Беларусь

Няхай гавораць!//Знакамітыя таксама плачуць


НЯХАЙ ГАВОРАЦЬ!
“Я – зорка, паспрабуйце паспрачацца!” – такая пазіцыя, безумоўна, выклікае цікавасць навакольных і падштурхоўвае даведацца, ці так яно сапраўды.
Многім з нас хацелася б заўсёды быць у цэнтры ўвагі і, што немалаважна, атрымліваць усе магчымыя бонусы ад гэтай папулярнасці.
А што, калі вядомымі мы становімся не па сваім жаданні – з-за выбранай прафесіі, яркай знешнасці, кола знаёмстваў ці яшчэ з-за чаго? Прычын, па якіх мы выклікаем інтарэс іншых людзей, можа быць шмат. Пераканана, што маючы IQ больш, чым у мандарына, можна выкарыстаць гэты жыццёвы аспект удала для сябе.
Бясспрэчна, самым вялікім “плюсам” з’яўляецца здольнасць адчыняць дзверы і атрымліваць тое, што хочаш, незалежна ад магчымасцей. Шэраг турбот і праблем вырашаюцца, калі людзі гавораць: “Гэта ж Вас я бачыў па тэлевізары” альбо “Пра  Вас пішуць у інтэрнэце”. І няважна, што паказваюць і што пішуць: сапраўдныя зоркі гатовыя аддаць немалыя грошы за такую славу, а калі камусьці цікава сачыць за развіццём падзей у жыцці такой зоркі, дык чаму і не?!
Не было яшчэ такога, каб вядомага чалавека любілі ўсе. Кожнага знойдуць за што “прапясочыць”. Як гаворыць мая бабуля: “На здароўе!” З цягам часу выпрацоўваецца імунітэт на ўсялякі негатыў  і адшліфоўваюцца такія карысныя чалавечыя якасці, як упэўненасць, амбіцыёзнасць і ўменне ісці “па галовах”. Можа, дзякуючы ім становіцца і лягчэй жыць.
Папулярнасць можа напаткаць нас у любы момант, а можна стварыць яе штучным спосабам. У любым выпадку, пацвярджаючы ганаровае вызначэнне “чалавек разумны”, варта знайсці ёй годнае прымяненне, нават на зайздрасць іншым хома сапіенсам. Так? Пішыце мне на e-mail: olya_sviridovich@mail.ru.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

ЗНАКАМІТЫЯ ТАКСАМА ПЛАЧУЦЬ
Ад адзіноты, абмежаванасці ўласнай прасторы і надакучлівых папарацы, ад таго, што напружаны графік часта не дазваляе знаходзіцца побач з блізкімі… Падстаў для слёз, насамрэч, безліч. Яны і ёсць адваротны бок папулярнасці.
Вядома, у зорак шмат прывілеяў, пра якія нам, простым смяротным, можна толькі марыць. І ўсё ж! Папулярныя людзі значна часцей становяцца аб’ектам брудных плётак. Кумір прыраўноўваецца да ідэалу, таму не мае права на памылку. У той жа час мы зусім не здзіўляемся, калі мясцовы дэбашыр зноў вяртаецца дадому нецвярозым. Апыніся на яго месцы, скажам, Кейт Мос – і фотахроніка з яе прыгодамі ўжо “ўпрыгожвала” б старонкі газет і часопісаў.
Ды занадта актыўныя прыхільнікі дадаюць перцу ў нялёгкае жыццё “селебрытыз”. Фактычна на кожным кроку знаходзяцца гатовыя на ўсё знаўцы творчасці. Каб пазбегнуць непажаданых кантактаў, знакамітасцям прыходзіцца наймаць асабістых целаахоўнікаў, але і яны – не гарант абсалютнай бяспекі. Жахлівы прыклад “бітла” Джона Ленана, які загінуў ад рукі свайго фаната Марка Чэпмэна, выдатна гэта даказвае.
Грамадскасць пільна сочыць за тым, як знакамітасці ўлюбляюцца, жэняцца, нараджаюць дзяцей і нават паміраюць… Жыццё пад прыцэлам фота- і тэлекамер часта заканчваецца трагічна. Спіс тых, хто не здолеў справіцца з цяжарам славы, папаўняецца з кожным годам. Ці не пра гэта варта задумацца, перш чым глянуць на сваіх прыгожых і шчаслівых куміраў праз ружовыя акуляры і захацець быць падобнымі да іх?
Вы таксама лічыце, што папулярнасць – гэта цяжкая ноша? Уключайцеся ў дыскусію! Адраc усё той жа: ninkaLe@mail.ru.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля