Школьны шопінг, альбо Эвалюцыя дзіцячых капрызаў
Праз два тыдні пачнецца новы навучальны год, а таму часу, каб падрыхтавацца, засталося зусім мала. Заўжды перад бацькамі ўзнікае дылема ў выбары паміж магазінам і кірмашом, айчыннымі таварамі і замежнымі, дарослай практычнасцю і дзіцячымі капрызамі… Як не пераплаціць і купіць якасны тавар? Пра ваганні, затраты і канчатковы выбар берасцейцаў журналістка “НТ” пацікавілася ў віноўнікаў гандлёвага перапалоху і іх бацькоў, а таксама паспрабавала разабрацца ў нюансах сёлетніх збораў у школу.
КІРМАШ ЦІ МАГАЗІН?
Пашыраны продаж школьных тавараў распачаты ў вобласці яшчэ 15 ліпеня. І некаторыя бацькі пачалі ўжо свой перадвераснёўскі шопінг. Як паведамілі ва ўпраўленні гандлю і паслуг аблвыканкама, прадаюць школьныя тавары на Брэстчыне больш за тысячу гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку 290 пунктаў, дзе рэалізуюць школьнае адзенне і абутак. У 984 магазінах аформлены “Куток школьніка”.
Аднак, як паказвае практыка, асноўная маса пакупак робіцца акурат у апошнія дні жніўня. Цудоўна для гэтага падыдуць школьныя кірмашы, якіх у жніўні – верасні на Брэстчыне пройдзе каля 155. Першым у гэтым марафоне ўжо стаў Пінск. Тут кірмаш на вуліцы Першамайскай працуе з 3-га жніўня.
Заўтра і ў абласным цэнтры традыцыйныя школьныя кірмашы запросяць бацькоў і іх дзяцей. Яны пройдуць у выхадныя дні: 17,18, 24, 25 і 31 жніўня. У Брэсце купіць усё неабходнае для школы можна будзе на вуліцы Гогаля і каля магазіна “АЛМІ” (былога “Юбілейнага”). У мікрараёне Усход школьныя кірмашы працягнуць работу нават напачатку восені: 1, 7 і 8 верасня.
У Баранавічах школьны кірмаш можна будзе наведаць з 17 жніўня. Размесціцца ён на вуліцы Леніна (каля фантана). Акрамя таго, у райцэнтры адкрыты пяць дадатковых пунктаў продажу тавараў для школы: каля кінатэатра “Кастрычнік”, Палаца дзіцячай творчасці і магазіна “Еўраопт”, а таксама ў раёне аўтавакзала і Дома гандлю “Вясёлка”.
ЁСЦЬ МЕРКАВАННЕ
Усё часцей на саміх школьных кірмашах можна пачуць, а ў інтэрнэце пачытаць негатыўныя водгукі наконт правядзення выязнога гандлю школьнымі таварамі. Некаторыя берасцейцы незадаволены, напрыклад, загружанасцю ў гэты час вуліцы Гогаля, а цяпер і вуліцы Маскоўскай каля магазіна “АЛМІ”. Аргументуюць яны і тым, што ўсё неабходнае можна купіць у спецыялізаваных аддзелах магазінаў па такім жа кошце. Так гэта ці не – можна параўнаць ужо заўтра.
Вядома ж, такое меркаванне мае права на існаванне, аднак узнікае пытанне: ці праводзіліся кірмашы кожны год, калі б не акупаліся і не былі патрэбныя людзям? Здаецца, ёсць тыя, хто знаходзіць там выгаду для сябе. І не заўжды гэта гандляры…
АДКРЫВАЙЦЕ КАШАЛЬКІ!
Для таго, каб сабраць дзіця ў школу, сёлета бацькам прый-дзецца патраціць ад 860 тысяч да 4 мільёнаў 280 тысяч рублёў. Гэта на 10-30 працэнтаў больш у параўнанні з мінулым годам. Такія лічбы агучыў падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун. Палова з гэтых грошай пойдзе на адзенне і абутак. Зразумела, камплект для старшакласніка будзе каштаваць больш, чым для вучня малодшых класаў. Даведацца аб тым, як цяпер праходзіць шопінг бацькоў школьнікаў, аўтар гэтых радкоў вырашыла ў буйных магазінах Брэста.
У магазіне “Дзіцячы свет” даволі шмат пакупнікоў. Купляюць усё: ад набору каляровай паперы да настольнай лямпы. Цэнавы дыяпазон шырокі і выбар вялікі. Без эмоцый у сумесным паходзе па магазінах бацькоў і дзяцей ніяк не абысціся. Вось дзяўчынка гадоў 13-ці са слязьмі на вачах адмаўляецца купляць туфлі без абцасаў. А вось першакласнік, які з істэрыкай “вымагае” ў маці сшыткі з трансформерамі на вокладцы.
– Мы з дачкой вырашылі не адкладваць пакупку сукенкі, туфель і ранца на апошні дзень, – распавядае Святлана Грэчка, мама трэцякласніцы. – Патрацілі паўтара мільёна рублёў. Можна, безумоўна, купіць і танней, аднак сённяшнія дзеці не надта хочуць “просценька і з густам” – жадаюць быць моднымі.
У пацвярджэнне пытаюся ў трэцякласніцы Дар’і, што ёй падабаецца з адзення і які ранец яна хацела б? Прадбачачы адказ дачкі, Святлана ўсміхаецца.
– Школьную сукенку мне купілі, і яна падабаецца, – гаворыць дзяўчынка. – Абноўка сіняга колеру з мноствам замочкаў. А вось ранцы ўвогуле не прызнаю. Мне даспадобы клатчы. У нашай школе некаторыя старшакласніцы хадзілі з імі. Гэта прыгожа.
У ЦУМе таксама ідзе бойкі гандаль. Касцюмы для маленькіх джэнтльменаў, сарафаны для юных какетак, туфлі, спартыўнае адзенне і абутак. І для хлопчыкаў, і для дзяўчынак ёсць мноства мадэлей школьнай формы. Купіць вопратку для вучня пачатковых класаў можна нават за 200 тысяч рублёў. Вось толькі якасць будзе адпаведнай – віскоза і паліэстр. Камплекты з шэрсці “пацягнуць” на мільён рублёў. Для дзяўчынкі можна падабраць сарафан за 130-150 тысяч рублёў. Блузачка каштуе 100-200 тысяч, а туфелькі – каля 300 тысяч рублёў. Спартыўны касцюм можна набыць за 200 тысяч і больш.
Шчыра кажучы, інтарэс да шэра-чорна-сіняга школьнага
адзення актыўна праяўляюць толькі бацькі. Відавочна, што дзецям не вельмі падабаецца тое, у чым прыйдзецца хадзіць наступныя 9 месяцаў. Абрыдлы дрэс-код так і хочацца разбавіць яркай сукенкай ці спартыўнай футболкай.
– Сваіх школьнікаў мы ўжо другі год апранаем у магазінах, – расказаў Ігар Крэнь. – Дачка пойдзе ў пяты клас, а сын – у трэці. Раней куплялі на рынку, аднак ранцы рваліся ўжо ў другой чвэрці, ды і абутак падводзіў у самы непадыходзячы час. Можа, дзецям і не вельмі даспадобы абноўкі, аднак яны разумеюць наш выбар. А што тычыцца сшыткаў, ручак і ўсяго такога, то мы чакаем школьных кірмашоў. Спадзяюся, цэны будуць ніжэй, ды і выбар большы. Па магчымасці купляем беларускае – значная эканомія і высокая якасць. Бо, ведаеце, сёння сабраць дваіх дзяцей у школу вельмі накладна, гэта можна параўнаць з буйной пакупкай – напрыклад, халадзільніка.
У аддзеле канцылярскіх тавараў Цэнтральнага ўнівермага ўжо самастойна, без бацькоў, актыўна закупаюцца старшакласнікі і студэнты.
– Купляю сшыткі, дзённік, папку для сшыткаў, ручкі, карэктар, – расказала 10-класніца Караліна Крук. – Апранацца і абувацца збіраюся на рынку ці ў магазінах, дзе раблю гэта звычайна. Усе яны знаходзяцца на вуліцы Савецкай. У нашай школе не прымушаюць хадзіць у школьнай форме. Галоўнае, на думку настаўнікаў, “каб пупы былі прыкрыты”.
ПРА БУКЕТ І ПЛАТУ ЗА ПАДРУЧНІКІ
Традыцыйна на першавераснёўскую лінейку школьнікі ідуць з букетам кветак. Хтосьці нясе букет са сваёй клумбы, а камусьці прыйдзецца раскашэліцца. У канцы жніўня – пачатку верасня цэны на кветкі ўзлятаюць настолькі, наколькі хапае сумлення ў прадаўцоў. Мінімальныя затраты на гэты рэсурс – 50 тысяч рублёў. А верхняя мяжа залежыць ад вашых магчымасцей і жадання парадаваць ці ўразіць настаўніка.
Яшчэ адным пунктам расходаў з’яўляецца аплата за падручнікі. У мінулым годзе больш за ўсіх каштаваў камплект падручнікаў для 9-класніка – 53 тысячы рублёў. Нагадаем, што гэтыя расходы могуць пачакаць да канца верасня.
АКЦЫІ, СКІДКІ, ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАДТРЫМКА
За некалькі дзён падрыхтоўкі да новага навучальнага года сямейны бюджэт можа недалічыцца некалькіх мільёнаў. Тыя, хто не хоча развітвацца з усёй сумай адразу, могуць пачакаць і сэканоміць. Справа ў тым, што з сярэдзіны верасня цэны на многія школьныя тавары зніжаюцца: прадпрыемствы робяць скідкі на сваю прадукцыю. Праўда, мадэль, размер і фасон могуць не падысці ці проста не быць у наяўнасці…
Ёсць катэгорыя бацькоў, якія не купляюць усё разам, а разбіваюць пакупкі на некалькі этапаў. Сшыткі і нейкія канцтавары можна купляць на працягу года. Аднак, каб потым не сутыкнуцца з праблемай адсутнасці нечага канкрэтнага на паліцы, у магазінах раяць не зацягваць з пакупкамі.
Для падтрымкі насельніцтва падчас падрыхтоўкі дзяцей да школы гандлёвыя арганізацыі праводзяць разнастайныя акцыі сацыяльнай накіраванасці, якія прадугледжваюць зніжэнне ці прымяненне мінімальных гандлёвых надбавак на тавары школьнага асартыменту, продаж тавараў у крэдыт. Шматдзетным сем’ям даюцца скідкі ў 5-10 працэнтаў, а таксама беспрацэнтная растэрміноўка на паўгода пры пакупцы тавару на суму больш чым 500 тысяч рублёў. З мінулага года па Нацыянальнай праграме дэмаграфічнай бяспекі сем’і, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей, атрымліваюць матэрыяльную дапамогу да навучальнага года. Яе памер складае 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму. Таксама для шматдзетных зніжана аплата за падручнікі. Акрамя таго, грамадскія аб’яднанні і спонсары па магчымасці таксама дапамагаюць шматдзетным і праблемным сем’ям, праводзячы дабрачынныя акцыі.
Не застаецца ўбаку і моладзь з актыўнай грамадскай пазіцыяй. Абласная арганізацыя ГА “БРСМ” актыўна ўключылася ў рэспубліканскую акцыю “У школу з добрым сэрцам!”. З 1 жніўня па 15 верасня ва ўсіх тэрытарыяльных камітэтах суполкі праходзіць збор пісьмовых і спартыўных рэчаў, вучэбных дапаможнікаў, школьнага адзення, абутку. Усе сабраныя падарункі будуць перададзены сем’ям, што знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы.
АЖЫЯТАЖУ НЕ БУДЗЕ
Час купіць усё неабходнае ёсць, умовы для пакупак на Брэстчыне створаны цудоўныя. У гандлёвых пунктах перакананы: ажыятажу не будзе. Гандляры запэўніваюць, што школьны тавар і на паліцах магазінаў, і на кірмашах падыдзе на любы густ і таўшчыню кашалька. Дарэчы, калі апошні фактар з’яўляецца стрымліваючым, узгадайце крылаты афарызм: “Калі вы лічыце, што навучанне каштуе дорага, паспрабуйце даведацца, колькі каштуе невуцтва”.
Застаецца толькі сумясціць свае магчымасці з пажаданнямі дзяцей, а аддача абавязкова будзе.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.