У госці да канцлера Сапегі

У госці да канцлера Сапегі

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Музей  палацавага комплексу  Сапегаў, у якім у мінулыя выхадныя прайшоў абласны фестываль “Ружанская брама”, паступова становіцца  культурна-турыстычным цэнтрам рэгіёна
РОСКВІТ І РУІНЫ
Палацы і замкі беларускай зямлі – маўклівыя сведкі нашай багатай гісторыі, строгія і непадкупныя. Яны памятаюць славу магнацкіх родаў, але на цаглінах старадаўніх муроў пакінулі свой гнеўны след і бязлітасныя віхуры вякоў, пасля якіх вельмі часта заставаліся адно толькі маўклівыя руіны. Усё гэта напаткала і Ружанскі замак…
У 1598 годзе знакаміты магнат і палітычны дзеяч, канцлер, адзін з аўтараў унікальнага зводу законаў – Статута  Вялікага Княства Літоўскага – Леў Сапега набыў ва ўласнасць маёнтак Ружаны.  Ён запрасіў у мястэчка італьянскага архітэктара Санці Гучы, які на роўнай паверхні  пабудаваў 4 паверхі падвальных памяшканняў, абсыпаў іх зямлёй і толькі зверху ўзвёў замак, які спалучаў у сабе рысы абарончай крэпасці і параднага палаца.
Ружанскі замак адразу стаў цэнтрам  палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага. Тут вырашаліся многія дзяржаўныя пытанні, праходзілі прыёмы паслоў і каралёў. У аб’ёмістых падвалах захоўвалася дзяржаўная казна ВКЛ, арсенал, дзяржаўныя дакументы і архіў роду. З Сапегамі звязаны росквіт Ружан і атрыманне Магдэбургскага права 20 чэрвеня 1637 года. Гораду быў дараваны герб: у срэбным полі вянок з чырвоных ружаў, а ў яго цэнтры –
фігура Святога Казіміра (нябеснага апекуна Вялікага Княства Літоўскага) з лілеямі і крыжам у руках.
Першае сур’ёзнае выпрабаванне напаткала замак у другой палове ХVІІ стагоддзя – ён быў разрабаваны і паўразбураны. Гэта стала сумным вынікам канфліктаў і “разборак” сярод мясцовай шляхты: узвышэнне роду Сапегаў спадабалася не ўсім магнатам, якія і пайшлі вайной на сваіх больш удачлівых суседзяў. Аднак замак не загінуў, а ў 70 – 80 гады ХVІІІ стагоддзя, дзякуючы намаганням прыдворнага архітэктара Яна Бекера, ператварыўся ў вытанчаны палац, які па харастве не ўступаў знакамітаму Версалю. Гордасцю Ружанскага палаца былі найбагацейшая бібліятэка на 4 тысячы кніг,  карцінная галерэя, дзе экспанаваліся работы іспанскіх, фламандскіх і італьянскіх мастакоў, адзін з найлепшых у Еўропе тэатраў, у трупе якога налічвалася 60 артыстаў і 40 музыкантаў.  Яго сцэна мела 7 планаў куліс, што давала магчымасць тройчы за спектакль мяняць дэкарацыі. Наладжваліся тут і балетныя пастаноўкі, актыўна працавалі італьянская і польская балетныя школы. Сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў 1784 го-дзе пабываў на пастаноўках у Ружанах і, як сведчаць архіўныя крыніцы, быў у захапленні ад балета “Літасцівасць Ціта” і музычнай камедыі “Чарадзейнае дрэва”.
Асаблівы каларыт надавалі палацу скульптурныя кампазіцыі – іх было тут каля 260. Забягаючы наперад, скажам, што ў 2012 годзе на ўязной браме ўзноўлена выява Святой Ганны,  бабулі Ісуса Хрыста –  апякункі бяздзетных, ткацтва і маленькіх мястэчак. Яе аднолькава шануюць як каталікі, так і  праваслаўныя.
Яшчэ адно выпрабаванне перанёс палац у пачатку 30-х гадоў пазамінулага стагоддзя. Ружанскія ўладанні былі канфіскаваны і адышлі ў казну па той прычыне, што князь Яўстафій Сапега актыўна падтрымаў  антыімперскае паўстанне. Ёсць сведчанне, што яму прапанавалі напісаць пісьмо-пакаянне, але нашчадак знакамітага канцлера не пагадзіўся. У выніку палац выкупілі багатыя мясцовыя яўрэі па прозвішчы Пінасы, якія арганізавалі тут цэх па вытворчасці сукна.
У 1914 годзе палацавы  комплекс гарэў, асобныя сцены абрушыліся, але ўсё ж найбольшую шкоду яму нанесла Другая сусветная вайна. Пасля таго як фронт адышоў на захад, захаваліся толькі рэшткі галоўнага і ўсходняга корпусаў палаца,  уязная брама і флігелі па баках.
ВЯРТАННЕ
Аднаўленне брамы пачалося яшчэ за савецкім часам, але з распадам Саюза ўсё спынілася.  І толькі  летам 2008 года ў старадаўняй рэзідэнцыі славутага княжацкага роду пачаліся рэстаўрацыйныя работы. Што ж удалося зрабіць на цяперашні дзень?
