tvАдна мара здольная напоўніць жыццё чалавека сэнсам і яркімі момантамі. Але ёсць людзі, у якіх мары генерыруюцца рэгулярна – і ператвараюць жыццё ў бесперапынную прыгоду

Студэнт БрДТУ Міхаіл Дзмітрук вось-вось стане праграмістам – яму 20 год, хлопец заканчвае навучанне па спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”. Прафесія запатрабаваная і прэстыжная – разам з тым нялёгкая, забірае шмат вольнага часу. Ды ў Міхаіла атрымліваецца не толькі паспяхова вучыцца, але і рэалізоўваць сябе ў самых розных галінах творчасці – спектр яго захапленняў здзіўляе і крыху, прызнаюся, шакіруе.

 

 

Дзіджэй Mike Finder

Шмат часу Міхаіл прысвячае музыцы. Спачатку гэта было проста хобі, зараз – частка жыцця хлопца. Ён неаднаразовы прызёр абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў па дзіджэінгу. Цікава, з чаго ўсё пачыналася?

– Знаёмства з музыкай адбылося ў самым дзяцінстве. Мой дзядуля, Аляксей Дзмітрук, іграў на фартэпіяна. Ён быў самавучка, не меў спецыяльнай музычнай адукацыі. Нягледзячы на гэта, кіраваў некаторы час у Драгічынскім раёне курсамі па ігры на фартэпіяна. Мне вельмі падабалася слухаць яго, я яшчэ тады засвоіў дзіўную якасць музыкі – яна здольна напоўніць нас самымі рознымі эмоцыямі. 

Спецыяльнай музычнай падрыхтоўкі, як і дзядуля, Міхаіл не атрымаў – хлопчык захапляўся ў дзяцінстве футболам, каратэ, на музыку часу не заставалася. На працягу 5 год займаўся ў СДЮШАР №5 г. Брэста. Міша неаднаразова быў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў па каратэ кёкусінкай.

– У дзяцінстве я быў паўсюль і адразу, мне хацелася паспрабаваць усё. Але засталася нерэалізаваная мара – хацеў скончыць музычную школу па класе “гітара”, ды так і не атрымалася. Я не пакінуў сваю “музычную” мару, і ўжо ў 9 класе мяне назначылі адказным за музычную частку школьных мерапрыемстваў. У выпускным класе зразумеў, што мяне цікавіць такі напрамак, як дзіджэінг, захацелася займацца ім на прафесійным узроўні. 

Ад свайго суразмоўцы я даведалася, што асаблівасць гэтага напрамку ў тым, што дзіджэй павінен не толькі “прачытаць” па публіцы, якім стылям музыкі яна аддае перавагу, але і ўмець узняць настрой вялікай колькасці людзей, перад якімі ён выступае. Таксама дзіджэінг дае магчымасць творча апрацоўваць музычны матэрыял, у выніку чаго можа з’явіцца эклектычны твор, якія спалучае ў сабе музыку розных жанраў.

У Брэсце на той момант спецыяльных курсаў па дзіджэінгу не было, Міхаілу прыйшлося шукаць настаўніка самому. Ён знайшоў чалавека, які вядомы ў колах дзіджэінгу Беларусі як DJ Troyan (Анатоль Траянаў), вырашыў напрасіцца да яго ў вучні.

– Ён з Брэста, таму было проста з ім звязацца. Усё ж такі я дабіўся таго, што ён узяў мяне да сябе вучыцца, – узгадвае Міхаіл. – Ужо праз два тыдні пасля гэтага ў парку імя 1 Мая адбывалася “Бітва дзіджэяў”. Анатоль прапанаваў паспрабаваць паўдзельнічаць, я сумняваўся: займаўся не так даўно, вопыту не было. Але ўсё ж рашыўся і… атрымаў званне грандмайстра. Адрозненне ад звычайнага першага месца было ў наступным: грандмайстар абыгрывае пераможцу мінулага года. У якасці прыза – стажыроўка ў  “CITY CLUB” у Брэсце. 

Гэта і быў першы сур’ёзны вопыт работы Міхаіла дзіджэем. Пасля хлопца пачалі запрашаць на рознага ўзроўню конкурсы і фестывалі.

Акіян магчымасцей

Мой суразмоўца расказаў, што вялікую падтрымку ў развіцці дзіджэінгу ў Беларусі аказвае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

– Маладзёжная арганізацыя праводзіць маштабныя мерапрыемствы не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага ўзроўню. Як прыклад – Міжнародны маладзёжны лагер “Бе-La-Русь”, адзін з ідэйных натхняльнікаў якога – БРСМ, – паведаміў Міхаіл.

Лагер знаходзіцца на мяжы Беларусі, Расіі і Латвіі, і туды прыязджаюць лідары юнацкіх арганізацый і рухаў з дзяржаў-удзельніц. Там улетку праходзяць спаборніцтвы па дзіджэінгу. Сёлета ўдзельнікі павінны былі выступіць у розных жанрах: у першы дзень ігралі “Залатыя хіты”, у другі – “Нацыянальныя матывы”, а трэці дзень прысвяцілі сучаснай музыцы. Каманда дзіджэяў Брэсцкай вобласці заняла 1-ае месца.

– Спаборніцтвы такога маштабу даюць магчымасць набрацца новага вопыту. Удзельнікі з суседніх краін – дастойныя сапернікі, – зазначыў Міхаіл.

Таксама БРСМ арганізаваў Рэспубліканскі спартыўны фестываль для працоўнай моладзі “Алімпія – 2016”. Ён сабраў удзельнікаў з розных абласцей Беларусі, праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы. У іх ліку – зноў-такі “Бітва дзіджэяў”.

– Некалькі дзён таму ад БРСМ прыйшла грамата і віншаванне – я заняў першае месца ў спаборніцтве дзіджэяў, якое праводзілася ў рамках “Алімпіі”, – дзеліцца сваімі поспехамі Міша. – Удзячны саюзу моладзі, што дае магчымасць развівацца ў гэтым напрамку. 

 

“Мне не хапае тэлепорта”

Сфера інтарэсаў майго суразмоўцы не абмяжоўваецца толькі музыкай. Каб вы зразумелі, наколькі гэта разнапланавая асоба, прывяду такі факт: на выпускной лінейцы хлопцу ўручылі адразу 12 (!) грамат – за поспехі ў самых розных галінах. Гэта і спорт, і КВЗ, і музыка, грамадскае жыццё моладзі... Зараз Міхаіл прымае ўдзел у пастаноўках спектакляў студэнцкага клуба БрДТУ, а таксама абласнога Цэнтра мала-дзёжнай творчасці.

– Часам я проста не разумею, як усё паспець. Працую вядучым на мерапрыемствах у Цэнтры маладзёжнай творчасці, супрацоўнічаю з Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, – апавядае хлопец. – Дапамагаю праводзіць музычныя мерапрыемствы ў некаторых рэстаранах і кафэ горада. Мне падабаецца бесперапынны насычаны рытм жыцця. Адзінае, чаго не хапае, – гэта тэлепорт. Часам чыста фізічна не атрымліваецца паспець з аднаго мерапрыемства на другое.

Размаўляючы з Міхаілам, я міжволі прыдумала яму мянушку – чалавек-тайфун. Толькі калі сапраўдны тайфун мае сілу разбуральную, то “тайфун” Міхаіл валодае небывалай творчай сілай, якая дапамагае яму заваёўваць новыя сферы дзейнасці. Зараз вы яшчэ раз у гэтым пераканаецеся.

 

Мара №1

Як высветлілася, мой суразмоўца плануе атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю, толькі ўжо ў Маскве, – акцёрскую:

– У мяне ёсць невялікі вопыт у гэтай сферы: прымаў удзел у здымках некалькіх фільмаў – “Перарваныя ўспаміны” (здымаўся ён у Брэсце), таксама пашчасціла зняцца ў серыяле “Салодкае жыццё”, які транслюецца па канале “ТНТ”. На жаль, не атрымалася трапіць на здымкі фільма “Брэсцкая крэпасць”, ён і сёння папулярны сярод тэлегледачоў.

Аказваецца, калі Міша вучыўся на другім курсе БрДТУ, ён паступаў у якасці эксперыменту ў Маскву на акцёра.

– У мяне атрымалася паступіць ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С.А. Герасімава на акцёрска-рэжысёрскае аддзяленне да С.А. Салаўёва, – узгадвае юнак. – У той жа год спрабаваў паступіць у Вышэйшае тэатральнае вучылішча імя М.С. Шчэпкіна – зноў жа, каб праверыць свае сілы і ведаць на будучае, ці варта пасля атрымання адукацыі праграміста спрабаваць здзейсніць яшчэ адну мару – стаць акцёрам. 

У Шчэпкінскае Міша таксама паступіў – на аддзяленне, дзе выкладалі муж і жонка Саломіны, Юрый і Вольга. Пасля гэтага ўпэўніўся канчаткова: як толькі давучыцца ў Брэсце, будзе паступаць у Маскву яшчэ раз – свае сілы ён праверыў. Вам можа падацца, што ён гоніцца адразу за некалькімі зайцамі – і праграміст, і акцёр, і дзіджэй... Але на маё пытанне, навошта кідаецца ў розныя сферы дзейнасці, Міша адказаў рашуча і асэнсавана:

– Я люблю ставіць перад сабой мэту і дабівацца задуманага. Буду выкарыстоўваць навыкі праграміста, а ў творчым напрамку хацелася б займацца вэб-дызайнам, вёрсткай. Мяне вабіць крэатыўная праца, а не напісанне “сухіх” кодаў.  Зараз многія праграмісты працуюць аддалена, дома, гэта дапамагло б мне сумяшчаць працу з маімі захапленнямі – дзіджэінгам і акцёрскім майстэрствам.

Зараз настольная кніга “чалавека-тайфуна” – “Праца акцёра над сабой” К.С. Станіслаўскага. Хлопец рыхтуецца да паступлення: перачытвае рускую класіку, ездзіць на курсы акцёрскага майстэрства ў Мінск. Дапамагае ў падрыхтоўцы да будучага паступлення і цяперашняя вучоба ў БрДТУ – творчых мерапрыемстваў ва ўніверсітэце праводзіцца шмат, вядома ж, не без Мішавага ўдзелу.

– Ёсць такое памылковае меркаванне, што праграмісты – гэта людзі “на сваёй хвалі”, якія ўвесь свабодны час право-дзяць каля манітора, – разважае хлопец. – Гэта не пра ўсіх прадстаўнікоў прафесіі – і наша група гэта даказала. Упершыню за гісторыю нашай ВНУ праграмісты атрымалі дыплом “Зорная група БрДТУ”.

Можна было яшчэ доўга размаўляць з Міхаілам – чалавекам цікавым і рознабаковым. Ды ён спяшаўся на прагляд спектакля ў рамках фестывалю “Белая Вежа” – будучаму акцёру такія мерапрыемствы прапускаць нельга. Дык няхай юначая мара стане доўгачаканай рэальнасцю, а творчая сіла ўзрастае і мацнее з кожным днём!..

Юлія Вілюха, “НТ”.

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Верасень 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
29 30 31 1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 1 2

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках