Алег Юрэня прызнаны лепшым спартсменам Брэстчыны ў 2010 годзеНагадаем: дваццацігадовы спартсмен ужо чатыры гады трэніруецца ў Брэсце. У наш горад ён пераехаў з Мастоў, што на Гродзеншчыне, разам са сваім трэнерам Уладзімірам Задоліным. У байдарцы-адзіночцы Алег “засвяціўся” на ўсіх значных стартах 2010 года. Перамога на этапе Кубка свету ў Венгрыі, другое і трэцяе месцы на этапах у Францыі і Германіі. На чэмпіянаце свету таленавіты спартсмен заваяваў бронзу. Усе перамогі былі атрыманы на алімпійскай дыстанцыі 1000 метраў. Па выніках чатырох стартаў Алегу быў уручаны ганаровы кубак. Усяго на рахунку Юрэні – 8 медалёў з міжнародных спаборніцтваў.Напярэдадні Новага года спартсмен вярнуўся са збораў у Малдове. Нават у пераднавагодні час чэмпіён клапоціцца пра будучыя дасягненні і напружана працуе, аднак з радасцю падзяліўся алімпійскім настроем і планамі на будучыню.– Мне толькі дваццаць, таму і далей планую займацца спортам, – расказаў Алег Юрэня. – Дарэчы, падтрымліваць арганізм у тонусе імкнуся ўвесь час. Вучуся ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце на факультэце фізічнай культуры. Хто ведае, можа, потым яшчэ і другую вышэйшую адукацыю атрымаю. Наперадзе – шмат сур’ёзных і прэстыжных стартаў, сярод якіх заваяванне ліцэнзіі на ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Лондане, таму, спадзяюся, і ў 2011-м, і далей аматары спорту не раз пачуюць пра мае поспехі. Буду старацца радаваць беларусаў толькі найвышэйшымі дасягненнямі.Міжнародная федэрацыя веславання на байдарках і каноэ вызначыла лаўрэатаў Кубка свету 2010 года. Першае месца разам з легендарным немцам Максам Хаффам заняў Алег Юрэня. Нягледзячы на шматлікія поспехі і прызнанне на міжнародным узроўні, малады спартсмен працягвае “шліфоўку” свайго прафесіяналізму: ён верыць, што можа дасягнуць большага. Сёння Алег удзячны людзям, якія прывялі яго ў вялікі спорт. Перш за ўсё – гэта бацька і трэнер. Уладзімір Задолін з 2002 года трэніруе Алега. Дзякуючы таленту і людзям, якія змаглі разгледзець яго, Алег Юрэня з’яўляецца стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Дарэчы, гэта вельмі высокая адзнака і прэстыжнае званне.Малады спартсмен стаў сапраўднай зоркай 2010 года. Яму няма роўных на Брэстчыне, а можа, і ў краіне. Алег Юрэня не лічыць заваяваныя медалі чымсьці незвычайным. Па яго словах, гэта плён цяжкай шматгадовай працы. Адначасна Алег стаў не толькі самым знакамітым спартсменам адыходзячага года, але і зайздросным жаніхом. Пакуль думкі абаяльнага хлопца займае толькі спорт і заручальны пярсцёнак на пальцы не быў заўважаны, але брэсцкія дзяўчаты не губляюць надзеі раздзяліць з ім радасць будучых перамог. Можа, тады і застанецца суперспартсмен у Брэсце, які падарыў ужо яму самыя яркія хвіліны ў жыцці.Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.Чытачам “НТ” Алег Юрэня жадае:– Ставіць перад сабой толькі грандыёзныя мэты, не баяцца цяжкасцей і ажыццяўляць запланаванае. Няхай здаровы спартыўны запал прысутнічае ў вашых учынках, чэмпіёнская мэтанакіраванасць не дае спыняцца ў цяжкія хвіліны, а алімпійскі дух дапаможа паспяхова пераадолець вызначаную дыстанцыю і першым прыйсці да фінішу!