Беларусь

Спрадвечнае пытанне


“Зямлёю трэба даражыць: яе ў краіну ніадкуль не завязеш. Таму работа па навядзенні парадку на зямлі павінна быць сістэмнай, штодзённай – нібыта ў дбайнай гаспадыні”, – лічыць кіраўнік Брэстчыны Канстанцін Сумар
Перад тым, як акрэсліць асноўныя моманты ў абмеркаванні пытанняў, вынесеных 17 чэрвеня на парадак дня чарговага пасяджэння аблвыканкама, зазначу, што ў яго рабоце прымалі ўдзел Старшыня Камітэта дзяржкантролю краіны Аляксандр Якабсон, намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, інспектар па Брэсцкай вобласці апарата Савета Міністраў Васіль Каховіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля і Уладзімір Базанаў.
– Абмяркоўваючы парадак на зямлі, у тым ліку на механізаваных дварах і фермах сельгасарганізацый вобласці, мы ў поўнай “красе” пакажам усе тыя недахопы, якія яшчэ ў нас маюцца. Кожны старшыня райвыканкама павінен даць сабе ацэнку, – заявіў губернатар. – А ў плане кантролю разглядаем у апошні раз – далей будзем проста пазбаўляць пасад…
Начальнік землеўпарадкавальнай службы аблвыканкама Анатоль Краснянкоў і старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тамара Ялкоўская ў сваіх выступленнях поўна адлюстравалі работу па навядзенні парадку на брэсцкай зямлі. А яна, сапраўды, набыла мэтанакіраваны характар. Навідавоку яскравыя вынікі: значна палепшылася культура земляробства, паўната ўзворвання палеткаў, добраўпарадкаваны не толькі тэрыторыі ферм і мехдвароў, але і прылягаючыя да іх землі. А што ўжо казаць пра населеныя пункты, якія з году ў год мяняюцца на вачах!..
Ды толькі нядаўнія, майскія, праверкі кантралюючых органаў выявілі шэраг недахопаў. Да таго ж, і 4878 парушэнняў прыродаахоўнага і санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства за прайшоўшыя 5 месяцаў – даволі красамоўнае сведчанне таго, што яшчэ далёка не ўсё зроблена ў гэтым напрамку. Удзельнікам пасяджэння былі прадэманстраваны відэафакты, падрыхтаваныя абласнымі службамі і Камітэтам дзяржкантролю Брэсцкай вобласці, аб характэрных парушэннях, якія, нібыта злашчасная лыжка дзёгцю, пакідаюць непрыемнае ўражанне ад бочкі з мёдам – у дадзеным выпадку, вядома ж, размова тычыцца навядзення парадку на зямлі. Несанкцыянаваныя звалкі бытавых адходаў, неналежнае ўтрыманне малочнатаварных ферм, машынных двароў і складоў – гэтыя і іншыя парушэнні былі заўважаны амаль у кожным рэгіёне вобласці. У кадр трапілі, што мяне здзівіла, не самыя адсталыя гаспадаркі. Былі заслуханы старшыні райвыканкамаў: Мікалай Кенда з Кобрынскага, Казімір Лапіч з Маларыцкага, Мікалай Сяркоў з Пружанскага, Рыгор Пратасавіцкі са Столінскага раёнаў. І хоць улада стараецца падтрымліваць паўсюдна парадак, але, заўважыў Казімір Лапіч, нярэдка яшчэ культура нашых людзей “кульгае” на абедзве нагі – інакш не валяліся б на абочынах дарог ці ў лесе мяхі са смеццем. “Бывае і такое, – згадзіўся старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – Ды ёсць сельскі Савет, ёсць стараста, ляснік і ўчастковы інспектар, якія не павінны дапускаць нічога падобнага. Чаму ім не арганізаваць месячнік, на працягу якога ўстанавілі дзяжурства і выявілі б тых, хто забруджвае наваколле?..” Калі ж адзін кіраўнік пастараўся апраўдаць факт росту баршчэўніку на “нічыйным” кавалачку зямлі, Канстанцін Сумар тут жа яго паправіў: “Нічыйнай зямлі ў нас не павінна быць!”
Дарэчы, што датычыцца вышэйзгаданага баршчэўніку (а па словах Тамара Ялкоўскай, на тэрыторыі вобласці ўзяты на кантроль 98 месцаў яго ўзрастання), тут таксама ніхто не павінен заставацца ўбаку. Пакуль што самы дзейсны спосаб барацьбы з гэтай небяспечнай раслінай – ліквідацыя каранёвай сістэмы ці пастаяннае скошванне, каб у яго не выспявала насенне. З гэтай нагоды вёска Яечкавічы ў Іванаўскім раёне, у якой некалькі разоў скошваюць баршчэўнік, была прыведзена як станоўчы факт барацьбы з раслінай. Значыць, жыхары Баранавіцкага, Брэсцкага, Маларыцкага і Пружанскага раёнаў, дзе больш за ўсё расце баршчэўніку, у стане спыніць яго распаўсюджванне…
– Бачу, што дастаткова канструктыўна і самакрытычна абмяркоўваецца вынесеная на парадак дня тэма, – выказаў сваё меркаванне Аляксандр Якабсон. –
Парадак на зямлі – пытанне вечнае, яно заўсёды актуальнае. Праўда, цераз 10 гадоў будуць іншыя патрабаванні і іншы ўзровень. Гэта тычыцца не толькі зямлі, але і таго, што будзе на ёй… Ды пакуль нельга гаварыць, – працягваў Старшыня Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь, – што ў гэтым кірунку дасягнуты поспех. Магчыма, Брэсцкая вобласць выглядае раўней, чым другія рэгіёны, але недахопаў яшчэ таксама многа… Вельмі правільна зазначыў Канстанцін Андрэевіч Сумар, што зямлю ніадкуль не прывязеш. Мы ганарымся парадкам у Беларусі, але самі ведаем, што ёсць яшчэ мноства сур’ёзных недахопаў. А на Брэстчыне такога не павінна быць. У пытаннях сельгаскультуры вобласць заўжды была лепшай, чым іншыя…
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар запэўніў Аляксандра Якабсона, што выказаныя заўвагі Камітэта будуць выпраўлены. І дадаў: “У любой справе павінна быць сістэма, у тым ліку і ў навядзенні парадку на зямлі, якога наскокам не даб’ешся. Кожны гектар зямлі павінен выкарыстоўвацца эфектыўна. А для гэтага трэба быць гаспадарамі…”
Пераходзячы да разгляду ходу выканання рашэння аблвыканкама ад 21 мая 2012 года №394 “Аб арганізацыі правядзення капітальнага рамонту жыллёвага фонду ў Брэсцкай вобласці на прыкладзе гарадоў Брэст і Баранавічы” і стане работы па правядзенні капрамонту жылля ў гарадах Пінск і Кобрын, Канстанцін Сумар заўважыў: “Тут таксама непачаты край работы. Мы не вытрымліваем не толькі якасці, але і тэрмінаў, з чым трэба ра-забрацца. Гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў”. Дык што перашка-джае рабіць такі рамонт, каб не было нараканняў ад лю-дзей? Як паскорыць рамонт жыллёвага фонду і пры гэтым захаваць якасць? У чым прычына парушэнняў тэрмінаў капрамонту? На гэтыя і іншыя пытанні прыйшлося трымаць адказ і кіраўнікам рэгіёнаў, і жыллёва-камунальнай службе. Зразумела, што нярэдка не хапае сродкаў на капітальны рамонт, ды, па словах Аляксандра Якабсона, не заўсёды своечасова асвойваецца фінансаванне. Відавочныя хібы і ў планаванні…
Між тым, праграма развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі да 2015 года, зацверджаная сёлета Саўмінам, прадугледжвае ў Брэсцкай вобласці істотны рост задання па ўводзе агульнай плошчы жылых дамоў пасля капрамонту – са 150 тысяч квадратных метраў у 2013-м да 190 і 240 тысяч у наступных двух гадах. Адпаведна, патрабуецца зробленае загадзя планаванне, ацэнка магчымасцей і своечасовая мабілізацыя рэсурсаў. “Гэта будзе самая галоўная задача, якую павінны вырашыць у ЖКГ, каб трымаць справаздачу перад насельніцтвам”, – падагульніў Канстанцін Сумар.
Члены аблвыканкама і ўдзельнікі пасяджэння ўсебакова абмеркавалі пытанне “Аб рэалізацыі ў рэгіёнах Брэсцкай вобласці Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”. Асноўны акцэнт быў зроблены на тое, як прымусіць гора-бацькоў, частка з якіх увогуле не жадае працаваць, усё ж такі клапаціцца пра тых, каму яны далі жыццё – хаця б грашыма, калі не ўзнікае гаворкі пра сапраўдную любоў… Канстанцін Сумар выказаў меркаванне аб неабходнасці ўнясення змен у дзеючае заканадаўства адносна бацькоў-лайдакоў. “А ўвогуле ж, гэты Дэкрэт вельмі жыццёвы. Ён цалкам сябе апраўдаў,” – зазначыў губернатар.
Разгляд дадатковага пытання (яно тычылася ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў) закончыўся патрабаваннем да ўсіх рэгіёнаў яшчэ больш уважліва праверыць законнасць знаходжання кожнага чалавека на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў. “Пакуль што гэтую работу нельга лічыць завершанай”, – сказаў кіраўнік Брэстчыны.
Галіна МАЗІНА, “НТ”.

Эканомныя і беражлівыя

Аблвыканкам прысудзіў прэміі за лепшыя вынікі ў галіне эканоміі і беражлівасці за 2012 год:
ААТ “Іванаўскі райаграсэрвіс”, СВК “Новае жыццё-2003”, ААТ “Кобрынскі СБК”, КУВП “Брэсцкая кацельная гаспадарка”, аддзелу адукацыі Пінскага райвыканкама.
Дыпломамі лаўрэатаў узнагаро-джаны:
КВУП “Лунінецкі рамонтна-механічны завод”, СВК “Астрамечава” Брэсцкага раёна, СВК “Опаль-Агра” Іванаўскага раёна, ААТ “Брэстспецмантажбуд №249”, КУП “Брэстабл-дарбуд”, КУП “Баранавіцкі раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва”,  Баранавіцкае камунальнае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства “Вадаканал”, установа адукацыі “Івацэвіцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” і аддзел адукацыі Маларыцкага райвыканкама.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля