Так напісала ў вершы “Пошук” аб выбранай прафесіі загадчыца сельскай бібліятэкі аграгарадка Агарэвічы Аксана КарповічУзгадваецца сёлетняе пер-шамайскае свята ў гарадскім парку імя 1 Мая ў Брэсце: услед за калектывамі, занесенымі на абласну... ля кніг сяброў няма нуды
Так напісала ў вершы “Пошук” аб выбранай прафесіі загадчыца сельскай бібліятэкі аграгарадка Агарэвічы Аксана Карповіч
Узгадваецца сёлетняе пер-
шамайскае свята ў гарадскім парку імя 1 Мая ў Брэсце: услед за калектывамі, занесенымі на абласную Дошку гонару, і людзьмі, каму па выніках работы за 2014 год было прысвоена званне “Чалавек года”, ушаноўвалі пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Умельцы Брэстчыны”. Сярод іншых старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай уручыў дыплом пераможцы і Аксане Карповіч з Ганцавіцкага раёна.
А дагэтуль маладая жанчына была ўзнагароджана дыпломамі: спачатку абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры – за перамогу ў абласным аглядзе-конкурсе “Лепшы па прафесіі сярод моладзі, якая працуе ў аграгарадках, у 2013 годзе ў намінацыі “Культура”, затым Беларускага прафсаюза работнікаў культуры – за 2-е месца ў аналагічным конкурсе ў намінацыі “Бібліятэкар”.
…У Агарэвічы Аксана прыехала тры гады таму, пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтва. І была вельмі задаволена. Бо Ганцаўшчына – яе радзіма. У невялікай вёсачцы Шашкі, дзе яна нарадзілася, і дагэтуль жыве мама. Зразумела, дзяўчыне хацелася быць бліжэй да найдаражэйшага чалавека – тым больш, на першым курсе не стала бацькі, а яна была адзіным дзіцём у сям’і…
З чаго пачынала працу ў якасці загадчыцы сельскай бібліятэкі? Узгадваючы недалёкую мінуўшчыну, Аксана ўсміхаецца: усё, як звычайна –
з расстаноўкі кніг. Але ж і да яе людзі працавалі – таму трэба было напаўняць новымі матэрыяламі краязнаўчы цэнтр “Бусліны край! Мой вырай і прыстанак”... Яе надзвычай захапіў праект “Дваццаць партрэтаў жанчын ХХ стагоддзя” – аповяд аб простых людзях-земляках з цікавымі, незвычайнымі лёсамі, руплівых працаўніцах роднай зямлі. Разам з былой настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Агарэвіцкай СШ Леанідай Рапейка яны стваралі жаночыя партрэты – да прыкладу, заслужанага майстра Беларусі Феафаніі Крысюк, вясельныя ручнікі якой раз’ехаліся далёка за межы краіны, ці Анастасіі Коўш, якая прайшла вайну, стала шматдзетнай маці, перажыла двух сыноў ды не схіліла галаву перад нягодамі, а працягвала дарыць радасць навакольным…
Дырэктар Ганцавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ала Хваль з цеплынёй у голасе распавядае: “Калі Аксана праводзіла першыя мерапрыемствы – галасочак аж дрыжаў ад хвалявання. Ды граматна, ра-зумна, пранікнёна расказвала –
і слухачоў яе шчырасць проста падкупляла…”
Праз год з пачатку работы Аксаны ў бібліятэцы адкрыўся пакой рэдкай кнігі. Прашу расказаць, як ён уладкоўваўся.
– З дапамогай людзей, якія ахвотна адгукнуліся на ўдзел у акцыі “Падары бібліятэцы кнігу”, на наш кліч аб дапамозе, – кажа мая субяседніца.
Такім чынам у пакоі з’явіліся раздзелы кніг незвычайных форм (вялікія і малыя), на замежных мовах, асаблівая ўвага была нададзена старым выданням. Аксана ўзгадвае: пашанцавала нават знайсці біблію на французскай мове, выдадзеную ў 1840 годзе. Таксама збіраліся кнігі з аўтографамі знакамітых, творчых людзей накшталт пісьменніка, паэта Віктара Гардзея ці маладзейшых сучаснікаў, шчыра ўлюблёных у матчына слова…
А яшчэ першае працоўнае месца і лёс падарылі акрыленай дзяўчыне каханне ў выглядзе нешматслоўнага, ды клапатлівага, надзейнага Максіма, які два гады таму стаў яе мужам. Зараз у сям’і Карповічаў падрастае Марыйка. Вядома, спачатку маладой матулі прыходзілася нялёгка – увесь час прысвячала дачушцы. Але цяпер Аксана ізноў узгадала пра свой любімы занятак для душы –
вершы, якімі яна, дарэчы, захапляецца з 10-ці год. І піша – пра мацярынскую радасць, каханне і любоў да Радзімы, пра свае мары-памкненні. І, вядома ж, пра справу свайго жыцця – пра бібліятэку і кнігі, якія, нібыта добрыя сябры, падтрымліваюць, накіроўваюць і натхняюць.
Я звярнула ўвагу на красамоўную дэталь: у ЦРБ імя Васіля Праскурава на стэндзе выдадзеных аддзелам бібліятэчнага маркетынгу кніг стаіць і першая проба пяра Аксаны Карповіч – зборнік вершаў “Я не такая, як усе…”
– А чаму не такая? – пытаюся ў Аксаны перад тым, як развітацца.
У адказ пачула:
– Паэты ўвогуле не такія, як усе. Яны па-асабліваму адчуваюць свет…
Галіна МІХАЛЕВІЧ, “НТ”,
Ганцавіцкі раён.

Надвор'е

Курсы валют

Відэа

Архіў

Жнівень 2016
Пн Аўт Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31 1 2 3 4

Спасылкi

Мы ў сацыяльных сетках