Беларусь

  • Главная
  • Вертыкалі ўлады
  • 6 кастрычніка ў Кобрыне прайшоў абласны семінар “Асаблівасці работы з людзьмі ў сучасных умовах”

6 кастрычніка ў Кобрыне прайшоў абласны семінар “Асаблівасці работы з людзьмі ў сучасных умовах”


6 кастрычніка ў Кобрыне з удзелам першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Радзькова прайшоў абласны семінар “Асаблівасці работы з людзьмі ў сучасных умовах”
Яго адметнасць – паглыблены погляд на работу з моладдзю, на фарміраванне іх грамадзянскай пазіцыі. І гэта невыпадкова, бо менавіта за маладымі – будучыня краіны. А якой ёй быць – пра гэта трэба дбаць ужо сёння.
У дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым лагеры, дзе адбыўся абласны адукацыйны форум для маладых людзей, уключаных у перспектыўны кадравы рэзерв, Аляксандр Радзькоў, як і іншыя чыноўнікі высокага рангу – рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Анатоль Маразевіч ці намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, быў шчырым – нібыта з добрымі знаёмымі, не  баяўся задзірыстых пытанняў, разважліва-зычліва дзяліўся жыццёвымі назіраннямі. А яшчэ гаварыў аб важнасці жывых зносін паміж людзьмі, калі можна паглядзець у вочы субяседніка і адчуць яго рэакцыю на свае словы.
– Вочы – не проста орган, частка мозгу, – казаў Аляксандр Міхайлавіч. – Па іх бачны ўзровень і патэнцыял аўдыторыі.
А крышку пазней ён з перакананнем сцвярджаў журналістам, што “ніколі ні інтэрнэт, ні тэлебачанне, ні газета не заменяць людзям жывых зносін”. Таму трэба ісці да людзей. І тлумачыць, пераконваць, даносіць ідэю. Але зрабіць гэта прафесійна, а значыць – дасканала, на высокім узроўні – здолее толькі чалавек адукаваны, з высокай ступенню культуры, з жыццёвым і вытворчым вопытам, які, да таго ж, умее трымаць увагу слухачоў. Самае галоўнае – ідэолаг павінен шчыра верыць у тое, што нясе людзям. Толькі тады яго перакананні знойдуць водгук у сэрцах субяседнікаў, закрануць іх, як кажуць, за жывое.
Між тым, расказаў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Аляксандр Каляда, перспектыўны кадравы рэзерв фарміруецца ў аблвыканкаме з 2005 года. За гэты час цераз яго прайшлі 174 чалавекі, з якіх больш паловы (!)
атрымалі павышэнні па рабоце. Да прыкладу, трое рэзервістаў занялі пасады намеснікаў старшынь райвыканкамаў, трое – першых намеснікаў кіраўнікоў структурных падраздзяленняў аблвыканкама, адзін узначаліў абласны Цэнтр алімпійскага рэзерву па грэблі…
– Але кіраўніком стаць няпроста. Для гэтага патрэбны зачын, – не сумняваецца Аляксандр Радзькоў.
А яе, гэтую аснову, трэба беражна закладваць ужо са студэнцкай парты. Увага ўлады была звернута на юнакоў і дзяўчат – лідараў і арганізатараў, якія добра вучацца, удзельнічаюць  у грамадскім жыцці, ініцыятыўныя, аўтарытэтныя ў сваім асяроддзі. На іх робіцца стаўка, на іх ускладваюцца вялікія надзеі.
– А жыццё вас абавязкова прыкмеціць, калі думаць маштабна і працаваць сумленна, – параіў маладой аўдыторыі Аляксандр Радзькоў. – Будзьце арганізаванымі, дзяліцеся ідэямі, падтрымлівайце добрыя адносіны паміж сабой. І пераконвайце людзей – сваім аўтарытэтам, прафесіяналізмам, тым, што жывяце на зямлі сваіх продкаў, якую трэба ўладкоўваць і берагчы…
Аляксандр Радзькоў адказаў на ўсе пытанні маладых, хоць іх было нямала. Адносна БРСМ выказаўся як пра “вельмі цікавую і падзвіжніцкую сілу, якую трэба падтрымліваць і ўмацоўваць”. А наконт магчымасцей карыстання інтэрнэтам зазначыў: “Няма чаго зачыняцца… Але мы павінны выхоўваць у сябе культуру спажывання інтэрнэту”. Вядома ж, па словах Аляксандра Радзькова, і надалей будзе вырашацца пытанне па забеспячэнні жыллём маладых сямей – магчыма, не ў такіх аб’ёмах, як раней, бо “ўсё трэба пралічыць”. “Тым не менш, калі не мы заселім сваю зямлю – яе заселяць іншыя”, –
для большага пераканання Аляксандр Радзькоў прывёў словы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
