Украдзеная Зорка

Украдзеная Зорка

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Святло вышэйшай узнагароды Радзімы па-ранейшаму грэе душу Ганны Карповіч і асвятляе дарогу…
ДАВЯРАЙ ДЫ ПРАВЯРАЙ
Злодзея, які паквапіўся на вышэйшую працоўную ўзнагароду Радзімы птушніцы Ганны Карповіч, так і не знайшлі. А пажылая хворая жанчына, якая пасля аперацыі на ногі ледзьве ходзіць па кватэры, і праз гады помніць той дзень, калі ў яе дом завітаў малады чалавек. Назваўся студэнтам Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума і папрасіў гаспадыню паказаць яму ўзнагароды, якія быццам неабходныя яму для напісання дыпломнай работы. І яна, даверлівая вясковая жанчына, нічога дрэннага не падазраючы, аддала ў рукі незнаёмаму ордэн Леніна і Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы…
– Падмену мы заўважылі ў той жа дзень, – расказвала Ганна Іванаўна падчас сустрэчы. – Адразу пазванілі ў міліцыю. Але студэнта таго, як кажуць, і след прастыў.
Пракручваючы ў памяці падзеі амаль 20-гадовай даўнасці, жанчына яшчэ ўспомніла, што незнаёмец той пытанняў ніякіх не задаваў і неяк падазрона хутка стаў развітвацца. Відаць, баяўся, каб гаспадыня з дзецьмі не выявілі, што замест сапраўднай Залатой Зоркі ў футляры знаходзіцца яе муляж. Тады, праўда, ніхто з прысутных у доме не надаў гэтаму нечаканаму візіту ўвагі і не спытаў дакументы ў нязванага госця. І ўвогуле, ім было не да нейкага студэнта, які з’явіўся ў іх доме акурат у гадавіну па нябожчыку-мужу Ганны Іванаўны. Магчыма, гэтым аферыст і скарыстаўся…
ЖЫВЫ НАПАМІН
Пацвярджэннем таму, што Ганне Карповіч прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, і жывым напамінам пра той час сёння з’яўляецца дыплом, у якім гаворыцца, за што Айчына так высока ацаніла яе працу: “За дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтоўкі мяса, малака, яек, воўны і іншай прадукцыі…” Так пісалі ў дыпломах тых, хто працаваў у сельскай гаспадарцы. Ёсць грашовая даплата да пенсіі, якая прысуджаецца за высокую ўзнагароду, – яна добры дадатак да сямейнага бюджэту жанчыны.
БЛУКАННЕ ПА ПАКУТАХ
Нарадзілася Ганна Карповіч (дзявочае прозвішча Сухарэбская) у вёсцы Быткаўшчына Карчоўскага сельсавета ў 1938 годзе. А ў 39-м сям’я выехала ў Польшчу шукаць лепшай долі. Ды толькі не знайшла. З дзяцінства на ўсё жыццё запомніла Ганна, як паміраў бацька. Цяжкая хвароба падкасіла яго, і ён ужо не ўстаў з ложка…
Вяртанне на Радзіму было такое ж бязрадаснае, як і жыццё ў Польшчы. Свой дом згарэў, таму некаторы час жылі ў суседкі. Затым перабраліся ў хату родзіча, які таксама паехаў у Польшчу. Аднак праз некаторы час жанчыну з чатырма дзецьмі без усялякіх тлумачэнняў выгналі на вуліцу.
Перасяліліся ў… хлеў. Маці зрабіла ў ім акно і печ. Але земляная падлога заўжды была халодная, а зімой у хаце-хляве замярзала вада. Так і гадавалася разам з братамі Вячаславам, Іванам і Казімірам. А выпрабаванне холадам толькі загартоўвала.
ШЛЯХ ДА ПОСПЕХУ
У калгас сям’я Сухарэбскіх пайшла не адразу. Маці Ганны была каталічкай і не вельмі хацела звязваць сябе з калектыўнай гаспадаркай. Падрабязнасцей тых даўно мінулых год, як і свайго дзяцінства таксама, жанчына цяпер ужо і не памятае. А вось пра цялушку, якую яе сям’і калгас выдзеліў у якасці прэміі за добрую работу (пасля ўступлення ў калектыўную гаспадарку Сухарэбскія пасвілі цялят), не забыла. Расказала Ганна Іванаўна і пра тое, што закончыла Карчоўскую сямігодку, пэўны час працавала падлікоўцам-брыгадзірам у калгасе “Бальшавік”.
