brest 029Падрыхтоўка да 1000-годдзя горада над Бугам ідзе поўным ходам

Гэта падзея знакавая не толькі для берасцейцаў, але і для ўсёй краіны.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка напрыканцы жніўня падпісаў распараджэнне № 142рп “Аб падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя г. Брэста”. Яно ўключае вялікую колькасць мерапрыемстваў, якія накіраваны на рэканструкцыю і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны горада, праектаванне і будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага і культурна-асветніцкага назначэння, удасканаленне гарадской інфраструктуры. Плануецца рэалізацыя больш чым 30-ці праектаў па будаўніцтве, рэканструкцыі і добраўпарадкаванні. Усяго ў план мерапрыемстваў уключана больш за 100 аб’ектаў.

На пасяджэнні гарадскога арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да святкавання юбілею Брэста старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук паведаміў, што аб’ём запланаваных работ – вельмі разнастайны. Фінансаванне будзе ажыццяўляцца за кошт гарадскога, абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.  

– Сёлета частку гарадскога бюджэту мы накіруем на распрацоўку праектнай дакументацыі, каб у наступным годзе пачаць актыўныя будаўнічыя работы, – зазначыў мэр Брэста.

А працаваць будзе над чым – планы грандыёзныя. Немалаважным момантам з’яўляецца завяршэнне будаўнічых работ у Брэсцкім тэатры лялек – будоўлю таксама плануюць закончыць да юбілею горада над Бугам. Для маленькіх жыхароў Паўднёва-Заходняга мікрараёна адкрыецца новая школа на 1120 месц і сад-яслі на 350 месц. Плануецца будаўніцтва хоспіса, адкрыццё станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Ужо праз некалькі год жыхары і госці Брэста змогуць прагуляцца па новым парку ў гонар 1000-годдзя горада. І яшчэ адна прыемная навіна: будзе ўсталявана вялікае кола агляду. 

У планах – рэканструкцыя ачы-шчальных збудаванняў. Водары, якія часта лунаюць у Паўднёва-Заходнім мікрараёне,  а таксама ў раёне “Рэчыца”, здольныя сапсаваць агульнае ўражанне аб Брэсце ў гасцей горада. І з гэтай праблемай трэба хутчэй развітацца. 

Да 2019 года гарадскія ўлады абяцаюць вырашыць і дарожнае пытанне. Маецца на ўвазе будаўніцтва “Заходняга абходу”, які дазволіць аптымізаваць транспартныя патокі паміж левым і правым берагамі ракі Мухавец. Сёлета будзе рэканструявана дарога ад вуліцы Леніна да вуліцы Зубачова. Яна пашырыцца да чатырох палос, будуць пракладзены новыя камунікацыі.

Усё гэта – несумненна, прыемныя моманты для гараджан. Аднак на шляху да святочнага ператварэння Брэста гарадскія ўлады сутыкнуліся з немалымі цяжкасцямі. “Некалькі тыдняў таму адбылася вельмі цяжкая для мяне сустрэча з жыхарамі вуліцы Паплаўскага, якую часткова плануецца знесці. Знесці 15 дамоў у імя таго, каб раз і назаўсёды вырашыць праблему транспартнай развязкі і выкарыстання вуліцы Лейтэнанта Рабцава на поўную сілу. Гэта вялікае ўзрушэнне для людзей, якія пражылі на вуліцы Паплаўскага сваё жыццё, я абсалютна падзяляю іх эмоцыі. Але горад – нібы чалавек: часам трэба нешта адрэзаць, знішчыць, каб увесь арганізм адчуў палягчэнне”, – падзяліўся сваім меркаваннем Аляксандр Рагачук.

Што тычыцца такіх праектаў, як Кобрынскі пуцеправод, да яго рэалізацыі гарадскія ўлады толькі прыступаюць. “Трэба быць гатовымі да таго, што на працягу паўгода з пачатку работ пуцеправод будзе закрыты”, – сказаў старшыня гарвыканкама.

Некаторыя праекты пакуль знахо-дзяцца на стадыі абмеркавання. У іх ліку – гарадская набярэжная. “Трэба давесці яе хаця б да вуліцы Леніна. Я пакуль не ведаю, чым упрыгожыць гэта месца. Але час падумаць у нас ёсць, чакаю вашых прапаноў”, – звярнуўся да прадстаўнікоў аргкамітэта Аляксандр Сцяпанавіч.

Таксама на пасяджэнні было адзначана: аб’екты для добраўпарадкавання, якія прыводзяцца ў распараджэнні Прэзідэнта краіны, – толькі вяршыня айсберга тых задач, што давядзецца вырашаць аргамітэту. Як доказ таму – работы па вуліцы Піянерскай, якіх у распараджэнні не было. 

Ідэй і планаў столькі, што міжволі ствараецца ўражанне, нібы горад пабудуюць нанова. Зразумела, кожны прадстаўнік аргкамітэта па падрыхтоўцы святкавання юбілею горада хоча прадставіць Брэст як крэатыўны і сучасны абласны цэнтр. Юбілейныя клопаты – гэта прастора для палёту фантазіі. Будзем спа-дзявацца, што задумкі арганізатараў увасобяцца ў рэальных творчых формах, і праз некалькі год мы ўбачым абноўлены Брэст з яго непарушнай гісторыка-культурнай спадчынай.

Юлія ВIЛЮХА, “НТ”.

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Лістапада 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
31 1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 1 2 3 4

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках