Памылка Пахлёбкіна, або Дзе знаходзіцца нацыянальная беларуская кухня
Мы едзем у Італію паспрабаваць піцу, у Японію – па сушы, у Галандыю – па сыр, у Швейцарыю – пасмакаваць фандзю, у Расію – паласавацца ікрой… Распешчанае чалавецтва захапляецца зараз кулінарным турызмам не менш, чым аграрным ці экалагічным. Якіх толькі фестываляў не ладзяць: песні і танцаў, народнай творчасці, вішань, народнага гумару… А дзяжурнае вызначэнне для ўсяго багацця народнага стала – толькі «чарка ды скварка». Між тым, стравамі традыцыйнай беларускай кухні можна прыцягнуць патэнцыйных турыстаў-гурманаў у Беларусь. Папоўніць прабел і закліканы фестываль «Мотальскія прысмакі», які вось ужо шосты год запар праводзіцца ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна. Гэтае па-сапраўднаму займальнае кулінарнае падарожжа прадугледжвае знаёмства з густам нашых продкаў, а таксама рэцэптамі страў, якія можна лёгка прыгатаваць дома, каб здзівіць сваіх родных і гасцей.
БУСЛЫ НАД КУПАЛАМІ
Запрашаючы сваіх знаёмых і сяброў на кулінарны фестываль у Моталь, заўсёды запэўніваю: «Такога вы не забудзеце ніколі! Такога не ўбачыце больш нідзе!» І надта прыемна, што кожны раз не памыляюся. Арганізатарам мерапрыемства – Іванаўскаму райвыканкаму, Мотальскаму сельскаму Савету, БГА «Адпачынак на вёсцы» – удаецца штогод здзіўляць гасцей не толькі багаццем ежы і якасцю тавараў мясцовай вытворчасці, але і насычанай культурнай праграмай.
Сёлетні фестываль адметны тым, што супаў са святкаваннем 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Да гэтай даты ў Моталі паспелі правесці рэканструкцыю храма Праабражэння Гасподняга, на якую мясцовыя прадпрымальнікі, калектывы арганізацый і прадпрыемстваў ахвяравалі паўтара мільярда рублёў. Яшчэ 300 мільёнаў склалі добраахвотныя ахвяраванні насельніцтва.
…Жнівеньскай раніцай першыя сонечныя промні золатам запалілі абноўленыя купалы царквы. Высока ў небе радасна кружыліся тры буслы – як сімвал дабрабыту мястэчка. Хлебам-соллю, якія паднёс Сцяпан Шыкалай – заснавальнік сучаснай мотальскай каўбаснай вытворчасці, кіраўнікі Іванаўскага Благачыння і шматлікія вернікі сустрэлі жадана-шаноўнага госця – архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана.
Пасля набажэнства і асвячэння царквы ён уручыў царкоўныя ўзнагароды за працу па яе аднаўленні старшыні ТАА «Агра-Моталь» Вячаславу Каштальяну, дырэктару філіяла «Кааппрам» Іванаўскага райспажыўтаварыства Мікалаю Шыкалаю, заснавальніку ВК «Моталь» Сцяпану Шыкалаю і яго сыну Мікалаю, цяперашняму дырэктару прадпрыемства, заснавальніку ВУП «Шыкалай» Якаву Шыкалаю, дырэктару ПГВУП «Анікс Саніа» Мікалаю Стасевічу.
Пасля гэтага пад урачысты перазвон царкоўных званоў адбыўся хрэсны ход на цэнтральную плошчу аграгарадка, дзе архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан са сцэны павіншаваў гасцей і блаславіў фэст.
ПРОСТЫЯ САКРЭТЫ СМАКАТЫ
Тым часам аўтарытэтная камісія «рэвізавала» мотальскія шынкі, імправізаваныя падворкі сельсаветаў і сельгасарганізацый раёна, знаёмілася з «Горадам майстроў».
Праходзячы паміж сталамі, якія ледзь не ламаліся ад каўбас, рыбы, сыру, булак ды іншых прысмакаў, я разважала аб тым, як глыбока памыляўся Вільям Пахлёбкін – сусветна вядомы кулінар, які сцвярджаў, што на самай справе такога паняцця, як “нацыянальная кухня беларусаў”, не існуе. На яго думку, сваю самастойнасць беларуская кухня здабыла да канца XIX стагоддзя. А «саслоўныя і рэлігійныя адрозненні беларускага насельніцтва перашкаджалі распрацоўцы нацыянальных кулінарных прыёмаў і асобных страў, уласцівых толькі беларускай кухні». Усё ж такі ён з-за недахопу часу нас неяк абмінуў. І, як спяваў у адной са сваіх песень Уладзімір Высоцкі, мне стала вельмі «крыўдна за продкаў».
Пагутарыўшы з маталянкамі, разумею, як няпроста спецыялістам вылучыць спрадвечныя беларускія рэцэпты. Палескія гаспадыні да сваіх сакрэтаў ставяцца вельмі дбайна. У кнізе «Народная кухня маталян», якая стала вынікам экспедыцыі Тадэвуша Навагродскага, утрымліваецца каля ста запісаных гутарак з жыхаркамі Іванаўскага раёна. Калі вельмі пастарацца, дык вызначыць спосабы прыгатавання страў можна, аднак з дозамі ды ўсякімі там грамамі-кілаграмамі складана.
Кулінарных асаблівасцей у палескім рэгіёне мноства. Тут традыцыйна шмат страў з рыбы, малака і тварагу. Так склалася, што Моталь праславіўся чамусьці толькі каўбасой і мяснымі вырабамі. Каўбаса, праўда, смачная. Але дзіўна было даведацца, што такую папулярную ў многіх рэгіёнах страву, як крывяная каўбаса, тут ніколі не рабілі – ужыванне крыві жывёл у ежу лічылася вялікім грахом. Ніякіх катлет у традыцыйным разуменні не смажылі, роўна як і бульбы. Яно і зразумела – у печы зручней нешта варыць ці запякаць. Таму адной з самых простых і папулярных страў сталі запечаныя рулька ды мяса ў цесце. Традыцыйную абрадавую куццю рыхтавалі без рысу і сухафруктаў – проста разводзілі мёд вадой. Ды і наогул, калі коратка сфармуляваць асноўны прынцып гэтай кухні, можна сказаць, што галоўнае тут – прастата падрыхтоўкі і мінімальны набор прыпраў. Гэта ўсё, што расце на агародзе, – кінза (тут яе называюць «календра»), кроп, часнок і цыбуля. Зараз дадаюць лаўровы ліст, але раней пра яго і не чулі. Такім чынам, усе мотальскія стравы маюць натуральныя складальнікі.
ПАНАЕХАЛА ГАСЦЕЙ…
Адкрываючы фестываль, Юрый Бісун – старшыня Іванаўскага райвыканкама, адзначыў духоўныя і матэрыяльныя дасягненні маталян, людзей гасцінных, руплівых, прадпрымальных, і павіншаваў хлебаробаў з завяршэннем жніва, а тым, хто займаўся добраўпарадкаваннем Моталя, уручыў граматы.
«Маталяне запрашаюць» – так называлася канцэртная праграма гасцявых калектываў з Расіі, Украіны і Польшчы, якія традыцыйна прымаюць удзел у фэсце. А пакуль прыезджыя артысты і калектывы мастацкай самадзейнасці забаўлялі публіку на галоўнай сцэне і канцэртных пляцоўках, ганаровыя госці – намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Дарагакупец, Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Мікіта Маткоўскі, Генеральны консул Украіны ў Брэсце Алег Мысык, намеснік Пасла Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Ганна Бэн-Эзла, намеснік Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Брэсце Станіслаў Шыпульскі, войт гміны Янаў-Падляскі Яцэк Марыюш Хура, старшыня БГА «Адпачынак на вёсцы» Валерыя Кліцунова – смакавалі апетытныя прысмакі, прыгатаваныя ўдзельнікамі дэгустацыйных сталоў «Парады бабуль – майстэрства ўнукаў», мэта якіх – перадаць сакрэты прыгатавання старадаўніх народных страў маладому пакаленню.
ЧАМУ ЗАМІ ШРАЙБЕР ВЫБРАЎ МОТАЛЬ?
Моталь – адна з самых населеных вёсак Беларусі (у ёй пражывае больш за 4,5 тысячы чалавек). Тут беражліва захоўваюць звычаі і традыцыі продкаў, у тым ліку і гастранамічныя, развіваюць мастацкія промыслы. Да гэтага часу для многіх жыхароў Беларусі і далёкага замежжа застаецца прывабным старадаўні заклік: «Паедзем да Матыля!»
Аб гасціннасці маталян існуе легенда. Калісьці, у старадаўнія часы, на шляху з Галіцкай Русі да Вялікага Княства Літоўскага прадпрымальны чалавек па імені Матыль пабудаваў «гатэль» – карчму і заезны двор для адпачынку. Праз Моталь праходзіць маршрут Міжнароднага веласіпеднага тура салідарнасці з турыстычнай Беларуссю. Яго ўдзельнікі таксама высока ацанілі цёплы прыём мясцовых жыхароў. Мястэчка славіцца вельмі багатай і цікавай гісторыяй, у тым ліку і яўрэйскай. Тут да жніўня 1941 года пражывала нямала прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці, тут знаходзіцца дом першага Прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана і адноўлены старадаўнія яўрэйскія могілкі.
Цалкам апраўдана, што арганізатары і ўдзельнікі фестывалю «Мотальскія прысмакі» праявілі цікавасць да традыцыйнай яўрэйскай кухні, стравы якой некалі рыхтавалі ў гэтых краях.
Майстар-клас «Усходне-еўрапейскія яўрэйскія традыцыі ў сучаснай ізраільскай кухні» сумесна з Валерыяй Кліцуновай і Ганнай Бэн-Эзла правёў у сталовай школы №1 сам Замі Шрайбер, уладальнік і шэф-повар найстарэйшага ізраільскага рэстарана, які «нарадзіўся» практычна адначасова з дзяржавай Ізраіль –
у 1948 годзе. Усе, хто пабываў на дэгустацыі, змаглі ацаніць непаўторны смак кашэрных страў. У Моталі ён прадставіў салаты з курынай печані, капусты, яек, фаршыраваную рыбу, катлеты з ялавічыны, курыныя ножкі з цыбуляй і бульбай, іншыя стравы.
Не саступалі ў майстэрстве ўладальніку рэстаранаў маладыя кухары аб’яднання «Суполка кухараў», якое папулярызуе беларускую кухню. Па-майстэрску прыгатаваныя стравы прыйшліся даспадобы маталянам і прадстаўнікам СМІ. Інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання, соус-шэф сеткі сушы-бараў «Еўразія» Станіслаў Любас прыгатаваў «Верашчаку», а шэф-повар рэстарана «BierKeller», выкладчык кулінарнай школы, вядучы праграмы «Справа густу» Антон Кабанаў прапанаваў публіцы на спробу «Лазанкі».
«Сакрэты падрыхтоўкі страў беларускай кухні мы чэрпаем з кніг і ў выніку зносін з этнографамі, якія рэкамендавалі нам літаратуру па канкрэтным рэгіёне. А потым ужо самі рыхтуем і эксперыментуем», – растлумачыў Антон Кабанаў.
ПРАРАДЗІМА СЛАВЯН
Хто мы? Дзе нашы карані? Няма, напэўна, чалавека, якога не хвалявалі б гэтыя пытанні. Дарэчы, паводле апошніх даследванняў беларускіх археолагаў, можна сцвярджаць, што прарадзіма славян – Палессе. Таму невыпадкова на фестывалі «Мотальскія прысмакі» адбылося ўрачыстае адкрыццё музея археалогіі – філіяла Мотальскага музея народнай творчасці. Гэта падзея выклікала вялікую цікавасць тых, хто захапляецца гісторыяй роднага краю.
Хто мог падумаць, што на тэрыторыі Іванаўскага раёна людзі пачалі сяліцца больш за 10 тысячагоддзяў назад?!
– На распрацаванай першабытнай стаянцы, якую вызначылі на беразе Ясельды, што носіць назву Задні Груд, знайшлі цэлае паселішча першабытных людзей. На старажытных помніках ля Моталя ёсць выразныя доказы іх прысутнасці. Пазнаёміцца з імі можна на выставах музея, – расказвае Алена Калечыц, прафесар, доктар гістарычных навук, якая больш за 20 год разам з маталянамі збірала артэфакты. – На тэрыторыі Палесся няма археалагічных музеяў з такой экспазіцыяй. Намі ўскрыта і вывучана больш за 14 гектараў культурнага пласта. Атрымана калекцыя, якая налічвае звыш 130 тысяч артэфактаў. Чаму ж яе не паказаць людзям? Мы адкрываем таямніцу свайго мінулага.
Як бачым, у Моталь едуць не толькі за прысмакамі. Аблюбавалі гэтае мястэчка і вучоныя. Адны праводзяць эксперыменты з кукурузай ды бульбай, другія пішуць кнігі, трэція варочаюць тоны “культурных пластоў”, каб знайсці свае карані. Упэўнена, усё гэта робіцца дзеля нашай з вамі будучыні. Фестываль “Мотальскія прысмакі” яскрава дэманструе непарыўную сувязь часоў.
Марыя ФЕДАРУК, «НТ»,
Іванаўскі раён.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.