Брастаўчанам прыемна было пачуць з вуснаў першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь вельмі станоўчы водгук пра дахі, якія праектуюць у тэхнічным універсітэце. У прыватнасці, ён у захапленні ад Віцебскага амфітэатра. А вось дах у Маладзечна ў выглядзе крылаў матылька не вельмі імпануе – ды пазней прадстаўнік БрТУ, можна сказаць, абараніў гонар установы: брастаўчане толькі ажыццявілі архітэктарскую задумку…
У другой палове дня ў Кобрынскім Палацы культуры адбылося пленарнае пасяджэнне, у якім удзельнічаў ідэалагічны актыў вобласці. Прагучаў шэраг выступленняў. Аб асаблівасцях работы з людзьмі ў сучасных умовах, у якой “не павінна быць нічога застылага і дагматычнага”, сваім пунктам гледжання падзяліўся Леанід Цупрык, аб ролі мясцовых СМІ – рэдактар Брэсцкай раённай газеты “Заря над Бугом” Ігар Гетман, аб выкарыстанні функцыянальных магчымасцей інтэрнэту –
начальнік аддзела ідэалагічнай работы Бярозаўскага райвыканкама Генадзь Курыловіч. З сацыялагічным аналізам каштоўнасцей студэнцкай моладзі Брэста пазнаёміў прысутных прафесар кафедры філасофіі і культуралогіі БрТУ Георгій Грыбаў. Было што сказаць і намесніку старшыні Столінскага райвыканкама Рыгору Пратасавіцкаму – пра работу ўлады па падборы і расстаноўцы ідэалагічных кадраў, генеральнаму дырэктару ААТ “Баранавічхлебапрадукт” Наталлі Манько –
за кошт чаго забяспечваецца ўстойлівая маральна-псіхалагічная абстаноўка ў вытворчым калектыве, а таксама генеральнаму дырэктару ТАА “Лагуна” Наталлі Ільніцкай – пра ўзаемадзеянне ўлады і бізнесу, дырэктару Чэрнінскай СШ Брэсцкага раёна Валянціне Койка – аб выхаванні ў дзяцей грамадзянскасці і патрыятызму…
“Мне так цікава! Слухаў бы вас і слухаў – добрае мысленне, шматвектарныя інтарэсы!” – з такога прызнання пачаў сваё выступленне перад берасцейскімі ідэолагамі Аляксандр Радзькоў. А затым выказаў сваё бачанне на многія падзеі, што былі ці адбываюцца вакол нас.  Гаварыў пра своеасаблівыя моманты ісціны, якія выпрабоўваюць людзей на трываласць, прымушаюць думаць і рабіць пэўныя ўрокі – у прыватнасці, пры выбары, парламенцкія і прэзідэнцкія, пра ўзрыў у метро, пра эканамічныя праблемы. На думку Аляксандра Радзькова, трэба пазбягаць фармалізму ў фарміраванні кадравага патэнцыялу, варта часцей абмяркоўваць на пасяджэннях выканкамаў ідэалагічныя пытанні, цесна ўзаемадзейнічаць са СМІ, з грамадскімі арганізацыямі…
“Работа з людзьмі – вельмі тонкая справа, – лічыць Аляксандр Радзькоў. – А чым далей краіна развіваецца – тым складанейшыя і больш тонкія паўстаюць задачы”. А ў тым, што рэальныя зносіны больш прадукцыйныя, чым віртуальныя, мне здаецца, нікога пераконваць не трэба было. Бо на прыкладзе ўжо самога абласнога семінара яго ўдзельнікі маглі пераканацца ў гэтым, меўшы магчымасць сустрэцца з калегамі, зверыць арыенціры і задаць хвалюючыя пытанні Аляксандру Радзькову. Напрыканцы ўдзельнікі форуму папрасілі яго вылучыць асаблівасці нашага рэгіёна.
– Вы – вобласць больш прасунутая, арганізаваная, інтэлектуальная, шматнацыянальная, пагранічная, – зазначыў Аляксандр Радзькоў. – Таму тут у ідэалагічнай рабоце трэба праяўляць больш гібкасці, мудрасці і падрыхтоўкі.
Пералічваючы адметнасці берасцейцаў, выступоўца не прамінуў узгадаць такую апорную кропку беларускай ідэалогіі, як Брэсцкая крэпасць, якой можна ўвесь свет выхоўваць. “І сюды, на святую зямлю, прасякнутую героікай, трэба прыводзіць кожнага чалавека”, – заўважыў Аляксандр Радзькоў…
Застаецца дадаць, што пасля такой насычанай праграмы ідэалагічнага форуму ёсць над чым падумаць, што параўнаць, да чаго імкнуцца. І вывад – агульны для ўсіх: каб дынамічна і паспяхова развівацца далей, трэба ісці да людзей, ведаць іх радасці і турботы. Бо “ідэалогія – гэта тая сфера, дзе трэба не загадваць, а тлумачыць, пераконваць, разумець і верыць”, – плакат са словамі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў актавай зале Палаца культуры штохвілінна нагадваў пра актуальнасць работы з людзьмі.
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Кобрынскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля