Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду і мясцовым органам улады вырашыць зямельнае пытанне ў Альшанах да восені
Выдзяленне зямель для асабістых падсобных і фермерскіх гаспадарак з’яўляецца набалелай праблемай у Столінскім раёне.
Асабліва гэта тычыцца Альшанскага рэгіёна, дзе насельніцтва спецыялізуецца на вырошчванні гародніны. Да таго ж, альшанцаў з кожным годам становіцца ўсё больш: у сельвыканкаме рэгіструецца каля 80 шлюбаў штогод, нараджаецца шмат дзяцей.
Рубам стаіць зямельнае пытанне. Прывабнымі з’яўляюцца землі СВК “Новая Прыпяць”. Безумоўна, вяскоўцам хацелася б павялічыць свае надзелы за кошт бліжэйшых зямель, аднак гэта не заўсёды атрымліваецца.
– Галоўнае, чым неабходна кіравацца пры размеркаванні зямель, гэта эфектыўнасць іх выкарыстання, – гэтую тэму вылучыў Аляксандр Лукашэнка 13 красавіка на Століншчыне. – Неабходна знайсці разумны баланс паміж інтарэсамі людзей і дзяржавы. Зямлёй павінен валодаць той, хто лепш будзе на ёй працаваць. Сітуацыю варта разгледзець у комплексе.
Прэзідэнт таксама адзначыў: калі дзяржаўнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Новая Прыпяць” эфектыўна працуе, то няма сэнсу аддаваць яго землі фермерам. Немалаважнай з’яўляецца рэалізацыя сацыяльнай палітыкі ў рэгіёне, а СВК можа падтрымаць вяскоўцаў.
Дарэчы, для таго, каб дапамагчы альшанцам, Аляксандр Лукашэнка даручыў вырашыць праблему скупкі гародніны ў людзей. У гэтым куточку Палесся вырошчваецца вялікая колькасць гародніны, аднак, не маючы магчымасці яе рэалізаваць, альшанцы вымушаны аддаваць агуркі ды капусту за бясцэнак пасрэднікам. А ўсё таму, што ў раёне няма перапрацоўчага цэха. Па словах Прэзідэнта, неабходна скупаць у насельніцтва прадукцыю па нармальнай цане і пастаўляць на рэспубліканскі рынак, а таксама наладзіць яе перапрацоўку і экспарт. Мэр Мінска і губернатары Мінскай і Брэсцкай абласцей атрымалі даручэнне арганізаваць пастаўкі агародніны на рынкі краіны. А ў Альшанах да восені павінны з’явіцца лагістычны цэнтр і перапрацоўчае прадпрыемства.
– У бліжэйшы час плануецца расшырыць падтрымку асабістых падсобных гаспадарак, – адзначыў выконваючы абавязкі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч. – Падрыхтаваны адпаведны праект указа, які прадугледжвае выдачу льготных крэдытаў на гэтыя мэты.
Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварную ферму “Сямігосцічы” СВК “Новая Прыпяць”. Тут Леанід Марыніч далажыў Кіраўніку дзяржавы аб выніках работы жывёлагадоўчай галіны і аб тым, як выконваюцца яго даручэнні па рэканструкцыі і тэхнічным перааснашчэнні жывёлагадоўчых ферм на Століншчыне і ў краіне ў цэлым.
Другой і не менш важнай тэмай у цэнтры ўвагі Прэзідэнта стала меліярацыя зямель. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні раней дадзеных даручэнняў па навядзенні парадку на зямлі і Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага і комплекснага развіцця Прыпяцкага Палесся ў Брэсцкай вобласці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што меліярацыя з 2013 года стане прыярытэтным кірункам фінансавання вёскі. Пры гэтым Прэзідэнт засяродзіў увагу на тым, што ўсё павінна быць максімальна эканомна.
На меліярацыйным аб’екце “Сямігосцічы” Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі навейшую меліярацыйную тэхніку айчыннай вытворчасці.
Больш падрабязна пра зямельную праблему альшанцаў Прэзідэнт даведаўся падчас сустрэчы з жыхарамі аграгарадка Альшаны. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў бліжэйшы час, на працягу месяца, прадстаўнікі Урада і абласной улады прыедуць і дэталёва прааналізуюць сітуацыю.
Акрамя таго, вяскоўцы папрасілі Прэзідэнта дапамагчы з будаўніцтвам у Альшанах сучаснага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Тут ужо ёсць пляцоўка з падведзенымі камунікацыямі. Прагучалі просьбы па сацыяльнай падтрымцы, будаўніцтве дарог, газіфікацыі жылых дамоў, а таксама па стварэнні новых працоўных месцаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што рашэнню праблем жыхароў аграгарадка Альшаны будзе нададзена асаблівая ўвага яшчэ і таму, што тут пражывае шмат мнагадзетных сямей, якія вырашаюць галоўную для нашай краіны задачу – дэмаграфічную. Тэрмін вырашэння праблем вызначаны да кастрычніка.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
Столінскі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.