Беларусь

“Ніва” для Людмілы


Машына брыгадзіру з “Аснежыцкага”, Герою Сацыялістычнай Працы была выдзелена па асабістым распараджэнні першага сакратара ЦК КПБ Ціхана Кісялёва…
Зараз Людміла Мікалаеўна ўжо і не памятае ўсіх падрабязнасцей тых зоркавых гадоў-імгненняў. Яно і не дзіўна: амаль чатыры дзесяцігоддзі мінула з часу, як да яе прыйшлі слава і вядомасць, а самой ёй у сакавіку споўнілася 78 гадоў. Таму, відаць, дакладна і не магла ўзгадаць імя таго, хто паведаміў ёй аб прысваенні высокага звання. Магчыма, гэта быў старшыня калгаса Уладзімір Ралько, які тады ўжо сам з’яўляўся Героем Сацыялістычнай Працы і вядомым у краіне чалавекам, ці яшчэ хто…
А вось словы Пятра Міронавіча Машэрава падчас аднаго з многіх форумаў, на якіх ёй прыйшлося выступаць за свой зорны час, запомніла на ўсё жыццё. Было гэта яшчэ за некалькі гадоў да прызнання яе працоўных заслуг на дзяржаўным узроўні. У тым сваім выступленні Людміла Мікалаеўна расказвала пра дасягненні калгаса, пра ўклад сваёй брыгады ў агульны поспех – збожжавых на круг яны атрымлівалі 50-60 цэнтнераў. Так здарылася, што перад гэтым вялікая група работнікаў народнай гаспадаркі Беларусі была прадстаўлена да дзяржаўных узнагарод, таму кіраўнік рэспублікі пасля яе выступлення пацікавіўся ў некага са сваіх падначаленых, чым узнагародзілі брыгадзіра з “Аснежыцкага”. Тыя сталі высвятляць. Аказалася – нічым. Каб выправіць сітуацыю, у тэрміновым парадку патэлефанавалі ў Маскву…
З Зоркай тады не выйшла – атрымала першы ордэн Леніна. А праз два гады, у снежні 1973-га, “за вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы, цукровых буракоў і іншай прадукцыі земляробства ў 1973 годзе” Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прысвоіў брыгадзіру з калгаса “Аснежыцкі” Людміле Журбіла званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем Залатой Зоркі і другога ордэна Леніна. “Усё было нібыта сон”, – гаворыць пра той час жанчына…
Першыя працоўныя крокі звычайная вясковая дзяўчына зрабіла ў Пінску. У Людмілы Алізарэвіч (дзявочае прозвішча) з Аснежыц яны звязаны з раённым вузлом паштовай сувязі. Менавіта сюды ўладкавалася на работу пасля заканчэння школы. На працягу 6 гадоў працавала аператарам у сартавальным аддзеле, падмяняла начальнікаў паштовых аддзяленняў у раёне. Работа ёй падабалася і, калі б не замужжа, магчыма, яна назаўжды звязала свой лёс з поштай і горадам…
Свайго нарачонага дзяўчына сустрэла ў сельскім клубе. Антон Журбіла разам з іншымі хлопцамі з суседняй Любелі па суботах наведваўся ў Аснежыцы на танцы. Тут і прыкмеціў Люду, якая на выхадныя прыязджала да бацькоў. Ды і як ён мог не заўважыць дзяўчыну-прыгажуню (непадуладная гадам прывабнасць жанчыны бачная і зараз)? З гэтай нагоды Людміла Мікалаеўна ўспомніла, як аднойчы да іх дамоў прыехаў начальнік аэрапорта, дзе працаваў бацька, і, убачыўшы яе ў гумавых ботах, фуфайцы і хустцы, сказаў: “Яна чартоўскі харошанькая нават у гэтым убранні”.
Калі пажаніліся, жыць сталі ў Любелі. З поштай давялося развітацца, а на работу маладая жанчына пайшла ў калгас рахункаводам. Працавала таксама падлікоўцам. Без адрыву ад вытворчасці нарадзіла і выхоўвалі з мужам траіх дзяцей – дачку Галю, сыноў Колю і Мішу.
Часова падмяніць брыгадзіра, які звольніўся, маладой жанчыне прапанавалі, калі малодшанькаму споўнілася два з паловай гады. Яна згадзілася. Але нават падумаць не магла, што гэтае “часова” працягнецца 35 гадоў, што зробіць яе вядомай на ўсю краіну і прывядзе да самай высокай працоўнай дзяржаўнай узнагароды. Праўда, аднясе на другі план хатнія клопаты і ў нейкай меры сям’ю. Работа брыгадзірам аднімала львіную долю часу: калі буракі ўбіралі, з раніцы да змяркання знаходзілася ў полі, кантралявала, каб ўраджай вывозіўся раўнамерна, па дзялках. Ды і камбайнеры без брыгадзіра не пачыналі жніво. А яна абы-як працаваць не магла. Таму даводзілася нечым ахвяраваць. Але ёй пашанцавала з мужам, які працаваў на ферме даглядчыкам і ніколі не папракаў жонку за тое, што пастаянна знаходзілася на рабоце, не наракаў на свой лёс…
Паляводаў, якіх у яе падначаленні знаходзілася больш за 60, неабходна было арганізаваць на работу: да кожнага зайсці дахаты, каб паведаміць, на які ўчастак ён павінен выйсці. Калі ж некага не аказвалася дома – перадавала праз суседзяў. І ніколі не было такога выпадку, каб хтосьці не паслухаў яе. А работу паляводам даводзілася выконваць самую розную: і гной з жывёлагадоўчых памяшканняў выкідваць, і зерне ў жніво з поля коньмі вазіць (тэхніка з’явілася пазней), і буракі палоць – толькі цукровых у брыгадзе было 90 гектараў, а яшчэ ж кармавыя… Ды й ці мала чаго даводзілася рабіць! Ёй жа заўжды трэба было пракантраляваць, як людзі выконваюць даручаную справу. Дзе пешшу, дзе на кані ці на веласіпедзе, у спякоту і непагадзь дабіралася жанчына ў розныя куткі брыгады, сельгасугоддзі якой складалі 700 гектараў. І толькі пасля таго, як аднойчы ў жніво ў “Аснежыцкім” пабываў першы сакратар ЦК КПБ Ціхан Кісялёў і пазнаёміўся з прастуджаным і захутаным брыгадзірам Лёнем (так любоўна называлі Людмілу Журбіла ў гаспадарцы), яна атрымала ў карыстанне аўтамабіль. А здарылася гэта так.
– Прыехаў неяк у брыгаду намеснік старшыні калгаса і гаворыць: “Табе Кісялёў “Ніву” дае”, – распавядае пра той перыяд жыцця Людміла Мікалаеўна. – Дык гэта ж добра, адказваю. Чатыры ёсць – пяты будзе. – “Ды не камбайн, а аўтамабіль!”. А праз некаторы час у гаспадарку прыйшла “Ніва”. У суправа-джальным дакуменце значылася: “калгасу “Аснежыцкі” для Журбіла”.
Спачатку брыгадзіру быў выдзелены вадзіцель, бо яна не ўмела кіраваць тэхнікай. Пазней, праўда, асвоіла аўтамабіль і ўжо самастойна аб’язджала ўгоддзі брыгады. А другую “Ніву” ўзамен састарэлай Людміла Мікалаеўна сама папрасіла ў Хусаінава, калі аднойчы побач з ім сядзела ў прэзідыуме аднаго з форумаў. Новы аўтамабіль уладальніца Залатой Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы атрымала ў 1987 годзе, ды так і даездзіла на ім да пенсіі. Калі якая непаладка здаралася, прыганяла “Ніву” ў калгасную майстэрню, каб хлопцы падрамантавалі, і зноў – у шлях-дарогу па палетках ды сенажацях. А калі завяршала сваю працоўную дзейнасць (на заслужаны адпачынак жанчына пайшла ў 65 гадоў), кіраўніцтва калгаса аддавала ёй гэты аўтамабіль у асабістае карыстанне. Ды Людміла Мікалаеўна разважыла па-свойму: маўляў, рамантаваць яго няма каму, ездзіць – таксама, і замест “Нівы” ўзяла… быка.
А мы зноў гутарым з ёй пра незабыўную маладосць і больш сталыя гады. Сказаць, што жыццё
39-гадовай жанчыны пасля прысваення высокага звання ў корані перамянілася, будзе няправільна. Так, яна стала вядомай, яе пазнавалі: аднойчы ля магазіна ў райцэнтры падышоў мужчына з Украіны і сказаў, што ведае яе. І дзіўнага ў гэтым нічога не было, бо фотаздымкі Герояў Сацыялістычнай Працы былі частымі на старонках саюзных газет і часопісаў.
Між тым, Людміла Мікалаеўна, як і раней, штодзень арганізоўвала на працу паляводаў і механізатараў, аб’язджала ўладанні брыгады, сачыла за парадкам на палетках. Радавалася, калі хлебная ніва аддзячвала вяскоўцам за працу шчодрым ураджаем, і перажывала, калі нешта не атрымлівалася. Праўда, цяпер у чарадзе сельскіх працоўных будняў ёй даводзілася займацца яшчэ і справамі рэспубліканскай значнасці: брыгадзір з “Аснежыцкага” была дэлегатам ХХVIII з’езда Камуністычнай партыі Беларусі, на якім выступала, з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 9-га склікання, членам прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
Цяпер за даўніной часу ўсё гэта, і сапраўды, здаецца сном. Прыемным і прыгожым, у якім былі цікавыя паездкі і сустрэчы з сусветна вядомымі людзьмі. Сярод іх – дзяржаўны і палітычны дзеяч СССР Міхаіл Суслаў: з ім Людміла Мікалаеўна пазнаёмілася ў 1974 годзе на святкаванні 50-годдзя Узбекскай ССР. Яна была ў складзе беларускай дэлегацыі, якую ўзначальваў Пётр Міронавіч Машэраў. На ўрачыстасці з нагоды 40-годдзя Літоўскай ССР у 1980 годзе бачылася з Міхаілам Гарбачовым. З ім знакамітага брыгадзіра раней пазнаёміў Пётр Машэраў. А яшчэ ў яе памяці – сустрэча з першай жанчынай-касманаўтам Валянцінай Церашковай, якая была настолькі цёплай і добразычлівай, што два Героі нават абняліся. Усё гэта, як і адпачынак у Кіславодску і Сочы  па два разы,  жыццё ў Любелі, а пасля – у Аснежыцах, ужо ў далёкім мінулым.
Зараз жанчына жыве ў двухпакаёвай кватэры ў Пінску, якую горад выдзеліў гаспадарцы ў абмен на зямлю пад будаўніцтва шматпавярхоўкі. Сюды яна пераехала пасля смерці мужа. Яго страта, а яшчэ больш – заўчасная смерць сына Колі падкасілі здароўе Людмілы Мікалаеўны. Яна часта хварэе. Але гэта не перашкаджае ёй цікавіцца справамі гаспадаркі, якой аддала свае лепшыя гады, падтрымліваць стасункі з тымі, хто разам з ёй працаваў на шчодрай аснежыцкай ніве. І пра яе не забываюць. Асноўная ж надзея і апора жанчыны – яе дзеці. Галя з Мішам, шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў таксама жывуць у райцэнтры. Яны клапоцяцца пра маці і бабулю, тэлефануюць, заходзяць. І яна жыве думкамі пра іх…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Пінск.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля