Аляксей Паўлюк заўважае ў навакольнай прыродзе тое, чаго ніколі не ўбачыць чалавек з “лянівымі” вачыма
Для Брестчины родной мы сыновья и дочери,
Нам выпал долг земной – природу охранять.
Несем его с собой мы с гордостью и почестью.
Экологов завет готовы выполнять.
(З гімна эколагаў Брэстчыны).
Днямі ў мяне была чарговая нагода пераканацца ў тым, наколькі шчодрая на таленавітых і шчырых, з паэтычным бачаннем свету людзей давыд-гарадоцкая зямля. І раней з задавальненнем чытаў вершы Леаніда Дранько-Майсюка і Віктара Вабішчэвіча, празаічныя творы Георгія Марчука. А колькі, падумалася, у гэтым краі тых, хто, будучы ў сталым узросце, па-ранейшаму ўглядаецца ў навакольны свет вачыма дзіцяці, увесь час не перастаючы здзіўляцца хараству вакол сябе. Гаворачы гэта, я маю на ўвазе Аляксея Васільевіча Паўлюка, які многа гадоў плённай працы аддаў ахове прыроды. Яго шлях – ад радавога інспектара да намесніка старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Напісаць пра Аляксея Васільевіча папрасілі яго былыя калегі па працы без усялякай сувязі з юбілеем ці іншай датай. А гэта ўжо пра многае гаворыць, бо ладзіць хваласпеў непасрэднаму начальніку – адно, а выказаць словы шчырай удзячнасці калегу, з адыходам якога на адпачынак беззваротна страчана нешта безназоўнае, але надзвычай важнае, –
зусім іншае.
Няхай прабачыць мне аддзел кадраў паважанай арганізацыі, але пра свайго героя я буду гаварыць у цяперашнім часе – дарэчы, ён і зараз не парывае сувязі з калектывам.
Сціплы ад прыроды, Аляксей Васільевіч тактоўна і дыпламатычна адмовіўся даваць інтэрв’ю – паводле яго слоў, няёмка рабіць павучэнні тым, хто прафесійна займаецца экалагічнымі праблемамі цяпер. І ўсё ж за той час, пакуль мой суразмоўца падбіраў аргументы, каб пераканаць у ардынарнасці сваёй персоны (“сумленна выконваў службовыя абавязкі”, “працаваў, як і ўсе”…), мне ўдалося адчуць жыццёвую пазіцыю Аляксея Васільевіча, у асобе якога найлепшым чынам паяднаны адданасць прафесіі і захапленне прыродай.
– Праца эколага – спецыфічная і няпростая, – гаворыць Тамара Ялкоўская, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. – Гэта абарона зямлі, паветра, водных багаццяў, запаведных тэрыторый. У дадатак да ўсяго – гэта яшчэ і праца з нарматыўнымі прававымі актамі, якія неабходна дасканала ведаць, даступна тлумачыць і прымяняць на практыцы. Трэба з ўпэўненасцю сказаць, што многімі сваімі дасягненнямі калектыў абавязаны прафесійнай кампе-тэнтнасці Аляксея Васільевіча, яго настойлівасці ў дасягненні пастаўленых задач, здольнасці прыўнесці ў агульную працу аптымістычны настрой… А яшчэ ён выдатны арганізатар і настаўнік, чалавек, які ўмее і любіць працаваць з людзьмі.
Уважліва праглядзеў фотаздымкі, прапанаваныя ў камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, – і, паверце, не ўбачыў і двух-трох, дзе Аляксей Васільевіч адзін. Усюды – з вучонымі-эколагамі, замежнымі калегамі, супрацоўнікамі Мінпрыроды, моладдзю, а яшчэ – з малечай, з уласнымі ўнукамі.
– Калі выязджаем у камандзіроўкі ці па іншай службовай неабходнасці трапляем у свет прыроды, – згадвае Міхаіл Маслабоеў, намеснік старшыні камітэта, – дык Аляксей Васільевіч дапаможа заўважыць тое непрыкметнае, міма чаго прайшоў бы без асаблівай цікаўнасці: зверне ўвагу на суладнае жыццё мурашніка, на гудзенне працавітых пчол і духмяны пах мёду, на тое, як тчэ кросны павучок. А ў самога – агонь у вачах, непаўторная “паўлюкоўская” ўсмешка на твары. Такі ўжо гэта чалавек! Заўсёды зной-дзецца ў яго дасціпны жарт, добрае слова і для старога, і для малога… А які ён рыбак!.. І, можа, не так сама рыба яго цікавіць, як паяднанне з прыродай.
Слухаю Міхаіла Валянцінавіча і ўяўляю ўлюбёнага ў прыгажосць роднага краю чалавека, які ў цішыні рачной затокі назірае за паплаўкамі на хвалях, углядаецца ў прыбярэжную асаку і заўважае ў навакольнай прыродзе тое, чаго ніколі не ўбачыць чалавек з “лянівымі” вачыма. Бачу, як раніцай наступнага дня ён захапляльна, са шматлікімі падрабязнасцямі расказвае пра заўважанае і перажытае. І ўсё гэта – маладым барытонным голасам, надзвычай эмацыянальна, з гумарам…
Цікава было паслухаць і іншых супрацоўнікаў камітэта, бо “толькі ў вачах іншых людзей мы такія, якія ёсць на самай справе”, справядліва сказаў нехта з нашых сучаснікаў.
– Аляксей Васільевіч мог незаўважна – дасціпным жартам, нязмушаным кампліментам – узняць настрой тым, хто быў побач, – расказвае супрацоўнік камітэта Любоў Пахомава. – Прыйшоў неяк у калектыў малады спецыяліст адразу пасля размеркавання. Разгубіўся спачатку, не ўсё ў яго атрымлівалася, калі заданне было больш складаным, –
вядома, працу эколага лёгкай не назавеш. А праз тры-чатыры месяцы не пазнаць чалавека – бадзёры, жыццярадасны, з цікавасцю да ўсяго, што вакол, з жаданнем працаваць і перамагаць цяжкасці. Вось што значыць – добры прыклад настаўніка!.. Бывала іншым разам, нешта не ладзіцца на працы, да ўсяго – на дварэ непагадзь, а з’яўляецца ў дзвярах Аляксей Васільевіч і разам з прывітаннем: “Які цёплы дождж! Не паверыце! Такі дождж!.. Усё ў прыродзе прыгожа і дасканала…” А ведаеце, якое ў яго любімае слова?.. “Выдатна!” Выдатна нават тады, калі і жыццё нямілае, і з рук усё валіцца. Так можа сказаць толькі аптыміст, чалавек бясконца ўлюбёны ў жыццё. І сёння, калі тэлефануе ці заходзіць, на звыклае: “Як жыццё?” – мы адказваем яго ж словамі: “Выдатна, Аляксей Васільевіч!..”
Сказаць добрае слова пра настаўніка пажадалі і маладыя супрацоўнікі аддзела.
– Ён настаўнік не толькі па першай прафесіі, – гаворыць Аксана Валоска. – Пад яго бацькоўскай апекай мы набіраліся прафесійнага, ды і жыццёвага вопыту… А яшчэ ён не баяўся здацца несур’ёзным, не перажываў, што нехта можа паблажліва ўсміхнуцца, назіраючы за тым, як сталага веку чалавек гуляе з дзецьмі ў футбол ці валейбол. З такім начальнікам і працаваць было лёгка. Да яго можна было падысці з любымі праблемамі – абавязкова дапаможа.
У калектыве мне расказалі, што Аляксей Васільевіч непераўзыдзены апавядальнік, піша вершы (дарэчы, ён аўтар гімна эколагаў Брэстчыны, пачатак якога прыведзены ў якасці эпіграфа), іграе на гітары і гармоніку, добра спявае, любіць збіраць грыбы, лавіць рыбу. Пра самую вялікую злоўленую ім рыбіну я, на жаль, не даведаўся, затое цяпер цвёрда ведаю і вам, паважаныя чытачы, падказваю, што грыбы лепш “даставаць” з зямлі, акуратна іх пакручваючы. У такім выпадку не будзе загніваць грыбніца…
Размаўляючы з Аляксеем Васільевічам, я заўважыў, як балюча адчуваць цяжар антрапагеннай нагрузкі чалавеку, які прыгажосць і пяшчоту прыроды параўноўвае з мацярынскай любоўю. І яшчэ: для яго любіць прыроду –
гэта ў першую чаргу абараняць яе ад людзей абыякавых, што жывуць адным днём, імкнуцца атрымаць выгоду цяпер, не дбаючы пра дзень заўтрашні…
Аляксей Паўлюк, як і заўжды, жыве паўсядзённымі клопатамі пра дзяцей і ўнукаў, прыроду роднай зямлі. Яго найпершае жаданне – зрабіць так, каб кожны брастаўчанін ганарыўся сваім краем, каб берасцейская зямля была падарункам для кожнага з нас.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.
Фота з архіва абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.