, якая можа ўсё – былі б толькі грошы! Шквалам апладысментаў берасцейцы падтрымалі Яфіма Шыфрына ў яго рэпліцы пра сучасных безгалосых спявачак з нагамі ад вушэй: “Няхай спяваюць так, як і выглядаюць!” Вось дзе медыцыне варта папрацаваць, ужывіўшы даўганогім прыгажуням салаўіныя трэлі…

Час ад часу маналогі межаваліся з анекдотамі пра бландзінак (што і казаць, любяць іх нашы гумарысты!). А яшчэ – з песнямі. Вядома, Шыфрын – не Магамаеў, не Кабзон, ды, мяркуючы па рэакцыі залы, людзям падабалася, як ён спявае. Заўважу, без фанеры. На мой погляд, песні падбіраліся прадумана. “А в старом дворике”, дзе былі словы “Ты же Райкин нашего двора”, здавалася аўтабіяграфічнай. Як і “Музыка во мне”, словы з якой “Я не могу без этой сцены, я – артист!” вынесены ў загаловак. Ну, а песню пра вясну, “когда люди голову теряют”, Яфім Залманавіч спяваў разам з залай, дакладней – зала была на падпеўках у Шыфрына…

Увогуле, артыст з самага пачатку пастараўся наладзіць кантакт з гледачамі. Раз-пораз ён звяртаўся да кабеты ці мужчыны, што сядзелі ў першых радах, потым, спусціўшыся са сцэны, пайшоў між радоў, прапануючы брастаўчанам… “языком поворочать”. Маўляў, гавораць, што яму, артысту, лёгка працуецца – адно гавары. “А легко ли языком ворочать?” – задаўшы гэткае пытанне, Яфім Шыфрын тут жа прапанаваў то аднаму гледачу, то другому паўтарыць услед: “Беспробивняк. Карл у Клары украл кораллы”… З гэтага атрымаўся толькі смех, таму Яфім Шыфрын майстарскі даў сваёй публіцы невялічкі ўрок па тэхніцы мовы ў выглядзе песні “Жила королева и Кларой звалась”…

Слухаючы маналогі Яфіма Шыфрына, назіраючы за гледачамі ў зале, якія дружна рэагавалі на іх, а ў асобных выпадках былі ўцягнуты ў вызначэнне жыццёвых прыярытэтаў, міжволі падумалася: праз гумар і смех таксама можна ўздзейнічаць на душы ды сэрцы людскія і нават, магчыма, у нечым лягчэй дастукацца да іх, прымушаючы задумацца над тым, як жывём. 

Напрыклад, маналог пра нашы звычаі, якія часам даходзяць да абсурду: памёр дзядзька Коля – з гора выпілі, прывязлі дамавіну для нябожчыка – таксама выпілі, бо дамавіна – гэта абноўка, а яе трэба абмыць. Што і казаць, не-не ды й здараецца, іншым разам памінкі заканчваюцца ледзь не песнямі. Бо п’янства, якое нярэдка прыкрываецца быццам бы народнымі традыцыямі, сапраўды, пакуль што біч грамадства. 

А чаго варты ў выкананні Шыфрына маналог мужчыны-лавеласа, які на старасці гадоў не можа нават узгадаць усіх жанчын, што былі ў яго – ды застаўся ў адзіноце?! Гэтымі смешнымі ўзгадкамі пра былую мужчынскую зухаватасць артыст паціху, ды ўпэўнена падвёў нас да відавочных ісцін: не абавязкова колькасць пераходзіць у якасць; як важна знайсці тую адзіную, якая заменіць усіх! Ну, скажыце, хіба не павучальны сказ для мужчын, якія мяняюць спадарожніц жыцця нібы пальчаткі?..

А закончыў Яфім Шыфрын свой юбілейны канцэрт (сёлета 25 сакавіка артысту споўнілася 60) песняй пра сустрэчу, якая мае пачатак і мае фінал. І хоць “день прожитый нам повторить не удастся”, ды ў артыста застануцца зычлівыя ўсмешкі гледачоў і святло вачэй, якія ўсё разумеюць. А гледачам – прыемныя ўражанні ад сустрэчы з любімым артыстам, здаровы смех, які нароўні са станоўчымі эмоцыямі падаўжае жыццё, і… роздум над якасцю свайго быцця на зямлі, да якога падштурхоўваюць нас шыфрынскія маналогі.

Галіна МІХАЛЕВІЧ, “НТ”. 

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Лістапада 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
31 1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 1 2 3 4

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках