vulЦікавымі мерапрыемствамі і праектамі радуе жыхароў Ганцаўшчыны раённая бібліятэчная сістэма

Крэатыўныя супрацоўнікі бібліятэк у невялікім палескім гарадку заўсёды творча падыходзяць да сваёй працы і ўжо неаднаразова станавіліся прызёрамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.

У Ганцавіцкай раённай дзіцячай бібліятэцы, напрыклад, можна пабачыць дыплом аб прысуджэнні калектыву ў 2003 годзе спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне бібліятэчнай справы. 

Дырэктар Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ала Хваль распавяла:

– Штотыдзень у нас шмат мерапрыемстваў. Напрыклад, 7 кастрычніка  ў мясцовым Доме культуры пройдзе выстава творчых работ супрацоўнікаў музеяў, бібліятэк, клубных устаноў раёна. Яна праводзіцца напярэдадні Дня работнікаў культуры. Таксама на гэтым тыдні ладзілі мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю Ніла Гілевіча. Цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф. Праскурава правяла літаратурна-музычную гадзіну, падчас якой  можна было даведацца аб жыцці і творчасці пісьменніка – быў арганізаваны паказ дакументальных фільмаў, дзеці чыталі вершы Ніла Гілевіча. 

Бібліятэкары з задавальненнем вядуць культурныя доўгатэрміновыя праекты. Вось ужо некалькі год запар карыстаецца папулярнасцю ў людзей бібліятэчны брэнд “Бабка Мар’я запрашае”. “Мы яго прыдумалі, калі адзначалі юбілей Якуба Коласа ў вёсцы Люсіна, дзе працаваў паэт. Вядома, што прататыпамі герояў трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” былі жыхары згаданай і навакольных вёсак. Ад гэтага мы і адштурхнуліся ў рэалізацыі сваёй ідэі. Вырашылі ўвасобіць у жыццё гаспадарчы куток гераіні твора бабкі Мар’і – мудрай ды добрай знахаркі, якая цудоўна разбіралася ў травах. Агульнымі “бібліятэчнымі” сіламі змайстравалі падворак, нават сяннік для маладых зрабілі – каб пасядзелі і хуценька ажаніліся. Накрылі багаты стол – дранікі, печаная бульба, скваркі. Тут жа – талерачкі з рознымі карыснымі напоямі, травамі. За сталом – апранутая ў нацыянальнае адзенне работніца бібліятэкі, так званая бабка Мар’я”, – расказвае супрацоўніца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Маляўка. 

Дарэчы, падвор’е бабкі Мар’і цяпер карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў раёна. Імправізаваны гаспадарчы куток запрашаюць амаль на ўсе раённыя мерапрыемствы. 

Яшчэ адзін цікавы праект, які праводзіцца супрацоўнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу, – “Слухайце ўсе, у эфіры бібліятэка”. У ім задзейнічаны сельскія работнікі бібліятэчнай сеткі, метадысты. Яны выступаюць па радыё з актуальнымі тэмамі да юбілеяў пісьменнікаў. Таксама аддзел маркетынгу раённай бібліятэчнай сістэмы рэалізуе праекты “Шлях да поспеху”, “Школа пачынаючага бібліятэкара”, якія павышаюць прафесійны ўзровень супрацоўнікаў гэтай сферы.

Асабліва ўдзячныя бібліятэкарам за арганізаваныя праекты дзеці. Для іх праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Сёлета Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф. Праскурава сумесна з вясковымі бібліятэкамі раёна рэалізуе маладзёжны праект “З кнігай у будучыню”. Яго праграма атрымалася насычанай і разнапланавай. У рамках праекта – выязныя мерапрыемствы “Літаратурныя сцяжынкі Ганцаўшчыны”. Яны ўключаюць у сябе аўтапрагулкі па розных маршрутах: Ганцавічы – Агарэвічы – 

Круговічы – Дзяніскавічы – Будча – Чудзін – памятны знак Аляксандру Сержпутоўскаму; Ганцавічы – Хатынічы; Ганцавічы – Агарэвічы – Кукава – Востраў (з наведваннем гісторыка-краязнаўчага цэнтра “Мы – з БССР” і музея Міхася Рудкоўскага). Дзеці не проста знаёмяцца з розным і куткамі Ганцаўшчыны, але і сустракаюцца з мясцовымі літаратарамі – Нінай Кавальчук, Нінай Таўтын, Уладзімірам Бабуліным і іншымі. 

У рамках праекта “З кнігай у будучыню” запланаваны яшчэ адзін комплекс мерапрыемстваў пад назвай “Бібліятэка пад адкрытым небам”. Ён уключае стварэнне і распаўсюджванне буклетаў у серыі “Моладзі XXI стагоддзя”,  правядзенне літаратурна-краязнаўчай віктарыны “Ведай свой край”. Таксама прадугле-джана анкетаванне па пытанні “Якую літаратуру чытае моладзь?”, у якім удзельнічаюць наведвальнікі бібліятэк раёна ва ўзросце ад 14 да 31 года. А яшчэ юным чытачам прапаноўваюць пісаць водгукі “Я прачытаў, прачытай і ты” – парады равеснікам аб прачытанай кнізе. 

Кожнае арганізаванае мерапрыемства для бібліятэкараў – гэта маленькае свята і магчымасць атрымаць асалоду ад рэалізацыі сваіх ідэй. Добра, што нагода ствараць і эксперыментаваць заўсёды знаходзіцца. Напрыклад, у кастрычніку Ганцавіцкая раённая дзіцячая бібліятэка святкуе сваё 65-годдзе. Супрацоўнікі падышлі да  падрыхтоўкі юбілею, зразумела ж, творча. Яны “спяклі” велізарны – з метр вышынёй! – кніжны торт, кожны са слаёў якога мае пэўнае тэматычнае начынне. Бібліятэкары спадзяюцца, што маленькія наведвальнікі змогуць выбраць смачны кавалачак кніжнага торта на свой густ.

– Вялікі плюс нашай работы – гэта творчасць, сустрэча з людзьмі. Шчыра кажучы, у нашым калектыве бытуе выраз: “Якія мы шчаслівыя!” Мы займаемся той справай, якую любім. Усёй душой укладаемся ў мерапрыемствы, якія праводзім, паважаем нашых чытачоў. Бібліятэка даўно не тое месца, дзе можна проста ўзяць кнігу – зараз гэта пляцоўка для зносін чытача і аўтара, месца для правядзення выстаў...  І хоць, як на любой працы, бываюць цяжкія моманты, стамляешся, усё ж з новымі запланаванымі мерапрыемствамі “ажываеш” зноў. Наш асабісты вулкан творчасці не дае нам спакою, – падзялілася разважаннямі аб прафесіі Ала Хваль. 

Прысвяціць сваё жыццё культуры, бесперапынным зносінам з людзьмі, бязмежнай творчасці – гэта і цудоўна, і няпроста. Дык пажадаем работнікам культуры, каб кожны іх дзень быў напоўнены ўдзячнасцю тых, для каго яны стараюцца і каму аддаюць часцінку сваёй душы, сваёй фантазіі!..

Юлія АЛЯШЧЭНЯ, “НТ”,

г. Ганцавічы.

Фота аўтара.

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках