saБыць здаровым – ва ўсе часы жадана і… цяжка. Зараз так шмат спакусліва-шкодных прадуктаў, што чалавек не вытрымлівае і сыходзіць з вызначанай сцежкі здароўя.

Сабрацца з думкамі і нарэшце вырашыцца весці годны лад жыцця дапамагаюць такія выставы, як берасцейская “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця – 2016”. Яна прайшла ў горадзе над Бугам ужо ў 12-ты раз. “Калі мы толькі пачыналі арганізоўваць гэта мерапрыемства, то думалі, што яно будзе разавым. Але кірмаш здароўя стаў традыцыйным – 

мы недаацанілі яго запатрабаванасць. Людзі ідуць сюды, людзям цікава. Цікава нават не таму, што яны не бачылі нешта з таго, што тут паказваюць – усё гэта нам знаёма. Але мець магчымасць і прайсці медыцынскія абследаванні, і купіць тавары здаровага харчавання, і атрымаць інфармацыю пра сучасныя здароўезберагальныя тэхналогіі ў адным месцы – гэта зручна, карысна”, – адзначыў на адкрыцці выставы-кірмашу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валянцін Мілашэўскі. 

w1

На адкрыцці мерапрыемства агучылі вынікі абласнога конкурсу “Здаровая сям’я”. Перамаглі прадстаўнікі Кобрына – сям’я Марчук. Другое месца заняла сям’я Гардзейка з вёскі Стайкі Івацэвіцкага раёна. Дыпломам 3-й ступені была ўзнагароджана сям’я Комель з Ганцавіч. Кожная з сямей-пераможцаў атрымала каштоўны падарунак – веласіпед. Ды галоўнае – сем’і сталі прыкладам для землякоў.Іх лад жыцця пераканаўча засведчыў: аб здароўі трэба думаць сямейна.

У будынку лёгкаатлетычнага манежа, дзе праходзіла мерапрыемства, наведвальнікі маглі выбраць занятак на свой густ – і кожны быў са “смакам” здароўя. Так, дарослае пакаленне вымярала артэрыяльны ціск і правярала ўзровень глюкозы ў крыві. Супрацоўнікі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя прапанавалі гасцям выставы прайсці дыягностыку і вызначыць паказчыкі халестэрынавага абмену. Урачэбныя кансультацыі аказваліся па 26-ці кірунках: ад аптымізацыі і да прафілактыкі эндакрыналагічных, сардэчных ды іншых хвароб.

w

Аматарам пакурыць прапанавалі зрабіць крок на шляху да пазбаўлення ад шкоднай звычкі: пры дапамозе экспрэс-методык вызначалі тып курыльных паводзін, ступень нікацінавай залежнасці і гатоўнасць да адмовы ад курэння. Праверыць свой эмацыянальны стан і ўзровень стрэсу наведвальнікі выставы маглі пры дапамозе тэсту Люшэра. Таксама арганізатары прапанавалі бясплатныя кансультацыі спецыялістаў абласных і гарадскіх устаноў аховы здароўя. 

Карысталіся папулярнасцю ў наведвальнікаў дэгустацыі прадуктаў здаровага харчавання. Асабліва доўгімі былі чэргі каля экспазіцый малочных заводаў, прадукцыя якіх радавала разнастайнасцю – жадаючыя маглі паспрабаваць нават ружовы сыр!

Прадстаўнікі хлебазаводаў вобласці запрашалі пазнаёміцца з навінкамі вытворчасці, расказвалі аб іх карысным скла-дзе. Людзі бралі на кулінарную шпажку кавалачак духмянага свежага хлеба, следам – кавалак сыру і адпраўляліся гля-дзець музыкальна-забаўляльную праграму (яе падрыхтавалі мастацкія калектывы і салісты Брэсцкага гарадскога Дома культуры). І хлеб, і відовішча – усё было прадугледжана на кірмашы здароўя.

Прыемнымі водарамі вабіла наведвальнікаў экспазіцыя, прадстаўленая Драгічынскім абласным аграрна-вытворчым прафесійным ліцэем. Вучаніцы ўстановы адукацыі прапанавалі паспрабаваць духмяныя травяныя чаі, прычым інгрэдыенты кожны мог падабраць на свой густ. Перад гасцямі стаялі кошыкі з шыпшынай і мятай, чаборам і мелісай, ліпай і буякамі.

Як адпачываць з карысцю для здароўя, наведвальнікі выставы даведаліся дзякуючы тэматычнай экспазіцыі, падрыхтаванай прафсаюзамі Брэстчыны. Яна пазнаёміла з комплексам паслуг санаторыя “Буг”, унітарнага прадпрыемства “Брэсттурыст”, турыстычнай базы “Белае возе-ра”, работай спецыялізаваных вучэбна-спартыўных школ, а таксама гурткоў і студый абласнога Палаца культуры прафсаюзаў. У наведвальнікаў экспазіцыі была магчымасць прыняць удзел у віктарынах і майстар-класах, пабачыць відэаролікі па тэме здаровага ладу жыцця. 

Сумненняў у тым, што берасцейцы надаюць належную ўвагу свайму здароўю, у арганізатараў выставы не засталося. Людзі ахвотна карысталіся прапанаванымі медыцынскімі паслугамі, кансультаваліся з урачамі, спрабавалі карысную ежу. Пацвярджаюць імкненне насельніцтва да здаровага ладу жыцця і дадзеныя сацыялагічных даследаванняў, якія былі агучаны падчас правядзення выставы. 

w2

Больш за 80 працэнтаў жыхароў Брэстчыны лічаць здароўе найбольш важным у рэйтынгу жыццёвых каштоўнасцей. 95 працэнтаў прымаюць розныя меры, каб яго захаваць: стараюцца больш рухацца, прыводзяць у норму вагу, паніжаюць ужыванне тлушчу, солі, цукру і алкаголю, актыўна кідаюць курыць. Павялічваецца працягласць жыцця ў нашым рэгіёне. Нараджальнасць узрасла на 6,3 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, а смяротнасць знізілася на 3,7 працэнта. “Найважнейшая задача – дабіцца замацавання і далейшага развіцця такой станоўчай дынамікі. Неабходна павышаць адказнасць кожнага чалавека за стан свайго здароўя, фарміраваць у грамадстве культ здароўя і нецярпімасці ў адносінах да п’янства і курэння”, – адзначыў намеснік старшыні абл-выканкама Леанід Цупрык.

Арганізавалі свята здароўя абласны выканаўчы камітэт, абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Брэсцкае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Наведалі выставу-кірмаш каля 26 тысяч чалавек, у ролі экспанентаў выступілі больш чым 150 прадпрыемстваў, фірм, устаноў і арганізацый

Мерапрыемствы такога  кшталту даюць людзям магчымасць зразумець, што здаровы лад жыцця – гэта проста, калі ёсць жаданне. Будзем спадзявацца, што сярод разнастайнай экспазіцыі выставы кожны наведвальнік змог адшукаць для сябе асабісты рэцэпт здароўя. 

      Юлія ВIЛЮХА, “НТ”.

      Фота аўтара.

 

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Лістапада 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
31 1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 1 2 3 4

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках