chДзе толькі не служыў ваенным контрразведчыкам Аляксей Захаравіч Крывашэін: у Львове і Ленінградзе, на Кольскім паўвостраве і ў Сібіры, у Забайкаллі і Манголіі, Германіі і Малдавіі, удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі

. А яшчэ пісаў кнігі, якія сталі бестселерамі адразу ж пасля іх выхаду ў свет, таму што былі не плёнам фантазіі аўтара, а дакументальным адлюстраваннем таго, што бачыў уласнымі вачыма.

Толькі што выйшла ў свет яго новая кніга. Называецца яна “Ліквідацыя. З чарнобыльскага дзённіка контрразведчыка”. На беларускай мове. Усе папярэднія выданні Аляксея Захаравіча публікаваліся па-руску. Гэта і стала падставай для размовы журналіста “НТ” з Аляксеем Крывашэіным – даўнім сябрам і пастаянным аўтарам “Народнай трыбуны”.

– Дык чаму Вы загаварылі па-беларуску, Аляксей Захаравіч?

– Сам здзіўляюся (смяецца). Усё ж такі па нацыянальнасці я рускі, у Расіі нарадзіўся, там правёў большую частку свайго жыцця. Праўда, Беларусь стала для мяне другой радзімай. Тут я служыў: начальнікам асобага аддзела Брэсцкага гарнізона, на аналагічнай пасадзе ў Чарнобылі пры ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, пасля выхаду на пенсію жыву ў Брэсце. Ды і кнігі мае выходзяць у беларускіх выдавецтвах, і распавядаюць яны пра падзеі, якія адбываліся ў Беларусі і сведкам якіх я быў. 

Дык вось, аднойчы звярнуўся да мяне галоўны рэдактар выдавецтва “Папірус” Міхась Башура і прапанаваў выпусціць кнігу пра мой удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС на... беларускай мове. А ў мяне якраз быў ужо амаль гатовы рускамоўны варыянт “Ліквідацыі”. Ён паабяцаў, што ўсе выдаткі па выпуску кнігі, яе распаўсюджванні, а таксама пераклад рускамоўнага варыянта выдавецтва возьме на сябе. І размова ішла пра тыраж 1 тысяча (!) экзэмпляраў. Неверагодная лічба для берасцейскага пісьменніка! Для параўнання: першая мая кніга пра аварыю на ЧАЭС “Сразу после Чернобыля” выйшла ў 2004 годзе тыражом... 55 экзэмпляраў, і выдаваў я яе на ўласныя грошы. Вядома ж, я згадзіўся.

– І пра што новая кніга?

– Думаю, не цяжка здагадацца па самой яе назве. Вядома ж, пра ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Непасрэдна ў Чарнобылі я знаходзіўся на працягу амаль двух тэрмінаў, прыехаў адразу пасля выбуху. Загад аб маёй камандзіроўцы ў Чарнобыль паступіў з асобага аддзела Адэскай ваеннай акругі (я тады працаваў у Малдавіі ў горадзе Цераспаль начальнікам асобага аддзела 14-й агульнавайсковай арміі). Мне ўжо было амаль 50 гадоў і, у прынцыпе, па ўзросце мяне не мелі права пасылаць у такую небяспечную зону. Ды і ніхто дакладна не ведаў, чым пагражала Чарнобыльская катастрофа здароўю і жыццю людзей. А я чалавек ваенны: атрымаў загад – трэба выконваць. 

Мяне назначылі начальнікам асобага аддзела войск 912-й аператыўнай групы Грамадзянскай абароны СССР. Вокны майго службовага кабінета ў Прыпяці выходзілі на саму атамную станцыю. Уяўляеце, які ўзровень радыяцыі там быў! А ніякіх сродкаў аховы мы і ў вочы не бачылі. Нават звычайных так званых “пялёсткаў” для аховы органаў дыхання не выдавалі. Санітарная апрацоўка самая прымітыўная – толькі звычайнае мыццё ў лазні. Працоўны дзень працягваўся з 8 гадзін раніцы да 22 – 23 гадзін вечара, без выхадных. Пад маім кіраўніцтвам знаходзіліся асобыя аддзелы 1-га, 2-га і 3-га сектараў (адпаведна – украінскага, беларускага і расійскага), а таксама два асобыя аддзелы брыгад хімічнай абароны. Генеральская пасада, а я толькі палкоўнік. Але ні званняў там ніякіх не прысвойвалі, ні ўзнагарод не давалі. Прымаў я ўдзел у рабоце ўрадавай камісіі, ні адзін дакумент, які там абмяркоўваўся, не абмінаў мяне, бо менавіта я адказваў за сакрэтнасць. Дарэчы, усе дакументы таго часу па чарнобыльскай тэме выходзілі з грыфамі “Сакрэтна” і “Зусім сакрэтна”. На працягу ўсяго знаходжання ў Чарнобылі вёў дзённік, кожны дзень запісваў, што там адбывалася, некаторыя свае думкі. Карацей кажучы, гэты дзённік – своеасаблівая справаздача аб выніках маёй работы на Чарнобыльскай АЭС.   Ён жа паслужыў асновай кнігі “Ліквідацыя”. 

– Усю кнігу, вядома ж, не перакажаш – яе трэба прачытаць... Але хоць нейкія асабліва яркія эпізоды, якія найбольш запомніліся, трапілі ў Ваш дзённік, а  потым увайшлі ў “Ліквідацыю”, можаце прывесці для нашых чытачоў?

– Сапраўды, кнігу лепш чытаць, чым пераказваць. Яна, між іншым, паступіла ўжо ў продаж у кнігарні. А што найбольш запомнілася? Мы займаліся пошукам і выяўленнем агентуры праціўніка. Прынамсі, толькі ў 1986 годзе атамную станцыю наведалі каля 400 замежных дэлегацый, у іх ліку былі і шпіёны. Другая наша задача заключалася ў недапушчэнні ўцечкі сакрэтнай інфармацыі аб работах, якія праводзіліся. А сакрэтным з’яўлялася літаральна ўсё: колькі ў зоне ліквідацыі аварыі знаходзілася злучэнняў, транспарту, чым праводзілася дэзактывацыя... Важнейшай задачай з’яўляўся таксама клопат аб захаванні здароўя ліквідатараў.

Парушэнняў было шмат. Часам накіроўвалі лішніх людзей для дэзактывацыі аб’ектаў, якія там і не павінны быць, але ж атрымлівалі дадатковую дозу апраменьвання. У нашы абавязкі ўваходзіў кантроль за забеспячэннем прыладамі працы, мы сачылі за тым, чым ажыццяўляюць дэзактывацыю, наколькі дасканала праводзіцца апрацоўка абмундзіравання, транспартных сродкаў. І знаходзілі, што часта ўзроўні радыяцыі былі вышэйшымі. Мы сачылі таксама за ўзроўнем радыяцыі прадуктаў, вады. Выявілі, што з некалькіх свідравін паступала радыеактыўная вада, якой апрацоўвалі абмундзіраванне. А яшчэ мелі месца падштурхоўванні не выходзіць на работу ў небяспечныя зоны, не падпарадкоўвацца камандзірам, не згаджацца з працягненнем тэрміну знаходжання ў Чарнобыльскай зоне. Дарэчы, 85 працэнтаў асабовага складу былі так званыя “партызаны” – ваеннаслужачыя ў запасе: іх прызвалі на трохмесячныя зборы. Некаторых падманулі, не паведамілі, куды менавіта накіроўваюць. Напрыклад, ваеннаслужачым з Таджыкістана сказалі, што яны едуць... на ліквідацыю землятрусу ў Малдавіі. І ўвогуле, стварылася нездаровая абстаноўка, калі праз тры месяцы пасля прызыву салдат не адпусцілі дадому. Дайшло ледзь не да бунту. Я накіраваў дакументы ў Маскву, і па гэтым пытанні адбылося нават пасяджэнне Палітбюро ЦК КПСС. Нарматыўных дакументаў затрымліваць людзей не было. Тады выдалі пастанову Савета Міністраў СССР аб працягненні тэрміну знаходжання ў Чарнобыльскай зоне. Яго падпісаў Мікалай Рыжкоў. Былі вызначаны дапушчальныя дозы радыяцыі: для салдат – 15 рэнтген, для афіцэраў – 25. Вядома ж, узнікла пытанне: няўжо арганізм рэагуе на радыяцыю ў залежнасці ад звання? Тым не менш, ні аднаго выпадку адмовы ад камандзіроўкі сярод афіцэраў не было. А вось запісваць рэальныя дозы апраменьвання не заўсёды ўдавалася. Напрыклад, калі працавалі на даху трэцяга энергаблока, які сутыкаўся з аварыйным чацвёртым. Радыеактыўныя ТВЭЛы там засыпалі дах. Узроўні радыяцыі ад 2 да 10000 рэнтген у гадзіну. Чысцілі дах у некалькі этапаў. Максімальна дапушчальны час знаходжання у гэтай зоне – ад 5 да 10 хвілін. А плошча даху велізарная, ды яшчэ на вышыні 20-павярховага будынка. Як можна паспець за такі кароткі тэрмін? Трэба ж прывесці людзей, раздаць інструменты, узняцца на дах, выцягнуць тую радыеактыўную заразу, зачарпнуць рыдлёўкай, потым бегчы ў вызначанае месца і скінуць у спецыяльную скрыню. Вядома ж, часу затрачвалі значна больш за норму. У выніку тых, хто прымаў удзел у работах на даху, ужо нікога няма ў жывых.

Ніхто, між іншым, не ведаў, якія дозы ён атрымлівае. Я насіў два дазіметры – адзін штодзённы, другі назапашвальны. Такія выдаюць на атамных падводных лодках. Аднак калі я пайшоў у лабараторыю здаваць свой назапашвальны дазіметр, ён паказаў... “нуль”. Такія ж паказанні былі і ў іншых людзей. Атрымліваецца, нам выдалі няспраўныя прыборы. 

А яшчэ запомніўся так званы “рыжы лес”. З верталёта ён здаваўся нейкай дзіўнай паласой. Яго трэба было спілаваць і пахаваць – а гэта некалькі тысяч дрэў на плошчы 90 гектараў. Паехалі мы туды з генералам Докам, кіраўніком аператыўнай групы, у яго ўжо быў японскі дазіметр. Толькі падышлі да лесу, як у “японца” ўспыхнула чырвоная лямпачка і загучаў трывожны гукавы сігнал – такі высокі там быў узровень радыяцыі. А там жа людзі працавалі. Іх таксама ў жывых ужо няма. Якраз у той час быў сухі закон, таму нават ніякага чырвонага віна, якое даюць на падводных лодках і якое хоць крышачку нейтралізуе радыяцыю, нам не давалі. Дарэчы, гэты насычаны радыяцыяй лес адзін генерал-інтэндант спрабаваў збыць аж у Сярэднюю Азію. Аферу гэту мы раскрылі, вагон вярнулі назад і пахавалі. 

І такіх выпадкаў розных парушэнняў, злачынстваў мы выяўлялі нямала. Асабліва вызначаліся ў гэтай справе прадстаўнікі інтэнданцкай службы, так званыя тылавікі. Кралі ўсё, што дрэнна ляжала. Машыны, дываны, золата, іншыя дарагія рэчы. І з пакінутых кватэр, і з магазінаў, і з гандлёвых баз... Толькі за перыяд майго знаходжання ў зоне Чарнобыльскай АЭС мы праводзілі праверку 30 сігналаў з прыкметамі шпіянажу, 9 – аб мяркуемым раскрыцці дзяржаўных і ваенных сакрэтаў, 24 – аб распаўсюджванні панічных чутак, 10 – аб крадзяжах дзяржаўнай маёмасці, а ўсяго намі было атрымана 149 сігналаў.

Ніколі не забуду гэты перыяд сваёй службы ў контрразведцы. Бадай, ён быў самы складаны. Ды і здароўе не дае забыць. Адразу пасля вяртання з зоны Чарнобыльскай АЭС маё здароўе пачало рэзка пагаршацца. Праўда, медыкі чамусьці не звязваюць мае хранічныя хваробы з наступствамі аварыі на ЧАЭС... Але ж гэтых хвароб у мяне не было, пакуль я туды не паехаў.

– І ўсё ж не толькі Чарнобыльская атамная станцыя стала адметнай вяхой у Вашай службовай біяграфіі. Наколькі я ведаю, Вам нават даводзілася ўдзельнічаць у расследаванні справы аб спробе замаху на жыццё генсека ЦК КПСС Леаніда Брэжнева. Пакуль што ні ў адной Вашай кнізе пра гэты выпадак не расказваецца. Не паспелі? Ці яшчэ нейкі грыф сакрэтнасці не дазваляе?

