Звінелі радасцю Балоты…
Свята вёскі – компас, які вядзе ўсіх да каранёў сваіх продкаў, вяртае да вытокаў, яднае мінулае з будучым, дае надзею на шчаслівы лёс вёскі
Дзякуючы загадчыку сельскага клуба ў вёсцы Балоты Таццяне Ігнацюк, мастацкаму кіраўніку народнага хору Ірыне Вярцейка і рупнай падтрымцы старшыні адзінай арганізацыі прафсаюза Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” Васіля Бойкі, ужо трэці год у чэрвені ладзіцца сапраўднае свята для вяскоўцаў. У дварах не хапае месца аўтамабілям: багатыя хаты на дзяцей (часцей – чацвёра, зрэдку – двое),таму ёсць каму і грады ў дзень суботні папалоць, і песню бацькоў зацягнуць, каб рэха па ваколіцах пайшло.Трывалымі каранямі мацуюцца роднай зямлі маладыя сем’і Сяргея і Святланы Левых, Мікалая і Галіны Кандрацюк, Эдуарда і Вольгі Ігнацюк, Аляксандра і Таццяны Клімук, Марыі і Сцяпана Левых…
Багатую гісторыю Балотаў добра распавядае ўсім цікаўным бібліятэкар-краязнавец Ніна Дземідзюк. Дарэчы, першая назва вёскі была Ліпецк. Гаспадаром яе ў той далёкі час з’яўляўся пан Скроцкі. 180 гадоў назад яго маёнтак знаходзіўся ва ўрочышчы Стаў (назва замацавалася да гэтых дзён, бо чыстым шкляным вокам вабіць да сябе ставок-сажалка мясцовых рыбакоў, а ўзімку вясковая дзятва тут гуляе ў хакей).
Цяперашняя назва вёскі бярэ пачатак ад Сталыпінскай рэформы, калі ў гэтых мясцінах з’явіўся інжынер Шутаў, якому было даручана падзяліць хутары на тэрыторыю вакол Ліпецка. Тэрыторыю ён называў па-польску “блоты” – назва пашырылася і замацавалася.
Вёска моцная самабытнасцю, сваімі традыцыямі. Наталля Уласавец, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, любіць мясцовы фальклор і з любоўю даносіць яго сваім вучням. А вось Ірыну Паўлаўну Дрык у вёсцы называюць жывой энцыклапедыяй народных песень і абрадаў. Яна ахвотна спявае ў вясковым хоры. Прыказкі і прымаўкі, загадкі, народныя танцы і гульні, вясельна-каравайны абрад “Зборная субота” –
усё блізкае і роднае рупна сабрана і надзейна захоўваецца.
Доўгі час на ўзгорку сярод вёскі стаяў млын-вятрак. Пабудаваў яго Рыгор Дрозд у 1931 годзе. Час зрабіў сваю справу: крылы не змаглі лавіць свежы вецер. Але ў млына нядаўна з’явіўся новы гаспадар Васіль Новік, які перавёз вятрак на сваю аграсядзібу “Студзінка”. У вяскоўцаў ёсць надзея, што знойдуцца грошы на карысную справу і ўсміхнецца сівым вусам млынар-экскурсавод тым, хто завітае адпачыць на аграсядзібу…
Пераемнасць пакаленняў, іх узаемасувязь – адзін з фактараў працягу і развіцця вясковых традыцый. Урачыстае шэсце па цэнтральнай вуліцы пад звонкія песні “Вербніцы” і “Брастаўчанкі” нараджала аптымістычны спадзеў і жывіла сэрцы жыхароў. Гасцінна расчыняліся дзверы, свяціліся радасцю твары, ладзіліся багатыя сталы для гасцей і радні… Вёска заўсёды рада гасцям.
Ніна ДРЫК,
Кобрынскі раён.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.