Свой першапачатковы выгляд атрымалі  цэнтральная ўязная брама (на ніжнім здымку) і бакавыя флігелі. У студзені 2011 года тут афіцыйна адкрыты музей “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў”, дзе можна атрымаць уяўленне пра тое, якой была княжацкая рэзідэнцыя ў розныя гады, на ўласныя вочы пабачыць аўтэнтычныя прадметы ўжытку, арыгіналы і копіі ваенных трафеяў, узбраення і амуніцыі шляхты. Унікальнай, цікавай для наведвальнікаў атрымалася “Гасцёўня канцлера”. У ёй незвычайна прыгожая  шафа, стол і крэслы, вырабы з саксонскага фарфору. Антыкварная мэбля, дарэчы, выстаўлялася раней у  мастацкай галерэі Брэсцкай крэпасці.
Музей палацавага комплексу ўжо цяпер без усялякіх агаворак можна назваць культурна-турыстычным цэнтрам Пружаншчыны.  Апошнія гады пры яго актыўным удзеле наладжваюцца тэатралізаваныя гістарычныя рэканструкцыі. Карыстаецца попытам выязная рэгістрацыя шлюбаў. Уяўляеце: фанфары, музыка, гаспадары (супрацоўнікі музея ў строях ХVІІ стагоддзя) сустракаюць хлебам-соллю жаданых гасцей на прыпынку, запрашаюць у гасцёўню. Старадаўнія келіхі, віно, жарты… Урачыстасць гэта, дарэчы, каштуе 500 тысяч беларускіх рублёў. Летась 150 сямейных пар пабывалі ў гасцях у Сапегаў.
Прапануецца і яшчэ адна паслуга, стылізаваная пад XVII стагоддзе: па дамоўленасці з турыстычнымі агенцтвамі як самых шаноўных шляхцічаў і паненак супрацоўнікі музея сустракаюць арганізаваныя групы экскурсантаў. Прычым самых звычайных турыстаў, а не толькі ўдзельнікаў навуковых канферэнцый і семінараў, якія тут нярэдка праводзяцца.  Работнікі музея, па словах яго дырэктара Руслана Кнігі, гатовы прыняць экскурсію для арганізаваных турыстычных груп нават у выхадныя дні (панядзелак і аўторак). Дарэчы, дыялог з наведвальнікамі яны вядуць  на рускай, беларускай і англійскай мовах. Госці палацавага комплексу могуць набыць у музеі недарагі посуд з бліскучай чорнай керамікі, магніты, значкі…  На 112 мільёнаў рублёў куплена сувенірнай прадукцыі за мінулы год! І гэта толькі пачатак.
Ружанскі палац уключаны ў Дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі”, у адпаведнасці з якой у 2013 – 2018 гадах будзе праведзена рэстаўрацыя ўсходняга (“тэатральнага”) корпуса. На гэта штогод будзе выдзяляцца да 1,5 мільярда беларускіх рублёў. Сёлета, як расказаў дырэктар музея, ёсць надзея ўмацаваць сцены і хоць бы часткова ўзвесці дах.  У перспектыве тут плануецца адкрыць тэатр і конны манеж.
“БРАМА”
У 2011 года на тэрыторыі палаца Сапегаў на базе музея  прайшоў  першы фестываль “Ружанская брама”, на які былі запрошаны госці з Польшчы і Расіі. Ён стаў своеасаблівым брэндам рэгіёна, штогод збірае да 10 тысяч удзельнікаў і па-ранейшаму нясе гісторыка-культурны падтэкст. У мінулую суботу госці свята змаглі пазнаёміцца з экспазіцыямі музея,  наведаць кірмаш народных майстроў, паапладзіраваць творчым калектывам.  Пісьменнікі са сталіцы і рэгіёнаў прэзентавалі свае новыя кнігі, і, па сведчанні берасцейскіх аўтараў, гандаль ішоў даволі актыўна. Адным з цэнтральных момантаў фестывалю стала пастаноўка на імправізаванай сцэне фрагмента п’есы Аляксея Дударава “Чорная панна Нясвіжа”, якую ажыццявілі артысты  Палескага драматычнага тэатра. Свята ўпрыгожыла выступленне вядомай беларускай рок-групы “J-MOРС”…
Хочацца спадзявацца, што па меры таго як будуць паўставаць з руін старадаўнія замкі і палацы Беларусі, якія нагадваюць пра ваенную магутнасць і культурную веліч нашай прарадзімы – Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, – да нас і надалей будзе вяртацца гістарычная памяць, а на карце Беларусі ўсё менш застанецца месцаў, дзе сёння нам яшчэ сорамна за абыякавасць да нацыянальных святынь, нашай мовы і багатай культурнай спадчыны.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
г.п. Ружаны.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

27 чэрвеня на “прамой лініі” “НТ” прагучаць пытанні па транспартным абслугоўванні насельніцтва

Следующая запись

Ленінградцы намераны пераймаць вопыт берасцейскіх аграрыяў