Беларусь

Бойцеся… грыбоў


Грыбны сезон яшчэ не пачаўся, а ў Брэсце ўжо ёсць ахвяры

раблема атручэння грыбамі актуальная заўсёды, бо з году ў год аматары грыбных страў трапляюць на бальнічныя ложкі, а для некага ўсё заканчваецца яшчэ трагічней. Сёлета ў вобласці ўжо зарэгістраваны два выпадкі харчовага атручэння грыбамі ў Брэсце з двума пацярпелымі. Атруціліся людзі грыбамі (апенькамі і зялёнкамі), якія сабралі летась, адварылі і замарозілі. Верагодна, была парушана тэхналогія апрацоўкі і захоўвання грыбоў.
Увесну магчымыя атручэнні смарчкамі і страчкамі. Першыя адносяцца да грыбоў, нарыхтоўка якіх дазваляецца. Але трэба памятаць, што абясшкодзіць іх поўнасцю можна сушкай ці кіпячэннем. Сушаць смарчкі на паветры 1-2 месяцы, пасля чаго яны становяцца бясшкоднымі. Другі спосаб –
пачысціць, памыць і парэзаць грыбы і кіпяціць у вадзе двойчы па 15-20 хвілін. Адвар зліваюць – не ўжываюць яго таму, што ў час варкі ў ваду пераходзяць з грыбоў ядавітыя рэчывы. Пасля варкі смарчкі трэба прамыць, адціснуць і толькі потым выкарыстоўваць для прыгатавання грыбных страў.
Страчок звычайны ў адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных правіл і нормаў адносіцца да ядавітых і неядомых грыбоў. Устаноўлена, што ў пладовым целе грыба ёсць таксін гірамітрын, які па характары дзеяння нагадвае таксіны белай паганкі. Таксін пашкоджвае печань, селязёнку, ныркі, сэрца, чырвоныя крывяныя цельцы, парушае абмен рэчываў і пашкоджвае цэнтральную нервовую сістэму. Пры кіпячэнні ён не разбураецца.
Таму бярыце і купляйце толькі вядомыя вам ядомыя грыбы. Сачыце, каб дзеці не елі і не спрабавалі сырыя грыбы. Нават добрыя з іх могуць назапашваць ядавітыя рэчы, таму не збірайце іх у рысе горада, ля транспартных магістралей. Купляйце толькі тыя грыбы, якія прайшлі санітарную экспертызу. Памятайце, што на рынках вобласці дазволены гандаль трубчастымі ці губчатымі грыбамі (белыя, маслякі, падбярозавікі, польскія, махавікі) і пласціністымі (грузды, ваўнянкі, лісічкі, апенькі, сыраежкі, шампіньёны). Забаронены продаж прыватнымі асобамі салёных і марынаваных грыбоў хатняга прыгатавання.
Ніякіх прыкмет таксічнасці грыбоў не існуе, таму неабходна вывучыць іх батанічныя прыкметы, мець уяўленне, як выглядае той ці іншы грыб. Вядома ж, пацікаўцеся правіламі іх кулінарнай апрацоўкі і ўмовамі захавання. Гэтыя веды засцерагуць вас і вашых родных ад непрыемнасцей.
Галіна ДУЛЬ,
загадчык аддзялення гігіены харчавання ДУ «БАЦГЭіГЗ».

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля