Беларусь

  • Главная
  • На першым плане
  • Гран-пры XVII Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа-2012. Класіка Plus” атрымаў познаньскі вулічны тэатр

Гран-пры XVII Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа-2012. Класіка Plus” атрымаў познаньскі вулічны тэатр


Каб разгадаць галоўную інтрыгу вечара, публіцы спачатку давялося прайсці выпрабаванне дрэннай акцёрскай гульнёй і часам, а дакладней 150 хвілінамі – прыкладна столькі доўжыўся спектакль “Маскарад” Маскоўскага драматычнага тэатра на Пяроўскай. Пасля выступлення прадстаўнікоў так званай тэатральнай Мекі, думалася, дзівіцца ўжо няма чаму. Аднак выніковы вердыкт каманды арбітраў пад кіраўніцтвам прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзіміра Мішчанчука прымусіў-такі прысутных здзіўлена ўскінуць бровы.
“Каму ж дастанецца гран-пры?” – пытанне з вуснаў старшыні журы гучала хутчэй рытарычна, бо ўсё даўно было вырашана. Аднак публіка ахвотна падтрымала жартаўлівую гульню. Цішыню парушыла нясмелае: “Калігула”. Нібы рэхам адгукнулася яшчэ адно, за ім – наступнае, грамчэй і выразней папярэдніх. На жаль, адказ няправільны! Насуперак шматлікім чаканням суддзі аддалі перавагу вулічнай пастаноўцы “Макбет, хто той акрываўлены чалавек?” Познаньскага тэатра Biuro Podrozy. Ці ж не жарт – яго паглядзела амаль палова горада! Супрацоўнікам правапарадку нават давялося перакрыць дарожны рух, каб артысты спакойна разыгралі сваю антываенную драму з шэкспіраўскай перадгісторыяй.
“Калігулу” ж Ровенскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра не абышлі прыхільнасцю тэатразнаўцы, што працавалі на форуме. Яны адзначылі пастаноўку спецыяльным дыпломам “Вышыня”. Тым не менш, нават без афіцыйнага гран-пры спектакль развітаўся з фэстам фаварытам у вачах ягоных гасцей. Атмасфера крывавага жаху і ўсеагульнага маральнага раскладання ў версіі рэжысёра Сяргея Паўлюка аказалася непарыўна звязанай з таямнічай экзістэнцыяльнай рамантыкай, у якую проста немагчыма было не закахацца. І Брэст закахаўся! Здаўся без бою на літасць вышуканым украінскім правакатарам. Абсурдная трагедыя паводле п’есы Альбера Камю паказала нам не толькі самага жорсткага рымскага імператара, вобраз якога скрозь пранізаны багаццем гістарычных штампаў. Некалі свабодалюбівы галоўны герой у выкананні заслужанага артыста Украіны Андрэя Кудзелі паўстаў перад гледачамі адзінокім вар’ятам, пакалечаным фізічна і духоўна. Зрэшты, запалоненыя сэрцы і думкі гледачоў, мабыць, і ёсць найжаданейшая ўзнагарода для артыстаў. Таму ў Роўна трупа павезла яшчэ і шчырую глядацкую любоў, якая здарылася літаральна з першага погляду.
Што да іншых лаўрэатаў тэатральнага форуму – вулічныя артысты з Познані не адзіныя палякі, якія святкавалі ў той вечар перамогу. Двума дыпломамі ганараваны драмтэатр імя А. Вянгеркі ў Беластоку. Столькі ж разоў узгадалі і пастаноўку гаспадароў фэсту “Над прорвай у жыце”. Брэсцкі Холдэн Колфід – Анатоль Бараннік – таксама двойчы паднімаўся за лаўрамі: за дыпломам за акцёрскі дэбют і спецыяльным прызам ад кампаніі МТС.
Хоць колькасць фестывальных узнагарод дасягнула сёлета 8, ды на сцэну за трафеямі выйшлі далёка не ўсе. Заўважыўшы, да чаго ж сіратліва глядзяцца сёлетнія трыумфатары, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар паабяцаў матэрыяльна паклапаціцца пра тое, каб у будучым усе ўдзельнікі “Белай Вежы” змаглі дачакацца фіналу і ўзысці на п’едэстал поўным складам. Дарэчы, гэтае абяцанне ён прымацаваў да яшчэ аднаго, дадзенага ў першы фестывальны вечар: пабудаваць новую канцэртную залу акурат да 20-годдзя вядомага тэатральнага форуму. Што ж, станоўчыя перамены фестывалю будуць толькі да твару, таму чакаем з нецярпеннем.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Людміла Грамыка, галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва”, г. Мінск:
– Што на фестывалі больш за ўсё здзівіла? Адназначна, карова ў капронавай спадніцы, якую мы пабачылі ў спектаклі “72 небыліцы” Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Б. Басангава з Калмыкіі. Аб чым буду памятаць і думаць у плане вопыту прафесійнага, што быў для мяне ў пэўным сэнсе закрыты, – японская пастаноўка “Dojo-Ji”. Захапілі “Гульцы” Рускага тэатра Эстоніі, акцёрскае і рэжысёрскае суіснаванне ў гэтым. Уразіў “Майстар і Маргарыта” бессэнсоўнасцю звароту да вядомага твора. Пачуццё ўдзячнасці адчула на спектаклі “Над прорвай у жыце” брастаўчан, бо ведаю, як складана існуе беларускі тэатр і як цяжка працаваць з маладымі, рэжысёру і акцёрам рухацца да адной мэты. Што выклікала поўнае адмаўленне – мужчынскі балет Валерыя Міхайлоўскага. Не магу растлумачыць прысутнасць такой пастаноўкі на форуме. Што апраўдала спробу ўвесці фестываль у пэўны канцэпт і апраўдала сам фестываль – спектакль “Калігула”. Гэта на 100 працэнтаў фестывальны прадукт. Ён апраўдвае і прызначэнне самога тэатра ў сучасным свеце.
Пераможцы “Белай Вежы-2012. Класіка Plus”
Гран-пры – “Макбет, хто той акрываўлены чалавек?”, тэатр Biuro Podrozy, Познань, /Павел Шкотак/.
Лепшы акцёрскі ансамбль у класічным творы – “Гульцы”, Рускі тэатр Эстоніі, Талін, /рэжысёр – Сяргей Фядотаў/.
Лепшы класічны спектакль малых форм – “Тэатральныя істоты”, Драматычны тэатр імя А.Вянгеркі ў Беластоку, Польшча, /Роберт Чахоўскі/.
Лепшы класічны спектакль для дзяцей і падлеткаў – “Крылы для Дзюймовачкі”, Палтаўскі акадэмічны абласны тэатр лялек, Украіна, /Аксана Дзмітрыева/.
Лепшая мужчынская роля – Алег Радавільскі, “Жанчына ў пясках”, Тэатр “ZERO”, Ізраіль.
Лепшая жаночая роля – Аліцыя Дамброўска, “Тэатральныя істоты”, Драматычны тэатр імя А. Вянгеркі ў Беластоку, Польшча.
Акцёрскі дэбют у класічным творы – Анатоль Бараннік за ролю Холдэна Колфілда, “Над прорвай ў жыце”, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы /Цімафей Ільеўскі/. І спецыяльны прыз  ад МТС.
Спецыяльны дыплом лаўрэата ад міжнароднага журы фестывалю “Белая вежа – 2012. Класіка  PLUS” за зберажэнне лепшых класічных традыцый рускага псіхалагічнага тэатра  – народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі за ролю Фамусава, “Гора ад розуму”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, Мінск, /Сяргей Кавальчык/.
Спецыяльны дыплом крытыкаў “Вышыня”  – “Калігула”, Ровенскі абласны акадэмічны ўкраінскі музычна-драматычны тэатр /Сяргей Паўлюк/.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля