Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • Аляксандр Якабсон правёў прыём грамадзян у Кобрыне і наведаў прадпрыемства “Санта Брэмар”

Аляксандр Якабсон правёў прыём грамадзян у Кобрыне і наведаў прадпрыемства “Санта Брэмар”


У калідоры Кобрынскага райвыканкама 26 сакавіка было шматлюдна – на прыём да кіраўніка Дзяржкантролю рэспублікі запісаліся 16 чалавек. Прыйшло значна больш, бо шэраг зваротаў аказаліся групавымі. Аляксандр Якабсон прыняў і выслухаў усіх.

Першымі ў кабінет зайшлі тры жанчыны. Вольга Пятроўская патлумачыла: у чарзе на жыллё – з 2007 года. Уключылі ў ЖБСК-58,
але на сходзе высветлілася: у чарзе 15 сем’яў прэтэндуюць на 3-пакаёвыя кватэры, а ў доме іх толькі 5. У кааператыве засталіся толькі тыя, хто стаў на чаргу раней, астатнім паабяцалі ў хуткім часе новы ЖБСК. Людзі паверылі абяцанням і… трапілі толькі ў 63-ці.
Ёсць падазрэнні, што іх абмінулі і зацягнулі ўключэнне ў кааператыў.
Старшыня КДК краіны дапытваецца ў мясцовага кіраўніцтва (на прыёме прысутнічаюць старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, кіраўнікі раённых службаў), як такое магло здарыцца. Тлумачэнні чыноўнікаў Аляксандра Якабсона не задавальняюць, і ён зрабіў выснову: “Я бачу нядобрасумленнасць мясцовай улады. Разабрацца трэба дакладна – гэта справа гонару выканкама, бо вы далі маху”.
Затым на прыём прыйшлі адразу 6 чалавек. Ала Кананюк патлумачыла праблемы членаў кааператыва “Камета-58”: дом павінны былі здаць летась, а здалі ў канцы студзеня 2012-га,
на руках у людзей з дакументаў – толькі крэдытныя дагаворы з банкам. “Чаму ж не засяляецеся?” –
пацікавіўся Аляксандр Якабсон. “Дык там жа недаробак шмат, ніякіх папер па прыёмцы кватэр мы не падпісвалі”, – адказалі жанчыны. Высвятленне пытання, хто падпісаў акт дзяржпрыёмкі новабудоўлі, заняло пэўны час. Аляксандр Серафімавіч канстатаваў: “Дом здалі, а людзі не жывуць. Навошта акт падпісалі, калі кватэры не гатовыя прыняць навасёлаў?” І звярнуўся да заяўніц: “Вы прабачце, што так з вамі абышліся. Мне і самому няёмка…”
Наступная наведвальніца – і зноў жыллёвае пытанне з блытанінай па ўключэнні ў кааператыў. Яшчэ адна: 62-гі ЖБСК не трапіў у праграму будаўніцтва на 2012 год, і людзям не тлумачаць, якія ж перспектывы ў іх наваселля. У кабінет зноў зайшла група – 5 членаў кааператыва “Метэор-59”. Дом павінны былі здаць у снежні 2011-га. Калі гэта падзея нарэшце адбудзецца – незразумела. Расце кошт кватэрнага метра, змяняюцца ўмовы крэдытавання, і, натуральна, людзі турбуюцца…
Становіцца відавочным, што жыллёвая тэма на Кобрыншчыне стаіць вельмі востра. Больш таго, склалася ўражанне, што чыноўнікі нібыта хаваюцца ад грамадзян. Калі ж адказныя асобы спрабавалі падаць сітуацыю так, быццам гэта людзі не зразумелі раней атрыманыя тлумачэнні, Аляксандр Якабсон спыніў: “Шукайце прычыну не ў іх, а ў сабе”.
Як скарыстаць чэкі “Жыллё”, каб дабудаваць дом на месцы згарэўшага; чаму адна служба дае прадпісанне навесці парадак з плотам, а другая потым выпісвае штраф за незаконную яго ўстаноўку (між іншым, на ранейшым месцы); аграгарадок у Навасёлках зрабілі, а дарога да вёскі так і застаецца незаасфальтаванай…
Даўно ўжо мінулі адведзеныя для прыёму дзве гадзіны, а людзі чакалі сваёй чаргі.
– Уражанні ад прыёму не самыя пазітыўныя, – Аляксандр Якабсон з журналістамі гаварыў шчыра і ўзгадаў свой папярэдні прыём у Наваполацку: –
Там з насельніцтвам працуюць больш актыўна. Тут жа, акрамя аб’ектыўных пытанняў, звязаных з фарміраваннем жыллёва-будаўнічых кааператываў, іх фінансаваннем, умовамі крэдытавання і так далей, вельмі шмат пытанняў мясцовага парадку, якія, як я кажу, павінны “паміраць” на ўзроўні раённым, нават не абласным. Трэба мець больш зносін з людзьмі мясцоваму кіраўніцтву, бачыць іх праблемы…
На думку кіраўніка Дзяржкантролю краіны, “прамыя лініі”, прыёмы грамадзян застаюцца актуальнымі. “Тое, што сёння Кіраўнік дзяржавы патрабуе ад кіраўнікоў усіх узроўняў часцей бачыцца з людзьмі, сябе апраўдвае. І ў чарговы раз я ў тым сёння пераканаўся, –
зазначыў Аляксандр Якабсон. – Прама скажу, што настрой не самы лепшы ад тых пытанняў, якія ўзніклі ў Кобрыне. Па кожным канкрэтным выпадку будзем аб’ектыўна разбірацца і справядліва. Галоўнае для чалавека –
справядлівае рашэнне”.
Пэўныя высновы з кобрынскага прыёму грамадзян Дзяржкантроль зробіць (старшыня рэспубліканскага Камітэта даў адпаведныя даручэнні калегам з абласнога КДК), але ж вывады трэба рабіць і мясцовай уладзе. Тым больш, што з увядзеннем электронных зваротаў работы прыбавілася, а калі не навучыцца належным чынам яе выконваць, дык і ў наступны прыём ці то Аляксандра Якабсона, ці то іншай высокай службовай асобы будзе шквал зваротаў, якія не самым лепшым чынам ахарактарызуюць органы мясцовай улады і тутэйшых чыноўнікаў.
Зусім супрацьлеглыя эмоцыі ў старшыні КДК Рэспублікі Беларусь з’явіліся ў другой палове дня, калі ён наведаў СП “Санта Брэмар” – адно з вядучых прадпрыемстваў СЭЗ “Брэст”, вядомага вытворцу рыбнай прадукцыі. Аляксандр Якабсон у суправаджэнні генеральнага дырэктара Аляксандра Машэнскага прайшоў па цэхах, пазнаёміўся з прадукцыяй  вядомага брэнда, пагутарыў з людзьмі. Яго цікавілі інавацыі на вытворчасці, экспартны патэнцыял прадпрыемства, яго перспектывы.
“Тут я атрымаў задавальненне ад убачанага: і ад культуры вытворчасці, і ад людзей, – сказаў Аляксандр Якабсон. –
Прадпрыемства такімі добрымі крокамі ідзе наперад, развіваецца! Гэта, безумоўна, радуе. Бачу, што жаданне ёсць, абсталяванне ёсць, самае галоўнае –
кадры ёсць, якія будуць прасоўваць прадукцыю, трымаць марку”. Прагучала і думка пра тое, што ў рыбнай галіне варта сваю прадукцыю вырошчваць і перапрацоўваць на самым сучасным узроўні, каб і 100-працэнтна беларускую рыбу ацанілі спажыўцы як у рэспубліцы, так і за яе межамі.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Кобрын – г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля