zn1Навучэнцу Пінскага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я. Кляшчова Арцёму Макею ўзнагароду ўручыў кіраўнік Брэстчыны Анатоль Ліс 

Жніво і псіхалогія... Кагосьці можа здзівіць такое незвычайнае спалучэнне слоў і  паняццяў, што стаяць за імі.

Мяне таксама здзіўляла да таго часу, пакуль не пагутарыла з Арцёмам Макеем (на здымку), навучэнцам Пінскага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я. Кляшчова. Удзел у жніве для яго – магчымасць дапамагчы гаспадарцы, па накіраванні якой ён вучыцца і дзе працуюць яго бацькі, хутчэй сабраць зерне з палёў. Безумоўна, і для таго, каб самастойна зарабіць грошы на новую вопратку, абутак, тэлефон, камп’ютар – цяжкая праца належна  аплачваецца. Ну, а псіхалогія, якой актыўна цікавіцца Арцём, дапамагае лепш разабрацца перш за ўсё ў сабе, а таксама ў тых, хто знаходзіцца побач, па-іншаму ацаніць іх і свае ўчынкі.

zn

Калі ў родным Парахонску юнак закончыў сярэднюю школу, то не раздумваў доўга, куды ісці далей. Вядома ж, у вышэйшую навучальную ўстанову, каб атрымаць спецыяльнасць інжынера і вярнуцца ў вёску дыпламаваным спецыялістам! Але не хапіла некалькі балаў, каб мара аб вучобе ў сталіцы стала яваю. Параіўшыся з бацькамі, падаў дакументы ў каледж, стаў навучэнцам аддзялення “Рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць у сельскай гаспадарцы” па спецыяльнасці “Механік”. Зараз ён ужо на чацвёртым курсе. Па выніках мінулага навучальнага  года атрымаў грамату каледжа за паспяховую вучобу. І, вядома ж, не чакаў, што ў хуткім часе ў яго актыве будуць узнагароды і вышэйшага кшталту. Але ім папярэднічала работа да сёмага поту ў полі ў якасці камбайнера – старшым камбайнерам у экіпажы быў родны дзядзька Генадзь Гарковіч. Ліпень і жнівень атрымаліся вельмі гарачымі і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Праца пачыналася з першымі промнямі сонца і заканчвалася, калі яно хавалася за гарызонтам. Ячмень, жыта, трыцікале ды іншыя культуры далі неблагі ўраджай, таму ў Драгічын на абласное свята “Дажынкі-2016” земляробы з ААТ “Парахонскае” ехалі, маючы добрыя паказчыкі.

Удзельнічаў у такім грандыёзным мерапрыемстве і Арцём Макей. А прычына ўдзелу была важкай – на галоўнай сцэне свята сам губернатар Анатоль Ліс уручыў яму грамату аблвыканкама за ўдзел у сёлетняй уборачнай кампаніі. У Драгічыне Арцём атрымаў і Дыплом ІІІ ступені за 3-е месца сярод камбайнераў – навучэнцаў устаноў прафесіянальнай адукацыі. Што і казаць – прыемна было ды пачэсна!

Але ж святы змяняюцца будзённымі днямі. Зараз Арцём знаходзіцца на вытворчай практыцы ў родных мясцінах. Вучоба ў каледжы паступова набліжаецца да завяршэння. Па-ранейшаму ў хлопца ёсць жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю, паглыбіць веды па сваёй будучай прафесіі. А марам юначым – збывацца!

      Марыя ЛЯШУК, “НТ”,

      Пінскі раён.

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Лістапада 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
31 1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 1 2 3 4

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках