smexНа Усебеларускім фестывалі народнага гумару “Аўцюкі-2016”  Брэстчыну паспяхова прадставіла творчая каманда “Драгічынскае смехаўё” 

Аўцюкоўская місія была ўскладзена на драгічынцаў невыпадкова: менавіта пераможцам абласнога фестывалю “Спораўскія жарты” можна даверыць гумарнуць на ўсю краіну.

Так, 14 удзельнікаў “Смехаўя” на чале з рэжысёрам гарадскога Дома культуры Лэйлай Гарадзэ спачатку рассмяшылі землякоў на 1-е месца ў Спорава, а потым сарвалі гучны рогат і на рэспубліканскай сцэне. А па колькасці дыпломаў, прызоў і падарункаў, якія яны прывезлі з Гомельшчыны, можна меркаваць, што паляшуцкі гумар па-ранейшаму па-за канкурэнцыяй. 

Ад удзелу ў фестывалі народнага гумару “Аўцюкі” ў творчай кампаніі засталіся самыя пазітыўныя эмоцыі. Ды і не дзіва: амаль у кожнай намінацыі яны ўзялі па дыпломе (“Анекдоты” – 1-е месца, “Тэатр мініяцюр” – 3-е, “Жартоўная песня” – яшчэ адна “бронза”, 2-е месца ў конкурсе “Міс Аўцюкі”, дыплом за “Візітку”). 

– На “Аўцюках” мы былі навічкамі – і ў гэтым, лічу, была перавага, якой скарысталіся. Наша непадабенства на фарматныя фестывальныя каманды, свежы народны гумар на мясцовай гаворцы, “адвязныя” касцюмы вылучалі “Смехаўё” сярод удзельнікаў, – згадала рэжысёр Лэйла Гарадзэ. – Мы свае выступленні так і пазіцыянавалі – у жыццёвым ключы. Калі паказвалі “Драгічынскае вяселле”, дык стараліся перанесці гледачоў не на стылізаванае свята, а на знаёмае многім вясковае вяселле 1980-1990-х гадоў. Калі спявала Ніна Пацяюк прыпеўкі і каламбурыў анекдоты Аляксандр Грэчка, дык таксама сваё, пад маркай “пачулі сярод людзей”, а не звыклы фальклорны матэрыял. 

І такі каларытны “імідж” драгічынцаў прыцягваў увагу – ад жадаючых зрабіць сэлфі з яркімі ды бойкімі палешукамі не было адбою. Чаго вартая “Палатка непрыстойных анекдотаў” (была і такая пляцоўка на фестывалі, на якой дазваляліся жарты “без купюр”), дзе  прадстаўнікі “Драгічынскага смехаўя” сабралі аншлаг. Хоць, прызнаюцца народныя артысты, вытрымаць фестывальны рытм было ой як складана: часам выступленні праходзілі на некалькіх пляцоўках амаль адначасова і даводзілася на хаду пераапранацца і ўваходзіць у новы вобраз. 

smex1

Зноў жа, размах сцэны, маніторы з буйным планам – ад такога сур’ёзнага падыходу іншыя б зніякавелі, ды толькі не драгічынскі дэсант. А яшчэ каманды выступалі ў алфавітным парадку – і Брэстчына распачынала гумарыстычны марафон  амаль у кожнай намінацыі. Удзельніца творчай кампаніі Алена Стэльмашук запэўніла: не разгубіліся, імправізавалі-рыфмавалі, а на нязвыкла вялікай сцэне не  зацерліся “фішачкі”. Наадварот, на буйных экранах аператары выхоплівалі камічныя дробязі, што па-новаму аздобіла выступленне. І хоць тая ж Алена Мікалаеўна жартуючы наракала, што не нагаварылася на сцэне, ды яе, хай сабе кароткая, рэпліка “Колы будэ мужскі стрыптіз?” у “Драгічынскім вяселлі” “выстрэльвала” рогатам да слёз. І журы пад старшынствам галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”, пісьменніка Уладзіміра Ліпскага смяялася шчыра і ад душы. 

Лэйла Гарадзэ рассказала: “У нашай камандзе сабраліся самыя розныя людзі: большасць – са сферы культуры, ёсць  прадстаўнікі іншых прафесій. Але ўсіх аб’ядноўвае выдатнае пачуццё гумару. Без акцёрскіх здольнасцей, вакальных дадзеных або выразнай пластыкі таксама не абысціся, аднак гэта не працуе, калі няма дасціпнасці, разняволенасці”. 

Артысты драгічынскай “гумарыстычнай дэлегацыі”  без празмернай сарамлівасці і боязі падацца бязглуздымі пераўвасабляюцца ў самых розных персанажаў. Дзяўчатам пераапрануцца ў хлопцаў і наадварот? Калі ласка! Выйсці ў вобразе Канчыты Вурст або прымерыць лабутэны з міні-спадніцай без скідкі на ўзрост? Без праблем! 

Комплексам не месца ў камічным нумары, а артыст павінен найперш умець пасмяяцца з сябе самога. Гэта ў звычайным жыцці ты можаш быць сціплым працаўніком і ўзорным сямейнікам, а на сцэне – запальвай і прымервай самыя нечаканыя абліччы. Толькі адчуваючы азарт і асалоду ад таго, што робіш, можна падарыць выдатны настрой іншым. Так лічаць удзельнікі “Драгічынскага смехаўя” – людзі з гумарам і вясёлыя да неймавернасці, як ахарактарызавала паплечнікаў Алена Стэльмашук.  І падчас нашай размовы з “віцэ-міс Аўцюкі” (у конкурсе прыгажосці Алена Мікалаеўна так іскрамётна імправізавала, што літаральна зачаравала журы сваёй абаяльнасцю ды каларытнасцю) я на  ўласным вопыце пераканалася ў праўдзівасці гэтых слоў.  Таму пытанне, як нараджаюцца нумары, адпала само па сабе – усё з жыцця, уласных назіранняў ды здарэнняў. І першапачатковая рэжысёрская задумка на працягу рэпетыцый звычайна тут  “абрастае” трапнымі  жартачкамі ды слоўцамі, якія выхопліваюць з будняў артысты і, як пазлы, збіраюць у паўнацэнны нумар.

– Мы ганарымся тым, што змаглі годна прадставіць Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім фестывалі, – гаворыць Лэйла Гарадзэ і называе ўсіх герояў “жартоўнага фронту”, без якіх, упэўнена яна, не адбылося б такое яркае выступленне: – Аляксандр Мель-янец, Кацярына Зіновіч, Аляксандр Грэчка, Алег Свечнікаў, Галіна Квачук, Уладзімір Дзячко, Аляксей Радэня, Валянціна і Сяргей Бічы, Цімафей Клімчук, Алена Стэльмашук, Аляксандр Цунік, Алег Чурыла, Ніна Пацяюк, Аляксандр Логаш – гэта наша каманда. І без усялякіх жартаў хачу падзякаваць ім за сур’ёзную працу. 

Алёна САЦУТА, “НТ”,

г. Драгічын.

Фота з архіва калектыву.

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Лістапада 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
31 1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 1 2 3 4

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках