20160901 182422 002Зборная каманда Брэсцкай вобласці заняла 2-ое месца на чэмпіянаце свету па шашках сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі

 

Прыемная нечаканасць

Нашы спартсмены ішлі да першынства свету паступова, але ўпэўнена. Васіль Грышко (Пінск), Мікалай Рылко (Ганцавічы) і Галіна Лабекіна (Брэст) паказалі дагэтуль добрыя вынікі на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у красавіку ў Пінску. Мікалай стаў у асабістым заліку першым, Галіна і Васіль занялі другія месцы. 

Запрашэнне на чэмпіянат свету было для нашых спартсменаў прыемнай нечаканасцю. “Нам прыйшло афіцыйнае запрашэнне ў Балгарыю. Адмаўляцца не хацелася – было цікава паспрабаваць свае сілы на такім узроўні. Пачалі думаць, як жа нам трапіць на спаборніцтвы”, – паведаміла Галіна Лабекіна. А думаць было над чым…

 

Са свету па нітцы…

Каб удзельнічаць у спаборніцтвах такога ўзроўню, зразумела ж, патрэбна пэўная фінансавая падтрымка. Трэба і візы аформіць, і за дарогу заплаціць. Да таго ж аднаму са спартсменаў быў неабходны суправаджальнік. У выніку выходзіла сур’ёзная сума. Нашым удзельнікам прыйшлося збіраць грошы на паездку самім. “Узніклі цяжкасці з фінансаваннем, але мы справіліся. Паступова збіралі сродкі, як гаворыцца, са свету па нітцы…” – падзялілася Галіна Лабекіна. 

На чэмпіянат нашы землякі адправіліся напрыканцы жніўня. Прызнаюцца – шлях быў цяжкім: дабірацца вырашылі аўтобусам, рабілі перасадкі ў Кіеве, Адэсе, Малдове і Румыніі. Дарога забрала шмат сіл у нашых удзельнікаў, але настойлівасць і імкненне да перамогі ўзялі верх над усімі нягодамі.

 

Удзень – шашкі, увечары – мора

Праходзілі спаборніцтвы ў балгарскім пасёлку Кранева і працягваліся 10 дзён. У чэмпіянаце свету прымалі ўдзел 60 спартсменаў з дзесяці краін свету, медалі разыгрываліся ў асабістых і камандных спаборніцтвах. Усяго было 8 тураў, удзельнікі праводзілі па 2 гульні за дзень, кожная – працягласцю ў 2 гадзіны. “Было няпроста, сапернікі – вельмі дастойныя. Доўгі напружаны час за шашачнай дошкай мы кампенсавалі па вечарах прагулкамі па марскім узбярэжжы. Прыемным было тое, што арганізатары стварылі цудоўныя ўмовы для нас. Чэмпіянат праходзіў у атэлі “Крыстэл-парк”, кожны дзень для ўдзельнікаў рыхтавалі цудоўны шведскі стол”, – дзеліцца ўражаннямі Галіна Лабекіна.

 

Салодкі смак перамогі

Калі на абвяшчэнні вынікаў камандных спаборніцтваў нашы ўдзельнікі пачулі роднае слова “Беларусь”, адразу не паверылі: у асабістых спаборніцтвах паказалі нядрэнныя вынікі – трэцяе і чацвёртае месцы – але на перамогу ў камандным заліку і не разлічвалі. І ўсё ж нашым спартсменам прысудзілі другое месца, і Беларусь апынулася ў ліку лідараў. “Для нас гэта перамога – вялікая ўзнагарода. З гэтым відам спорту мы неразлучныя. Асабіста я гуляю ў шашкі каля 60 год. Тое, што нашы намаганні адзначылі на такім –  сусветным – узроўні, вялікі стымул для нас”, – паведаміла Галіна Сяргееўна. 

У Рычарда Баха ёсць цудоўнае выказванне: кожная мара даецца чалавеку разам з сіламі для яе ажыццяўлення. То бок нягледзячы на рознага плану перашкоды – ці то фінансавыя цяжкасці або праблемы са здароўем – моцны чалавек, якім рухае імкненне да самаразвіцця, жаданне перамагчы не толькі іншых, але і сябе самога, заўсёды даб’ецца сваёй мэты. І гісторыя перамогі нашых шашыстаў – праўдзівы таму доказ.

 

 

Юлія Вілюха, “НТ”.

Фота з архіва Галіны Лабекінай.

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Верасень 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
29 30 31 1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 1 2

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках