Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • “Астравы здаровага ладу жыцця” атрымалі грант ад Чырвонага Крыжа

“Астравы здаровага ладу жыцця” атрымалі грант ад Чырвонага Крыжа


Новы праект па тэматыцы здаровага ладу жыцця пачалі валанцёры на Століншчыне.
Кожны плануе свой вольны час так, як яму хочацца. Аднак нямногія ў вольную хвіліну імкнуцца атрымаць веды, каб пасля распаўсюджваць іх сярод іншых. Менавіта такім прынцыпам кіруюцца валанцёры.
Валанцёрскі рух на Століншчыне шырыцца. Пра гэта сведчаць шматлікія акцыі, семінары, на якіх роўны навучае роўнага, а апошняе пацвярджэнне – праект “Астравы здаровага ладу жыцця”. Кіраўнік праекта, які атрымаў грант ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа з падтрымкай Дацкага таварыства Чырвонага Крыжа, – метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Лілія Валанцэвіч. Сродкі пойдуць на правядзенне семінараў-трэнінгаў, выпуск інфармацыйных буклетаў, раздатачнага матэрыялу. У рэалізацыі праекта ўдзельнічаюць валанцёры СШ № 2 р.п.Рэчыцы, Церабяжоўскай, Белавушскай сярэдніх школ, а таксама школ і гімназіі райцэнтра.
У сярэдзіне лютага ў СШ № 3 Століна прайшла інфармацыйная сесія па базавым курсе валанцёра і трэнінг па здаровым ладзе жыцця. Работай кіравала Лілія Уладзіміраўна. Яна імкнулася даць школьнікам карысную інфармацыю, бліжэй пазнаёміць з мэтамі і задачамі руху Чырвонага Крыжа, звярнуць увагу прысутных на ролю моладзі і валанцёраў у гэтым руху. Аднак вельмі прыемна, што падлеткі самі шмат што ведалі пра міжнародную гуманітарную арганізацыю. На пастаўленыя пытанні яны адказвалі хутка і правільна.
Затым школьнікі пазнаёміліся з праблемай ВІЧ/СНІД, а ў канцы сесіі распрацавалі і ўзгаднілі план рэалізацыі праекта “Астравы здаровага ладу жыцця”.
Навучанне праходзіла ў цікавай форме. Гэта і дзелавыя гульні, і мультымедыйныя прэзентацыі, і прагляд фільмаў ды мульцікаў. Школьнікі атрымалі сертыфікаты валанцёраў і цяпер змогуць навучаць равеснікаў.
У рамках праекта, рэалізаваць які плануецца да мая гэтага года, такіх сустрэч будзе яшчэ шмат. І на кожнай з іх валанцёрам давядзецца папрацаваць. Акцыі “За чысціню адносін”, “Астравы здаровага ладу жыцця”, “Мы – супраць!” яны правядуць для ўсіх навучэнцаў школ Століншчыны.

Таццяна СЕГЕН,
г.Столін

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля