Горад – для ўсіх
У Брэсцкай цэнтральнай паліклініцы прайшла гарадская канферэнцыя, прысвечаная праблемам інвалідаў
Сацыяльная адаптацыя і ўключэнне ў грамадства інвалідаў сталі працэсам, які апошнія гады набірае сілу. Мы паступова пачынаем спасцігаць простую ісціну: людзі розныя, але маюць аднолькавае права жыць у грамадстве. Да патрэб чалавека з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі цікавасць маюць дзяржаўныя структуры, шматлікія службы і ведамствы.
Пытанні сацыяльнай, працоўнай і медыцынскай рэабілітацыі абмеркавалі спецыялісты, якія займаюцца інвалідамі і добра ведаюць іх надзённыя патрэбы. Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага гарвыканкама Іна Ступнікава, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Цэнтральнай гарадской паліклінікі Валерый Тарасаў, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Сяргей Варонін, дырэктар Баранавіцкага філіяла Беларускага пратэзна-аднаўленчага цэнтра Юрый Мазалевіч і іншыя выказалі сваё бачанне сітуацыі з інвалідызацыяй, разважалі над праблемай папярэджання інваліднасці, абмяркоўвалі рэалізацыю дзяржаўных праграм, якія накіраваны на стварэнне безбар’ернага асяроддзя і сацыяльную, медыцынскую ды іншую дапамогу людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
У прыватнасці, было адзначана, што сярод хвароб, якія прыводзяць да інваліднасці, сёлета ў Брэсце лідзіруюць хваробы сістэмы кровазвароту, на другім месцы – хваробы эндакрыннай сістэмы, на трэцім – косна-мышачнай. Людзі павінны сур’ёзней ставіцца да прафілактыкі хвароб, бо адна справа, калі чалавек нарадзіўся з нейкай паталогіяй і гэта прывяло да інваліднасці, і зусім іншая, калі ў яго былі перспектывы не сустрэцца з інваліднасцю, а ён няправільным ладам жыцця і іншымі “чалавечымі” фактарамі гэтую магчымасць згубіў.
Удзельнікі канферэнцыі пацвердзілі зацікаўленасць розных структур у стварэнні безбар’ернага асяроддзя для пражывання інвалідаў у горадзе. У гэтым напрамку давядзецца яшчэ шмат працаваць.
Святлана АФАНАСЬЕВА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.