Беларусь

Узнагароджаны пераможцы абласных конкурсаў сярод моладзі за 2011 год


Цэлы год кампетэнтнае журы на чале з намеснікам старшыні аблвыканкама Леанідам Цупрыкам пільна сачыла за поспехамі канкурсантаў і ў рэшце рэшт выбрала лепшых. У аўторак у аблвыканкаме падвялі вынікі адразу трох абласных конкурсаў.
У конкурсе на лепшы сельскі падворак маладой сям’і перамаглі Вадзім  і Юлія Дарашукі з вёскі Новыя Лышчыцы Брэсцкага раёна. На другім месцы – Дзмітрый і Наталля Кутасевічы з вёскі Міжлессе Бярозаўскага раёна. Трэцяе занялі Іван і Ірына Міцкевічы з вёскі Шпіталі Жабінкаўскага раёна.
– Нічога асаблівага для перамогі рабіць не давялося, – расказала Юлія Дарашук. – З мужам шмат часу прысвячаем гаспадарцы: я займаюся ўпрыгожваннем падворка, вырошчваю кветкі, а муж будуе лазню.
Лепшымі ў вобласці саветамі моладзі ў розных намінацыях прызнаны суполкі кааператыва “Вулькаўскі світанак” Лунінецкага раёна, Мокраўскага сельсавета Пружанскага раёна, РУП “Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі” (г. Брэст).  Лепшым старшынёй  названа старшыня  савета моладзі інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Жабінкаўскім раёне Алена Прудзялюк.
– Такія спаборніцтвы праводзяцца для таго, каб развіваць творчы патэнцыял і ініцыятыву, выявіць актыў моладзі, – адзначыла начальнік аддзела па справах моладзі аблвыканкама Ірына Замарозная. – Конкурсы арганізуем штогод, акрамя спаборніцтва сярод інтэрнатаў – яно праходзіць раз у два гады.
У аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю выхаваўчай і фізкультурна-аздараўленчай работы ў інтэрнаце сярод прадпрыемстваў “золата” дасталося інтэрнату №3 СП ААТ “Брэстгазаапарат”.  Сярод вучэбных устаноў лепшы інтэрнат – у  Кобрынскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў. Вольга Кругавец з Лунінецкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага кале-джа сельскагаспадарчай вытворчасці стала лепшым арганізатарам выхаваўчай работы ў інтэрнаце на Брэстчыне.
– Усе пераможцы з’яўляюцца прыкладам для равеснікаў, – адзначыў Леанід Цупрык. – У іх можна павучыцца таму, як будаваць сваё жыццё і быць паспяховым. За гэта ім вялікі дзякуй. Для моладзі сёння створаны добрыя ўмовы ў нашым рэгіёне. Ад маладога пакалення патрабуецца не ленавацца.
Самыя актуальныя маладзёжныя праблемы пасля ўрачыстай часткі абмеркавалі члены абласнога каардынацыйнага савета па справах моладзі на пасяджэнні. Сярод праблемных пытанняў рубам стаяць арганізацыя другаснага працаўладкавання моладзі, замацаванне маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах, падлеткавая злачыннасць, а таксама прафарыентацыя ў школах. Работа па гэтых кірунках будзе працягнута і далей. Ад аддзелаў па справах моладзі патрабуюцца прапановы і новыя ідэі па эфектыўнай рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў вобласці.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля