dНапрыканцы мінулага тыдня ў Брэсце прайшла ўрачыстасць з нагоды 30-годдзя ўтварэння абласной філармоніі

Вядучыя юбілейнага канцэрта Таццяна Кавалёва і Уладзімір Яшчук правялі для нас своеасаблівую экскурсію ў гісторыю ўстановы, у сценах якой заўжды лунала творчасць. Вось толькі некаторыя найярчэйшыя моманты станаўлення філармоніі.1986 год. Загадам Міністэрства культуры БССР напачатку жніўня заснавана Брэсцкая абласная філармонія. Яе першым дырэктарам і мастацкім кіраўніком прызначаны Аляксандр Мартыненка, які лічыць, што яму ў жыцці надта пашанцавала, бо падабраўся вельмі дружны калектыў улюбёных у сваю справу прафесіяналаў. І не так ужо важна, што спачатку, пакуль рамантаваўся невялікі двухпавярховы будынак па Савецкай, 102, філармонія з яе сціплым штатам у 23,5 адзінкі тулілася ў некалькіх пакойчыках па Пушкінскай.

Так, было цесна – ды толькі не для натхнення. Любую справу ўзвышаюць людзі. Са сцэны прагучалі імёны тых, хто стаяў ля вытокаў утварэння філармоніі: рэдактар Вольга Грачышнікава, намеснік дырэктара па арганізацыі гастрольнай работы Зоя Шусцікава, першы пазаштатны арганізатар канцэртаў Уладзімір Галадко, галоўны адміністратар Наталля Фёдарава. А 5 верасня першай салісткай-вакалісткай стала Святлана Буйноўская (меца-сапрана). Крышку пазней з Мінска прыехала Марыя Кароль (сапрана)…

d1

Літаральна з кастрычніка канцэртна-лекцыйная брыгада з імпэтам прыступіла да работы. І нічога, што яшчэ не было вядучых ды лектараў…20 лістапада быў створаны ВІА “Лексіс” (кіраўнік Анатоль Багданаў), які праіснаваў да 1990 года. За гэты час было дадзена больш за 800 канцэртаў не толькі ў Беларусі – Расіі, Украіне, Казахстане, Кіргізіі.8 снежня ў сценах філармоніі нарадзіўся эстрадны калектыў “Рандэву” пад кіраўніцтвам саліста-вакаліста Юрыя Мальцава. “Рандэву” гастраляваў ад Брэста да Уладзівастока і плённа працаваў да канца 1995 года.

У наступным годзе, 1987-ым, філармонія пераехала ў адрамантаваны будынак па Савецкай, 102, дзе на першым паверсе знаходзіўся рэпетыцыйны пакой з адзіным музычным інструментам – новенькім клавесінам. Гэты ж год адметны з’яўленнем у калектыве надзвычай адораных, па-сапраўднаму таленавітых людзей. Тут у якасці кампазітара працаваў Эдуард Ханок. Рэдактарам прыйшла энергічная Марына Жыцянёва, цяпер вядомая за межамі Брэста спявачка. А як аздобіў калектыў выпускнік аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі (вакальная школа прафесара Тыца) барытон Мікалай Пратасаў! Ці творчая сям’я Ліпскіх з Масквы. У гэты ж час артыстскай вакальна-інструментальнага ансамбля ўладкавалася Алена Юрашава (цяпер заслужаная артыстка Украіны), канцэртмайстрам – Алена Брылькова (Гічко)… 1988 год. Майскім днём у філармонію прыйшла каларытная творчая асоба – выпускнік ГИТИСА імя А.В. Луначарскага Уладзімір Яшчук, які стаў рэжысёрам-пастаноўшчыкам. А многія з нас ведаюць яго як вакаліста з неймаверна прыгожым голасам, выканаўцу рамансаў, арый з опер і аперэт. Праз тры месяцы ён ужо правёў першы канцэрт-лекцыю з красамоўнай назвай “У свеце магіі гукаў”.

Дазволю невялічкае адступленне. Мне здаецца, чароўнай магіяй гукаў – і слоў, і музыкі – прасякнуты ўвесь будынак абласной філармоніі. Ды й ці можа быць інакш, калі ў сценах гэтай установы на пастаяннае месца жыхарства пасялілася мастацтва. І яго ў выглядзе музыкі, вершаў ды песень нам з году ў год шчодра дорыць калектыў служыцеляў муз...

d2

Ды вернемся ў 1988-ы. У кастрычніку менавіта ў Брэсце быў створаны першы ў Беларусі дзіцячы музычны тэатр “Трям!”. Прэм’ера першага спектакля (а гэта быў мюзікл Вячаслава Уланоўскага “Ну, воўк, малайчына!”) адбылася ў абласным ЦМТ. Амаль за 8 год дзейнасці тэатр стварыў мноства спектакляў і тэатральных праграм, у першую чаргу – для дзяцей…

1989 год памятны з’яўленнем у калектыве Святланы Шахалевіч, якая дагэтуль кіруе арганізацыяй канцэртаў, і прыходам пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі кампазітара Уладзіміра Бабкова. Дарэчы, зараз былы лектар-музыказнаўца даволі прыкметная фігура ў культуры краін СНД. Уладзімір Бабкоў – член праўлення Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь, член Саюза журналістаў Расіі, эксперт-кансультант па сацыяльна-культурным праектаванні гарадоў, галоўны рэдактар часопіса “Арт-менеджер” (Масква). Ды праз шмат гадоў Уладзімір вярнуўся на радзіму і цяпер працуе загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі Брэсцкага лялечнага тэатра. Не дзіўна, што на юбілейным канцэрце Бабкоў з агеньчыкам выканаў гарэзлівую дзіцячую песеньку “Тарарам”. І яму падпявала зала…

Але гісторыя не стаіць на месцы. 4 студзеня 1991 года – дзень нараджэння камернага аркестра, які і па сённяшні дзень лічыцца галоўным творчым калектывам філармоніі, візітоўкай горада над Бугам. Ён гастралюе па ўсёй Беларусі, таксама выступаў ва Украіне, Польшчы, Расіі, Італіі, Германіі, Францыі, Люксембургу. Звернем увагу: салістамі аркестра ў свой час былі заслужаны артыст Украіны Фёдар Богдан, заслужаны артыст Расіі, народны артыст Бураціі Барыс Пяцюк. Вось ужо больш чым два дзесяцігоддзі, падкрэслілі вядучыя – як верай і праўдай служаць музыцы Валянціна Гарноўская, Аляксандр Зіноўеў, Аляксандр Завада, Алена Гаўрылюк, Ірына Паўлючук, Святлана Сізава, Вольга Пышняк…

9 верасня быў створаны ансабль народных інструментаў “Брастаўчане” пад кіраўніцтвам Аляксандра Гарноўскага, выступленні якога карысталіся ня-зменным поспехам у гледачоў. 

І гэты ж, 1991-ы, запомніцца як калектыву філармоніі, так і яго прыхільнікам вялікім наваселлем – пераездам у больш прасторны будынак, дзе з 1940 года размяшчаўся абласны Дом афіцэраў. З настальгіяй узгадала заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, старшыня ГА “Брэсцкае абласное музычнае таварыства” Лілія Батырава, тут яна некалі  пазнаёмілася з прыгожым афіцэрам, які стаў яе мужам. А што тычыцца размяшчэння філармоніі ў былым Доме афіцэраў, дык Лілія Рыгораўна вельмі шкадавала, што побач не дабудавалі канцэртную залу – маўляў, яе так не хапае гораду…

Ад вядучых мы пачулі пра ансамбль старадаўняй музыкі “Контрданс”, камерна-інструментальныя ансамблі “Эвергрын” і “Музарт”, якія ў свой час таксама былі прыкметнай з’явай. А вось вакальны ансамбль “Крэсіва” і да нашых дзён (падкрэслю – ужо больш за чвэрць стагоддзя) радуе сваёй самабытнай творчасцю, у якой – душа Палесся. У яго складзе – 

Алена Чумакова, Валерый Пятроў, Аляксандр Цярноўскі і Анатоль Казак, кожны з іх – яркая зорачка. А хто з творчай эліты Брэстчыны не чуў пра маладыя калектывы філармоніі – такія, як струнны квартэт “Кон Аніма”, дуэт акардэаністаў “Акцэнт” і ансамбль салістаў “Славія”? Шмат прыхільнікаў мае інструментальны ансамбль “Рапсодыя”, рэпертуар якога складаецца з твораў розных стыляў і жанраў, у тым ліку беларускага фальклору...

На шчасце, зорак рознай велічыні на творчым небасхіле філармоніі нямала. І менавіта ўсім ім, “ад музыкантаў да байцоў нябачнага фронту”, прызналася ў любові прыгожая жанчына, здольны арганізатар і, што немалаважна, надзвычай творчая асоба Таццяна Калтынаева, якая ў 2014 годзе ўзначаліла ўстанову. Цёплыя словы ўдзячнасці гучалі ў адрас тых, хто працаваў для развіцця ўстановы і прыйшоў падзяліць радасць свята. Сярод гледачоў у зале знаходзіліся Аляксандр Мартыненка, Валянціна Мартыненка, Аляксандр Гарноўскі, Святлана Старасвецкая, Галіна Ліхута, Джэма Гуцяк, Валянціна Мальцава, Алена Гічко, Таццяна Куляшова, Алена Якаўлева, Наталля Харкова, Генадзь Санько…

Дарэчы, былы вадзіцель аўтобуса філармоніі, вышэйзгаданы Генадзь Санько ў мінулы чацвер выканаў вядомы раманс “Сердце, тебе не хочется покоя”. А ўвогуле гэты чалавек па праву лічыцца адным з лепшых выканаўцаў цірольскіх мелодый, ён – лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады. Гэтая гісторыя – цудоўны прыклад таго, як у чалавеку сціплай прафесіі былі разгледжаны здольнасці, якія затым напоўніцу раскрыліся яркім талентам…

d3

Таксама нечакана было пачуць, што філармонія стала першым працоўным месцам для намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама – начальніка ўпраўлення культуры Сяргея Панасюка, які прыйшоў сюды ў якасці барабаншчыка. Ён агучыў віншаванне старшыні абл-выканкама Анатоля Ліса, у якім гаварылася аб высокім прафесіяналізме калектыву і яго пастаянным творчым пошуку. Грамата абласнога Савета дэпутатаў была ўручана Анатолю Казаку з “Крэсіва”, ліст падзякі – Андрэю Кірыловічу, кіраўніку інструментальнага ансамбля “Рапсодыя”.

Было шмат іншых узнагарод: ад галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, ад Брэсцкага гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў, ад Брэсцкага аб’яднання прафсаюзаў і абкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Галіна Крынец, старшыня галіновага абкама, адзначыўшы фармат мерапрыемства – “сядзім, як у цудоўнай, дружнай сям’і” – пажадала, каб спраўджваліся ўсе мары, нават самыя смелыя. 

Канцэрт, з асаблівай дбайнасцю падрыхтаваны творчымі сіламі філармоніі, лішні раз засведчыў: малады (усяго 30!), ініцыятыўны калектыў – на піку росквіту. І верыцца, наперадзе ў яго – яшчэ шмат цікавых старонак, якія мы, гледачы і слухачы, будзем з задавальненнем прачытваць разам з артыстамі творчага дома па вуліцы Арджанікідзэ, 14.

Галіна МІХАЛЕВІЧ, “НТ”.

Фота аўтара.   

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках