Першыя
Пераможцам абласнога спаборніцтва сярод падраздзяленняў УП “Брэстаблгаз” прызнаны калектыў “Баранавічыміжрайгаза”
Незвычайную – дзелавую і адначасова творчую, з агеньчыкам – атмасферу прадпрыемства можна адчуць, нават не гутарачы з аніводным яго работнікам. Як? Ды вельмі проста! Калі толькі адкрыеш дзверы галоўнага офіса ўпраўлення, любога наведвальніка адразу “сустракае” змястоўная і карысная інфармацыя: “Куток заказчыка”, аб рабоце па заяўным прынцыпе “Адно акно”, асноўныя звесткі для кліентаў, там жа – стэнды “Прафсаюзнае жыццё”, з яркімі фотаздымкамі “Нашы будні”. Вышэй, на другім і трэцім паверхах, немагчыма прайсці міма і не спыніцца ля каляровых фотаздымкаў у прыгожых рамачках. Аказваецца, фотавыставу “Мой родны кут, як ты мне мілы…” падрыхтаваў намеснік начальніка газанапаўняльнай станцыі Уладзімір Багдановіч. Мовай фатаграфій ён апеў сваю родную Бярозаўку, у якой жыве і якую бязмежна любіць.
Не змаглі мы прайсці і міма кранальнага малюнка 15-гадовай Аляксандры Грыцкевіч. Яе мама – старшы майстар унутрыдамавой службы прадпрыемства, і дзяўчынка ў свой час прымала актыўны ўдзел у штогадовым традыцыйным конкурсе дзіцячага малюнка “Бацькі вачыма дзяцей”. Хто ведае, магчыма, першыя перамогі на матуліным прадпрыемстве і сталі стымулам для Аляксандры, каб развіваць свае творчыя здольнасці.
Нам здалося, што менавіта творчая атмасфера ў калектыве садзейнічае сумленнай працы і той адданасці, дзякуючы якой фарміруюцца патрыёты свайго прадпрыемства. І гэта не гучныя словы. Згадзіцеся, толькі тады, калі калектыў з’яўляецца адзіным цэлым – дасягаюцца ўнушальныя вынікі. А першае месца “Баранавічыміжрайгаза” ў абласным спаборніцтве сярод падраздзяленняў гаворыць само за сябе. Стаць лепшымі з лепшых, першымі сярод прафесіяналаў заўжды няпроста. Гэтаму, на наш погляд, папярэднічала сістэмная, зладжаная праца ўсіх і кожнага паасобку.
А тон усяму, вядома ж, задае дырэктар. Уладзімір Столяр узначаліў “Баранавічыміжрайгаз” ужо больш за два гады таму. З прыходам адказнага, патрабавальнага кіраўніка, які цэніць чалавека за яго кампетэнтнасць, прафесіяналізм і прыстойнасць, мяняліся адносіны працаўнікоў да сваіх службовых абавязкаў. Калектыў быў нацэлены на працу дружную, выніковую, якая прыносіла б плён і краіне, і сям’і. Так-так, не трэба забываць аб тым, што кожны з працаўнікоў зацікаўлены ў заробку. А ён на прадпрыемстве – дастойны! Летась яго рост у параўнанні з папярэднім перыядам склаў 142 працэнты. Ды і сёлета сярэдняя зарплата перавышае 7 мільёнаў…
Адчуваецца, што дырэктар ведае людзей не з сухіх анкетных дадзеных – характарызуючы тых, хто сваёй працай множыць агульны поспех, Уладзімір Міхайлавіч не шкадуе цёплых водгукаў. Напрыклад, Ганну Лябедскую, намесніка начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела, ён назваў “мазгавым цэнтрам планавання”: маўляў, газіфікацыя ўсіх населеных пунктаў, выбар пад-радных арганізацый праходзяць праз Ганну Альфрэдаўну. Расказваючы пра “самага адказнага слесара ўнутрыдамавой службы” з 10-гадовым стажам работы, які год таму жаніўся, кіраўнік з гонарам паведамляе, што іх Дзмітрый Неміровіч танцуе – ды як прыгожа! – у ансамблі “Юрачка”. І дадае: “Гэтая творчая нотка дапамагае Дзіме і ў будзённай рабоце. Працуючы ў тандэме з Ігарам Валынцом, яны ўсё робяць сумленна. Таму і тэлефануюць потым людзі з падзякай у адрас гэтых хлопцаў… Хіба ж можна не ганарыцца такой моладдзю?!”
Пазнаёміў Уладзімір Міхайлавіч нас і з Дзянісам Сцяпурка – унукам першага дырэктара прадпрыемства, Мікалая Яўгенавіча. Больш за 30 гадоў працуе тут слесарам і яго бацька, Міхаіл Мікалаевіч. Усё-такі калі следам за бацькамі на прадпрыемства ідуць працаваць іх дзеці, а затым і ўнукі – значыць, кадравы голад калектыву не пагражае. Наадварот, тыя, хто прыхо-дзяць пасля бацькоў, імкнуцца не абняславіць свой род…
– “Баранавічыміжрайгаз” – буйное прадпрыемства, – распавядае Уладзімір Столяр. – Мяркуйце самі: спажыўцамі газу з’яўляецца 301 суб’ект гаспадарання (блакітнае паліва патрэбна на прамысловыя і камунальна-бытавыя мэты), яшчэ больш за 102 тысячы абанентаў – і гараджан, і вяскоўцаў. Сотні мільёнаў кубаметраў газу рэалізуем штогод. Зразумела, што развіццё інжынерна-транспартнай інфраструктуры, удасканаленне бяспекі абыхо-джання з блакітным палівам, што на прадпрыемствах, што ў жылым сектары – наш клопат. Амаль 400 чалавек у калектыве, які і займаецца ўсімі газавымі пытаннямі ў Баранавічах, Баранавіцкім і Ляхавіцкім раёнах, а звадкаванае газавае паліва мы адпраўляем у 10 раёнаў вобласці.
Відавочна: кіраўнік выдатна ведае сваю гаспадарку, яе вытворча-фінансавыя паказчыкі. Але найбольш пільна Уладзімір Міхайлавіч ставіцца да пытанняў бяспекі. Тлумачыць: “Газ – гэта дабро, але з ім “размаўляць” неабходна толькі на “вы”, таму што ў ім хаваецца пагроза, якую да пары да часу ніхто не бачыць, а то і не адчувае ўвогуле”.
У спецыяльна абсталяваным вучэбным класе газавікі ўдасканальваюць сваё прафесійнае майстэрства, а таксама праводзяць навучанне абанентаў правілам карыстання газам у быце. Навічкі і вопытныя работнікі ўдзельнічаюць у вучэбных трэніроўках, разбіраюць складаныя сітуацыі з практыкі. “Часам секунды ўсё вырашаюць, таму газавікі павінны не толькі ведаць, што ды як рабіць, але і быць псіхалагічна падрыхтаванымі працаваць у надзвычайных сітуацыях. І яшчэ ёсць адна абавязковая якасць – адказнасць. Цяп-ляп, абы зрабіць – у нашай службе гэта недапушчальна”, – сцвярджае інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела, прадаўжальнік дынастыі газавікоў Аляксандр Кунцэвіч. Ён выязджае прымаць аб’екты, таму скрупулёзна падыходзіць да газавай навукі.
Калі Аляксандр (дарэчы,сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ на прадпрыемстве) – прадстаўнік маладой часткі калектыву, дык начальнік службы ўнутрыдамавога газавага абсталявання Аляксандр Гаўрыленя, яго намеснік Людміла Падвойская, майстар Іна Трубчык – з ліку вопытных працаўнікоў. Людміла Іванаўна, напрыклад, больш за чвэрць стагоддзя працуе ў міжрайгазе. Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт газавага абсталявання ў жылым фондзе – яе клопат. Яна дакладна ведае, якім павінен быць слесар гэтай службы: вытрыманы і тактоўны, сціплы і прафесіянальны.
Патрабавальнасць кіраўніцтва і адказнасць работнікаў – вось што дае плён бездакорнай работы. Калектыў менавіта гэтага падраздзялення шмат год займае лідзіруючыя пазіцыі ў газавай службе Берасцейшчыны. Такім вынікам, безумоўна, ганарацца. Вось і майстар Іна Трубчык, якая больш за 10 год кіруе брыгадамі слесараў, задаволена. У выключна мужчынскім калектыве ў Іны Іванаўны бясспрэчны аўтарытэт. А яшчэ яна камандзір добраахвотнай дружыны прадпрыемства, якая рэгулярна ўдзельнічае разам з міліцыяй у ахове грамадскага парадку на вуліцах Баранавіч.
– Неяк прачытаў, што рэпутацыя надзейнага і стабільнага прадпрыемства складаецца з прафесіянальнай рэпутацыі яго супрацоўнікаў, – расказвае намеснік дырэктара “Баранавічыміжрайгаза” Юрый Дзягонскі. – Вось і нашаму калектыву ўласцівы прафесіяналізм. Пацверджанне – і ва ўзнагародах прадпрыемства, і ў водгуках нашых кліентаў.
Выдатна ведаюць сваю справу супрацоўнікі службы энергетыкі і тэлемеханікі, якую ўзначальвае Дзяніс Піменаў. Гэтае падраз-дзяленне забяспечвае абарону сістэмы газаправодаў ад электрахімічнай карозіі і дыстанцыйны кантроль за работай усіх газаразмеркавальных пунктаў. Электрамеханікі Дзмітрый Пацко, Мікалай Ганчарук з таварышамі пільна сочаць за парадкам на сваіх аб’ектах.
Не саступаюць у працавітасці калегам супрацоўнікі службы будаўніча-мантажных работ. Будаўніцтва новых газавых сетак, як высветлілася, пад уважлівым жаночым вокам – начальнік службы Святлана Дудук. Пра аўтарытэт жанчыны ў калектыве гаворыць і тое, што яна з’яўляецца старшынёй прафсаюзнага камітэта.
Прафесійна і кар’ерна расці спецыялісты маюць магчымасць у Баранавіцкім упраўленні газавай гаспадаркі. Менавіта ў гэтым калектыве працоўны шлях ад слесара да галоўнага інжынера прайшоў Алег Курбека. Ён лічыць сябе чалавекам пастаянным, а калегі сцвярджаюць: душой да справы прыкіпеў. Безумоўна, такі багаты вопыт (у газавай галіне Алег Мікалаевіч з 1980 года) дапамагае дасканала выконваць службовыя абавязкі. Мужчына ўпэўнена кажа: “Калектыў у нас стабільны – а гэта значыць, што прафесійнага майстэрства дасягнуць лягчэй”. Прызнаецца: “Памятаю, як будавалі першы ў горадзе газаразмеркавальны пункт. А цяпер вось ужо зрабілі мадэрнізацыю, аднаўляем газавыя сеткі. Дзве ГРС падаюць блакітнае паліва ў горад. Так што без справы не сядзім”.
– Не адным жа газам Вы жывяце?! – вырываецца міжволі, бо так галоўны інжынер захоплена гаварыў пра міжрайгаз – як хто працуе, што важна ў рабоце газавікоў, – што, прызнацца, нават думка мільганула аб “зацыкленасці” чалавека толькі на вытворчых клопатах.
– Вядома ж не, – усміхаецца галоўны інжынер. – У нас часта ладзяцца карпаратыўныя мерапрыемствы. Калі раней на ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята часта людзі ішлі “пад прымусам”, дык цяпер самі цікавяцца – калі сустрэча.
Высветлілася ж, што Алег Мікалаевіч – вялікі аматар “ціхага палявання”: у лесе, збіраючы грыбы, атрымлівае поўную рэлаксацыю…
Перавесці размову з вытворчых клопатаў на нешта іншае не вельмі атрымліваецца і з Ігарам Шанталосавым, начальнікам службы падземных газаправодаў і збудаванняў на іх. Праз непрацяглы час становіцца зразумела: газавай справай у калектыве па-сапраўднаму “хварэюць”, людзі знайшлі сваё месца і настолькі паглыблены ў працоўныя клопаты, што яны з’яўляюцца для іх першаснай тэмай.
Мяркуйце самі: у сферы газавай гаспадаркі той жа Шанталосаў з 1995 года. Пачынаў слесарам, прайшоў навуку ў некалькіх пад-раздзяленнях, а ў 2004-м атрымаў цяперашнюю пасаду. Не без гонару кажа: “Па памерах газавых сетак мы саступаем толькі Брэсту. Працягласць газаразмеркавальнай сістэмы, якую апякуе ўпраўленне – 1314 кіла-метраў, 141 з іх “прыраслі” летась. Такая гаспадарка і клопату вымагае шмат”. А далей Ігар Аляксандравіч хваліцца, якія майстравітыя ў службе мужчыны працуюць. Так, зваршчык Віктар Козел і слесар Аляксандр Саратаў, на яго думку, “вельмі кампетэнтныя работнікі, лепшыя ва ўпраўленні ў сваёй спецыялізацыі”. Не саступаюць ім у прафесіяналізме слесар па абслугоўванні газаразмеркавальнага пункта Васіль Ганчароў, слесар па абслугоўванні газаправодаў Тамара Варакса.
А вось служба транспарту, у якой налічваецца 76 адзінак, забяспечвае паўнавартасную работу арганізацыі: газ у балонах дастаўляе, брыгады на працоўныя месцы. Кіруе падраздзяленнем Аляксей Паспелаў, якога лічаць прынцыповым чалавекам і выдатным спецыялістам. У ліку лепшых работнікаў – вадзіцелі Уладзімір Касьянік, Аляксандр Бургун, Анатоль Голуб, Анатоль Якавенка.
Калектыў “Баранавічы-міжрайгаза” – стабільны, дружны. Людзі ахвотна адгукаюцца на сацыяльныя праекты – напрыклад, дабрачынныя акцыі. Летась амаль 41 мільён рублёў працаўнікі перадалі на лячэнне ў сям’ю аднаго свайго таварыша і на будаўніцтва храма Георгія Перамаганосца ў Баранавічах. Для дзяцей работнікаў ладзяцца навагоднія святы і экскурсіі, аказваецца дапамога з аздараўленнем. А са спортам сябруюць ва ўсіх падраздзяленнях упраўлення. Між іншым, на апошняй спартакіядзе “Здароўе” баранавіцкія газавікі абышлі многіх калег і атрымалі заслужанае “серабро”. Прыклад паказваюць кіраўнікі: летась у абласной спартакіядзе “Вертыкаль” каманда кіраўніцтва прадпрыемства перамагла.
Мець ці не мець дачыненне да ўсіх спраў упраўлення “Баранавічыміжрайгаз” – так пытанне ні ў адным з вытворчых падраздзяленняў нават не стаіць. Пераканаешся ў гэтым, калі пагаворыш з начальнікам Баранавіцкай газаразмеркавальнай станцыі ў Лесіна Уладзіславам Барткевічам. Станцыя стваралася як куставая база для забеспячэння звадкаваным газам часткі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Сёлета круглая дата – 50 год! Уладзіслаў Казіміравіч з гонарам паказвае акт прыёмкі станцыі дзяржаўнай камісіяй і распавядае, як з часам змянялася структура падраздзялення, праходзіла мадэрнізацыя. У яго было ўсяго толькі тры папярэднікі: аб’ектам кіравалі Васіль Васін, які і пабудаваў станцыю, Раман Мацвяйчук (праводзіў асноўную мадэрнізацыю) і Вячаслаў Яцута, які перадаў кіраўніцтва ГНС у 2006 годзе Барткевічу. Зараз парк станцыі разлічаны на адначасовае захаванне 500 тон звадкаванага газу. Аб’ект павышанай небяспекі, таму пытанням бяспекі тут надаецца асаблівая ўвага. Сістэмы, якія прымяняюць газавікі, адсочваюць не проста параметры (напрыклад, аб’ём газу ў ёмістасці), але папярэджваюць любое несанкцыянаванае пранікненне як на тэрыторыю, так і ў саму сістэму. Пажаратушэнне тут асаблівае, камп’ютар дубліруе дзеянні, сігнал трывогі настолькі гучны, што не звярнуць на яго ўвагу проста немагчыма. Але, якой бы “залатой” не была тэхніка, яна без чалавека сама па сабе не запрацуе. Таму з асаблівай пашанай Уладзіслаў Барткевіч гаворыць пра калектыў: “У нас няма выпадковых людзей. Ступень іх адказнасці за справу найвышэйшая. Многія, хто прыходзяць на ГНС, ведаюць пра гэта ад родных і блізкіх. Дынастыі – даўняя традыцыя ў нашым калектыве. Цяпер яе паспяхова падтрымліваюць сямейныя пары Вольга і Сяргей Лявонавы, Ірына і Іван Навумаўцы, браты Віталь і Юрый Бабко (іх маці таксама ў нас працавала), Вольга і Сяргей Булыга (маці і сын), ды яшчэ многія іншыя”.
Прынамсі, для кіраўніка “Баранавічыміжрайгаза” Уладзіміра Столяра няма падраздзяленняў болей ці меней важных. У кожнага – свае функцыянальныя абавязкі. Кожны працуе на агульны вынік. Калі не будзе дачынення да агульнай справы як да асабістай, лічыць Уладзімір Міхайлавіч, нічога не атрымаецца: ні прыватнага дабрабыту, ні калектыўнага поспеху.
Пра гэта падумалася ў час наведвання Ляхавіцкага цэха газазабеспячэння. Яго начальнік Ігар Чвыр асабліва падкрэсліў: “Далёка не заўсёды колькасць працуючых вызначае працаздольнасць прадпрыемства, эфектыўнасць работы. Першаснае значэнне маюць людзі, як кажуць – якасць кадравага складу”.
Цяжка не пагадзіцца, бо толькі кампетэнтныя спецыялісты, што перажываюць за агульную справу, могуць працаваць так, каб былі задаволены абаненты, выконваліся планы і не губляўся настрой. У зоне абслугоўвання Ляхавіцкага цэха – 130 населеных пунктаў, а таксама газавыя пункты, якія патрабуюць догляду і ўвагі. Дарэчы, гаспадарлівасць газавікоў з Ляхавіч відавочная: адрамантаваны будынак цэха, дагледжаная тэрыторыя. Ландшафтным дызайнам работнікі займаюцца самі – прыдумваюць і здзяйсняюць.
Сацыяльна-культурная ды спартыўная работа тут таксама на ўзроўні. Не толькі ўдзельнічаюць у розных конкурсах і спаборніцтвах, але ўпэўнена перамагаюць. Як, напрыклад, майстар Алег Кавальчук. У яго рэпутацыя самага аўтарытэтнага рыбалова. Хобі дапамагае на рыбацкіх спаборніцтвах займаць першыя месцы. Парыбаліць любіць і слесар Юрый Грышчук, а вось Леанід Багдановіч, Іван Кудзіновіч аддаюць перавагу паляванню.
Заўважылі? Кіраўніцтва прадпрыемства, яго падраздзяленняў ведае не толькі вытворчыя паказчыкі сваіх падначаленых, але іх інтарэсы, нават сямейныя клопаты не застаюцца па-за ўвагай. А яшчэ ва ўсіх структурных падраздзяленнях прынята віншаваць ветэранаў працы, запрашаць на святы былых працаўнікоў, дапамагаць, калі ў тым ёсць патрэба. Вось так і складаецца камфорт калектыву, які стварае настрой і на ўпэўненыя перамогі, і на пазітыўнае ўспрыняцце жыцця ўвогуле. А гэта дарагога каштуе!
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Баранавічы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.