А ўсесаюзную славу ёй прынесла работа на Гарадзішчанскай птушкафабрыцы. Успаміны жанчыны пра той час таксама небагатыя. Жыла ў пасёлку Савецкі. Напачатку яе працоўнай дзейнасці тут, акрамя птушкафабрыкі, было чатыры хаты ды возера. З яго птушніцы бочкай вазілі ваду, якую потым уручную разносілі па памяшканнях і разлівалі ў паілкі.
– Гэта зараз на птушкафабрыках поўная механізацыя, – распавядала Ганна Іванаўна, – а нам даводзілася ўсё рабіць уручную: і камбікармы з бульбай, якую самі варылі, раздаваць нясушкам, і яйкі збіраць, і падсцілаць курэй драўняным пілаваннем з тарфакрошкай…
Жанчына на нейкі момант замаўчала, а пасля, гледзячы праз акно некуды ўдалячынь, прадоўжыла:
– Ведаеце, я ніводнага яйка не ўзяла дахаты, хоць тады яны былі дэфіцытам. Аднак ніхто не верыў гэтаму. А нехта нават выкалаў вочы на маёй фатаграфіі, якая была змешчана на Дошцы гонару…
Былая птушніца, якая ў той час уручную абслугоўвала 5000 курэй-нясушак, ведае, што зрабілі гэта людзі ад зайздрасці. І зайздроснікаў такіх хапала. Яшчэ б – у 28 гадоў атрымаць вышэйшую ўзнагароду Радзімы, стаць вядомай на ўсю краіну!.. Ды чамусьці ніхто з іх не пацікавіўся, якой цяжкай працай даставалася жанчыне гэтае прызнанне. Хоць яна не думала пра ўзнагароды – працавала, каб жыць. Працавала сумленна, бо інакш не магла.
Пра прысваенне высокага звання Ганне паведаміў брат. Навіну гэтую Казімір пачуў па радыё і тут жа падзяліўся з сястрой.
ПАСЛЯ ЗОРКІ
Высокая ўзнагарода асабліва не паўплывала на жыццё Ганны Карповіч, хоць нейкія карэктывы і ўнесла. Пасля атрымання Залатой Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы, якую ёй уручалі ў Брэсце, яна працягвала працаваць птушніцай. У якасці дэлегата ўдзельнічала ва Усесаюзным з’ездзе прафсаюзаў у Маскве, пабывала на ВДНГ. Выйшла замуж. Нарадзіла дачку і сына. Муж Міхаіл працаваў трактарыстам.
З 1975 года сям’я Карповічаў жыве ў вёсцы Русіна, дзе ёй была выдзелена аднапакаёвая кватэра. У гэты ж час Ганна Іванаўна пераходзіць на Баранавіцкую птушкафабрыку. Увогуле ў гэтай галіне жанчына адпрацавала 36 гадоў…
Матэрыяльнага багацця, як і большасць работнікаў сельскай гаспадаркі, якія ўдастоены высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы, Ганна Карповіч не нажыла. А вось энтузіязм і малады запал, якія шмат гадоў таму дапамагалі жыць і працаваць, у душы захавала. І пачуццё гумару таксама: менавіта праз яго прызму расказвала пра справы даўно мінулых дзён. Зараз разам з дзецьмі і ўнукамі жанчына пражывае ў звычайнай трохпакаёвай кватэры, якая раней была інтэрнатам на дзве сям’і, а пасля дасталася ёй. Пра мінулае жыццё ўспамінае з лагоднай усмешкай, хоць яно асабліва і не пеставала жанчыну. Ды святло той самай яркай Зоркі па-ранейшаму грэе яе душу і асвятляе дарогу…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Баранавіцкі раён.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

“КИРПИЧ” ЗАПРАШАЕ ТВОРЧЫХ

Следующая запись

Распрацоўваецца сістэма прафарыентацыі школьнікаў