Заўтра – рэспубліканскі суботнік. Пастараемся?
Заробленыя на рэспубліканскім суботніку грошы будуць накіраваны на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона, рэалізацыю мерапрыемстваў Года беражлівасці і набыццё аўтамабіляў “Хуткай дапамогі”
У красавіку па даўняй традыцыі ў Беларусі – месячнік па добраўпарадкаванні. У гэты ж час праходзіць, як у народзе кажуць, “чыстая субота” – рэспубліканскі суботнік, які сёлета ладзіцца 20 красавіка.
Як і ў папярэднія гады, працаваць прапанавана на добраўпарадкаванні населеных пунктаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны. Плануецца, што палова заробленых грошай пойдзе на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў у рамках Года беражлівасці. Другая палова будзе накіравана на набыццё аўтамабіляў “Хуткай дапамогі”.
Як паведамляе прэс-служба Урада, кіраўніком рабочай групы па правядзенні рэспубліканскага суботніка назначаны намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч. Яго адказнымі памочнікамі з’яўляюцца міністр аховы здароўя Васіль Жарко і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. На месцах да суботніка добраахвотна могуць падключыцца ўсе: ад старшыні абласнога выканаўчага камітэта да школьніка. І штосьці падказвае, што так яно і будзе, бо раней суботнік заўжды быў масавай акцыяй.
Нягледзячы на тое, што рэспубліканскі суботнік пройдзе толькі заўтра, многія берасцейцы актыўна ўключыліся ў акцыю загадзя. Для таго, каб на свае вочы паглядзець на ранні старт суботніка, журналіст “НТ” выйшла на цэнтральныя вуліцы Брэста.
Гаспадары гандлёвых павільёнаў у “Маскоўскіх радах” каля ЦУМа разам з прадаўцамі пачалі генеральную ўборку яшчэ ў выхадныя. У нядзелю, а потым і ў панядзелак яны мылі вокны і дзверы, прыбіралі тэрыторыю побач з рынкам ды наводзілі марафет на сваіх рабочых месцах.
– Навошта чакаць афіцыйнага суботніка? – разважае прадпрымальніца Таццяна Кірылюк. – Чысціню неабходна падтрымліваць, а не наводзіць. У гэтыя выхадныя ў рэшце рэшт пацяплела, таму, думаю, многія гаспадыні актыўна ўзяліся за швабры ды венікі, а афіцыйнага старту чакаць не трэба. А што тычыцца 20 красавіка, дык вый-дзем і ў гэты дзень, бо ў правядзенні суботніка бачу толькі станоўчае. Мой муж, напрыклад, працуе на “Газаапараце”, яны штогод адлічваюць пэўную суму, яшчэ працуюць на аб’ектах добраўпарадкавання ў горадзе. А працаваць жадаюць усе.
“Белтэлекам”, пошта, абласны ліцэй, некаторыя магазіны на вуліцы Савецкай, банкі і кіёскі “Белсаюздрук” – тут “чыстую” вясну сустракаюць поўным ходам. Смела можна сказаць, што суботнік у абласным цэнтры пачаўся загадзя. Ды і ў райцэнтрах сітуацыя такая ж, бо ўсе добра разумеюць, што працуюць для сябе, для сваіх дзяцей, для сваёй краіны.
Месцаў, дзе можна і трэба папрацаваць на суботніку, шмат. У абласным цэнтры адным з асноўных з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” – дарэчы, тут разгорнецца маштабная акцыя абласной арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Акрамя таго, у суботнім лісце чакання – парк культуры і адпачынку імя 1 Мая, парк воінаў-інтэрнацыяналістаў, шэраг спартыўных аб’ектаў.
У райцэнтрах Брэстчыны аб’ектаў добраўпарадкавання таксама хапае. У бярозаўскім штабе суботніка паведамілі, што працаваць плануюць на Цэнтральным стадыёне, стадыёне ў Паўночным гарадку, кляштары картузіянцаў. У Кобрыне суботняя “ўборка” разгорнецца ў гарадскім парку імя А.В. Суворава, і не толькі. Свяцілаўскае возера, гарадскі парк, стадыён, студэнцкі гарадок – вось толькі частка аб’ектаў у Баранавічах, якія будуць задзейнічаны ў акцыі…
Здаецца, неістотна, дзе працаваць у гэты дзень: галоўнае – усе разам будзем рабіць добрую справу. Цудоўна, што берасцейцы адгукнуліся і нават за тыдзень пачалі наводзіць парадак на зямлі. Будзем лічыць, што гэта была размінка перад заўтрашнім суботнім, але працоўным днём.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.