Якіх куміраў мы сабе ствараемУ жыцці кожнага чалавека бывае перыяд, калі здаецца, што ўвесь свет супраць цябе. Часта такое здараецца пасля вялікага расчаравання. Менавіта ў такім стане нядаўна знаходзілася мая сяброўка Таня. Мы доўга не бачыліся, а падчас апошняй сустрэчы яна падзялілася сваімі праблемамі.Усё пачалося з таго, як Таня пасля чарговага рок-канцэрта заявіла: яна знайшла каханне ўсяго свайго жыцця. Яе выбраннікам стаў музыкант Раман з малавядомага гурта. Пра яго пагаворвалі, што даўно захапіўся наркотыкамі. Незразумела было: што магло падабацца ў ім маёй сяброўцы? Яна ж такая правільная, начытаная, цікаўная! Таня многа марыла і думала.Кажуць, каханне сляпое. Сапраўды, нічога не магло звязваць маю сяброўку з гэтым небяспечным чалавекам. Аднак Таню было не пазнаць – нікога не чула і замыкалася ў сваім прыдуманым свеце. Калі хтосьці негатыўна адклікаўся пра каханага, ціхая дзяўчына ператваралася ў агрэсіўную драпежніцу, якая абараняла сваю палавінку. Яна стала часта бываць па-за домам, а сябры перасталі для яе існаваць.Мне здавалася, што Таня, быццам змяніўшы імідж, надзела ружовыя акуляры. Яна ўпэўнілася: Раман і ёсць той самы прынц на белым кані, пра якога мараць усе дзяўчаты…Прыемнае, як правіла, мае ўласцівасць хутка заканчвацца. Ці, магчыма, таўшчыня ружовых лінзаў стала з часам змяншацца? Таня зразумела, што яе бездакорны Раман не такі ўжо ідэальны. Ружовыя акуляры разбіліся аб рэальнасць, дзяўчыну напаткала вялікае расчараванне. Цяпер у яе ўсё добра: яна зноў вярнулася да сяброў, наладзіла зносіны з бацькамі і больш не прымае такіх кардынальных рашэнняў раптоўна.Закаханасці і каханню прысвечаны літаратурныя творы, песні, пра вялікія пачуцці кажуць як пра нешта чароўнае і таямнічае. Бясспрэчна, яны выклікаюць больш пазітыўных эмоцый, але ў адзін момант могуць балюча параніць. Асабліва можна траўміравацца ў першы раз. Гэты аксесуар, ружовыя акуляры, можа згуляць злы жарт з яго юным уладальнікам. Таму трэба быць пільным і асцярожным у пошуку сваёй другой палавінкі. Важна імкнуцца цвяроза ацэньваць рэальнасць – тады не спатрэбяцца ніякія акуляры.Валерыя ДЖАВАДЗЯН,студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.