– Сапраўды, мне не проста давялося ўдзельнічаць у расследаванні гэтай справы. Я тады служыў у Ленінградзе старшым аперупаўнаважаным асобага аддзела ваеннай акругі на вядомым Ліцейным, 4. У гэтым будынку ў той час былі сканцэнтраваны ўсе сілавыя структуры. І вось у адной з воінскіх часцей (тапаграфічным атрадзе) надзвычайнае здарэнне: уцёк ваеннаслужачы малодшы лейтэнант Віктар Ільін. Менавіта ён потым страляў у Леаніда Брэжнева каля Баравіцкіх варот Крамля.

Канец 1960-х у СССР – час росквіту дысідэнцкага руху. Ленінград быў адным з цэнтраў фарміравання ў інтэлігенцкім асяроддзі апазіцыі савецкаму рэжыму. Вядома ж, Ільін ніколі не быў дысідэнтам, у тым сэнсе, што ён не ўдзельнічаў ні ў якіх мерапрыемствах і публічных выступленнях апазіцыянераў. Аднак многія іх ідэі раздзяляў і быў перакананы: калі забіць генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева, дык да ўлады прыйдзе іншы чалавек, больш прагрэсіўны, і стане праводзіць палітычныя і эканамічныя рэформы ў краіне. 

Даведаўшыся аб тым, што 22 студзеня 1969 года Брэжнеў паедзе ў аэрапорт “Унукава” сустракаць групу касманаўтаў, пасля чаго ўжо разам з імі будзе вяртацца ў Крэмль, Ільін склаў дакладны план дзеянняў, які, на дзіва, спрацаваў амаль да самага апошняга моманту. Зброю ён здабыў у сваёй часці, паехаў у Маскву, там у дзядзькі, які служыў сяржантам міліцыі, узяў міліцэйскі шынель і ў такой вопратцы здолеў прайсці на Красную плошчу скрозь ачапленне.

Усяго Ільін зрабіў 16 выстралаў, пакуль яго не збіў з ног матацыкліст эскорту. Адной куляй  смяротна паранены вадзіцель Жаркоў, яшчэ адна лёгка параніла касманаўта Берагавога. Касманаўты Мікалаеў, Лявонаў і Церашкова, якія знаходзіліся ў той жа машыне, не пацярпелі. Ільін страляў не па той машыне, дзе знаходзіўся Брэжнеў, бо ў апошні момант ахова памяняла машыны ў картэжы месцамі. Мерапрыемства ў прамым эфіры транслявалі па тэлебачанні. Калі загучалі выстралы, трансляцыю перарвалі і аднавілі толькі праз 40 хвілін, ужо ў момант узнагароджвання касманаўтаў. Прычым узнагароды ўручаў не Брэжнеў, а старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мікалай Падгорны. Толькі на трэці дзень у цэнтральных газетах было апублікавана кароткае паведамленне ТАСС: “22 студзеня ў час урачыстай сустрэчы лётчыкаў-касманаўтаў на Краснай плошчы быў здзейснены правакацыйны акт. Зроблена некалькі выстралаў па аўтамашыне, у выніку атрымалі раненні вадзіцель і матацыкліст. Стралок затрыманы”.

Следства па справе Віктара Ільіна ішло каля года. У ім прымаў удзел і я. Прад’явілі Ільіну абвінавачванне адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Аднак Брэжнеў вельмі не хацеў надаваць гэтай справе шырокі міжнародны рэзананс. Таму была назначана спецыяльная медыцынская экспертыза, якая прызнала ў Ільіна шызафрэнію. І яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў казанскую псіхіятрычную клініку. Там ён прабыў 18 гадоў у адзіночцы, а потым яшчэ два гады ў ленінградскай псіхушцы. У лютым 1990 года яго вызвалілі.

А па выніках расследавання быў разбор “палётаў”. Вызвалілі ад пасады начальніка УКДБ па Ленінградскай вобласці Шумілава, ваенкама Смольнінскага раёна г. Ленінграда, адкуль прызываўся Ільін. Некалькім афіцэрам былі аб’яўлены спагнанні. Пра тыя падзеі ў мяне падрыхтаваны рукапіс кнігі “Выстрелы у кремлевской стены, или Кому предназначались пули террориста”. Аднак пытанне аб яе выданні пакуль не вырашаецца з-за фінансавых праблем. 

– Ну што ж, Аляксей Захаравіч, жадаем, каб Вашы фінансавыя праблемы хутчэй вырашаліся, а кнігі, напісаныя Вамі, заўсёды выходзілі.

Інтэрв’ю ўзяў 

Вячаслаў БУРДЫКА, “НТ”.

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Верасень 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
29 30 31 1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 1 2

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках