xПад такім дэвізам працуе шматтысячны калектыў Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”

На наш погляд, адны з самых блізкіх сяброў і дзелавых партнёраў “НТ” – працаўнікі паштовай сувязі Брэстчыны. Дарэчы, і для іншых друкаваных СМІ вобласці таксама.

Падпіска, своечасовая дастаўка выданняў – на іх  плячах. Але ж гэта толькі частка, хай і значная, іх работы. А чым яшчэ жыве калектыў Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”,  на якім узроўні аказваюцца іншыя сацыяльныя паслугі? 

Каб адказаць на гэтыя пытанні, кіраўніцтва філіяла ў сераду, 5 кастрычніка, арганізавала спецыяльны прэс-тур па аб’ектах прадпрыемства ў Брэсце для журналістаў рэспубліканскіх, абласных, раённых газет, мясцовага тэлебачання. Нашымі гідамі выступілі дырэктар філіяла Валянціна Пух, яе намеснік Ірына Кандрацюк, начальнік цэха паштовай сувязі Святлана Якухно, начальнік аддзела эксплуатацыі паштовай сувязі і распаўсюджвання друку Ірына Свіловіч.

x1

Знаёмства пачалі з “Паштовай лаўкі” на праспекце Машэрава, якая вось ужо тры гады пасля адкрыцця радуе філатэлістаў, іншых пакупнікоў шырокім асартыментам паштовых тавараў ды настальгічным пахам сургучу. Так, менавіта тут аказваюць незвычайную для сённяшняга дня і нават экзатычную паслугу па нанясенні сургучнай пячаткі. А ў вітрынах пад шклом – мастацкія маркі розных гадоў выпуску, на стэлажах і паліцах – канверты, паштоўкі, ёсць нават зробленыя рукамі берасцейкіх майстроў. 

Затым удзельнікаў прэс-тура азнаёмілі з магчымасцямі структурнага падраздзялення “Бізнес-пошта”, якое  абслугоўвае юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Дарэчы, з адкрыццём “Бізнес-пошты” супрацоўніцтва з карпаратыўнымі кліентамі выйшла на новую вышыню. Яны сталі атрымліваць персанальную ўвагу і больш высокі ўзровень паслуг. Сёння ў брэсцкім філіяле дзейнічае 

5 “Бізнес-пошт” і 18 выдзеленых працоўных месцаў па абслугоўванні карпаратыўных кліентаў. 

Наступным нашым прыпынкам стала аддзяленне паштовай сувязі (АПС) Брэст-13, што на праспекце Машэрава. Зусім нядаўна тут праведзена мадэрнізацыя вытворчых плошчаў, абноўлена кліенцкая зала, з’явілася шмат новага паштовага абсталявання,  устаноўлена сістэма электроннай чаргі. Галоўнае ж – палепшыліся не толькі ўмовы працы персаналу аддзялення, але і значна павысілася якасць абслугоўвання кліентаў, павялічыўся аб’ём паслуг за кошт прыцягнення новых кліентаў. 

Мы даведаліся, што ўсе АПС філіяла (а іх больш за 530) аўтаматызаваны, спецыялісты праводзяць пастаяннае абнаўленне і ўкараненне новых праграмных прадуктаў ды сэрвісаў. Так, з мая мінулага года стала магчымым атрымліваць пенсію ў любым АПС краіны незалежна ад месца пражывання атрымальніка. А з сёлетняга мая з’явілася магчымасць атрымліваць па такім жа прынцыпе і паштовыя пераводы. 

x2

З асаблівай цікавасцю ўдзельнікі прэс-тура знаёміліся з работай  участка цэнтральнай дастаўкі і сарціроўкі, які размешчаны каля чыгуначнага вакзала, а таксама   з аўтатранспартам і перасовачнымі аддзяленнямі паштовай сувязі. На ўчастку ўсіх уразіла   машына для штэмпелявання пісьмовай карэспандэнцыі, якая за гадзіну прапускае  больш за 18 тысяч(!) канвертаў і паштовак. Не меншае ўражанне засталося і ад перасовачнага АПС, што базіруецца на аўтамабілі. Дзякуючы развіццю і ўкараненню інфармацыйных тэхналогій, магчымасці яго работы на тым жа ўзроўні, як і ў стацыянарнага АПС. Тут  здзяйсняюцца плацяжы ў рэжыме рэальнага часу, вядзецца прыём і выдача паштовых адпраўленняў у дзень іх паступлення… 

А завяршыўся прэс-тур падвядзеннем вынікаў у актавай зале філіяла. Валянціна Пух расказала аб перспектывах далейшага развіцця прадпрыемства, падкрэсліла, што калектыў і надалей будзе адказна выконваць сваю галоўную місію – якасна аказваць паслугі паштовай сувязі, кіруючыся дэвізам “Хуткасць, надзейнасць, даступнасць”. Валянціна Мікалаеўна падзякавала ўсім журналістам і калектывам рэдакцый, якія яны прадстаўляюць, за  плённае супрацоўніцтва і ўручыла  ўзнагароды. “Народная трыбуна” атрымала дыплом у намінацыі “За захаванне традыцый беларускай культуры”. Журналісты ж падзякавалі кіраўніцтву філіяла за сумесную працу, добрую арганізацыю пазнавальнага мерапрыемства і павіншавалі з надыходзячым прафесійным святам – Сусветным днём пошты.

Адам АРСЕНЬЕЎ,”НТ”.

Фота Аляксея ГАНЧУКА, "НТ".

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках