Беларусь

Канстанцін СУМАР: “Галоўнае – якасць навучання”


У сераду, 19 чэрвеня, старшыня аблвыканкама сустрэўся з кіраўнікамі навучальных устаноў Драгічынскага раёна і калектывам сярэдняй школы № 1 райцэнтра, а таксама правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях.

Губернатара сустракалі Юрый Дзядзюк, старшыня Драгічынскага райвыканкама, і Ядзвіга Гарковіч, дырэктар ДУА “СШ № 1 г. Драгічына”, якая пазнаёміла кіраўніка вобласці з працай навучальнай установы. Агледзеўшы сталовую, музей і іншыя падраздзяленні школы, Канстанцін Сумар сустрэўся з педагагічнай грамадскасцю Драгічыншчыны.
У сістэму адукацыі раёна ўваходзяць 22 сярэднія і 8 базавых школ, гімназія, сельскагаспадарчы ліцэй, школа-інтэрнат, дапаможная школа і 15 да-школьных устаноў, у якіх 750 педагогаў навучаюць 7 тысяч дзяцей.
– Як бачым, сёння сістэма адукацыі з’яўляецца адным з найважнейшых гарантаў сацыяльнай стабільнасці беларускага грамадства, крыніцай росту інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу нацыі. Таму дзяржава пастаянна клапоціцца аб дынамічным развіцці гэтай найважнейшай сферы, – адзначыў у сваім выступленні Канстанцін Андрэевіч. –
У нас створаны выдатныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі як у гарадскіх установах, так і ў сельскіх.
Сапраўды, будуюцца новыя школы, дзіцячыя садкі, паляпшаецца дэмаграфічная сітуацыя. Сёння па статыстыцы кожная другая шматдзетная сям’я рэспублікі жыве ў Брэсцкай вобласці. Гэтаму спрыяе дынамічнае развіццё эканомікі рэгіёна. Вобласць па многіх паказчыках займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне, нарошчвае свой экспартны патэнцыял. Для гэтага мадэрнізуецца амаль 80 працэнтаў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. Усяго ж абнаўляецца 1239 арганізацый і прадпрыемстваў, што, несумненна, будзе садзейнічаць далейшаму росту сярэдняй зарплаты і развіццю сацыяльнай сферы.
Аднак, па словах кіраўніка вобласці, рэаліі такія, што ў цяперашні час наспела неабходнасць аптымізацыі сістэмы адукацыі. Звязана гэта са значным ростам колькасці малакамплектных школ і класаў. На Брэстчыне сёння налічваецца 90 сельскіх школ, у кожнай з якіх навучаецца ўсяго да 50 вучняў. Утрыманне такіх навучальных устаноў немэтазгодна. Напаўняльнасць класаў на вёсцы павінна быць мінімум 16 вучняў, а ў горадзе – 24. Таму працягнецца работа па закупцы аўтобусаў для падвозу школьнікаў.
Аналіз работы вучэбна-вытворчых камбінатаў паказаў нізкую эфектыўнасць гэтага звяна навучальнага працэсу. Адзінкі вучняў пасля атрымання прафесійнай падрыхтоўкі ў школе працягваюць далейшую адукацыю альбо ідуць працаваць па гэтым профілі. Дык ці варта марнаваць бюджэтныя сродкі? У гэтым годзе будуць зачынены 9 вучэбна-вытворчых камбінатаў, а ў 2014 годзе – яшчэ 10. Састарэла і такая форма навучання, як вячэрнія школы. Яны ўжо зачынены ў Брэсце і Пінску.
Канстанцін Сумар агучыў неабходнасць увядзення пэўнага прахаднога мінімуму для працягу вучобы ў 10-11 класах, а таксама выказаў свае развагі аб мэтазгоднасці шостага дня ў школе.
Былі дэталёва прааналізаваны ўсе аспекты сістэмы адукацыі рэгіёна: удасканаленне навучальнага працэсу, пошук новых форм і метадаў работы з падрастаючым пакаленнем, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў.
Дарэчы, было адзначана, што ў 2014 –
2015 гадах плануецца абсталяваць у школах вобласці 38 сучасных кабінетаў фізікі і хіміі, на што будзе выдаткавана 500 мільярдаў рублёў. Працягнецца работа па аснашчэнні камп’ютарных класаў. Кіраўнік вобласці запэўніў, што ўсе сродкі, вызваленыя ў выніку аптымізацыі сістэмы адукацыі, будуць накіраваны на абнаўленне і абсталяванне школ, а таксама на павелічэнне заробку педагогаў.
Далей губернатар даў вычарпальныя адказы на пытанні, якія паступілі ад удзельнікаў сустрэчы: аб зацягнутым рамонце кабінета стаматалогіі ў райцэнтры, неабходнасці рэканструкцыі мясцовага стадыёна, магчымасці будаўніцтва ў райцэнтры Лядовай арэны, мэтазгоднасці планавання колькасці студэнтаў у вышэйшых навучальных установах…
У другой палове дня ў будынку Драгічынскага райвыканкама Канстанцін Сумар правёў
прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Звароты былі разнапланавага характару. Большасць наведвальнікаў хвалявалі пытанні падтаплення прысядзібных участкаў.
Каля чатырох гадзін без перапынку прыйшлося Канстанціну Андрэевічу вырашаць людскія праблемы. Усіх ён слухаў з вялікім цярпеннем, даваў мудрыя парады і дапамагаў знаходзіць выхад практычна з тупіковых сітуацый.
Прыемна было бачыць, як імгненна прасвятляліся твары, калі з’яўлялася надзея ў людзей на паспяховае вырашэнне існуючай няпростай жыццёвай сітуацыі. За што яны не прамінулі шчыра падзякаваць губернатару.
Марыя ФЕДАРУК, “НТ”,
Драгічынскі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля