Беларусь

“Храм майго сэрца”


Грамадская дабрачынная акцыя пад такой назвай стартуе ў Брэсце
Яе мэта – збор сродкаў для рэалізацыі маштабнага свецка-рэлігійнага праекта  па рэканструкцыі Свята-Васкра-сенскага сабора. Пабудаваны да 50-годдзя Вялікай Перамогі, храм узводзіўся паскоранымі тэмпамі і з эканоміяй расходаў. Пакрыццё даху сабора – звычайная ацынкоўка – не выконвае ні эстэтычную, ні практычную ролі, бо элементарна ржавее. Ды і самі гараджане неаднаразова заўважалі, што і вышыні сабору бракуе, і знешняга аздаблення – тым больш што менавіта гэты храм першым сустракае гасцей горада, з’яўляецца архітэктурным сімвалам Маскоўскага раёна Брэста. Таму рамонт быў непазбежны.

Прэзентацыя праекта абнаўлення храма, якую нядаўна правялі кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна Аляксандр Рагачук і настаяцель храма протаіерэй Уладзімір Карнялюк, адкрыла новыя перспектывы і паказала арыгінальнае рашэнне. Адобраны як свецкай, так і царкоўнай уладамі, праект уяўляе сабой комплекс работ, што плануецца правесці ў тры этапы, у ажыццяўленні якіх задзейнічаны і спецыялісты ААТ “Марыён” з Чалябінска.
Як жа зменіцца выгляд храма? У першую чаргу запланаваны рэканструкцыя званіцы і… “залатыя” купалы. Гаворка ідзе не пра каштоўны метал, а пра сучасны матэрыял – нітрыдтытан, які нічым не саступае ў дэкаратыўным плане пазалоце і мае 100-гадовую гарантыю. Другі этап: пласцінкамі нержавейкі заменяць ацынкоўку даху – і замест цьмянай паверхні будзе адбівацца сінь нябёсаў, што ў ансамблі з золатам купалоў дасць ашаламляльны эфект. Ну, а каб храм гарманічна ўключаўся ў начны пейзаж Брэста і візуальна дабавіць яму вышыні, на заключным этапе  плануецца прадуманая якасная сістэма  асвятлення. Пагадзіцеся, убачыць такое на ўласныя вочы і пакінуць сваім дзецям – добры стымул для ўсіх нас.
Добраахвотныя ахвяраванні на наданне новага аблічча храму, які па праву лічыцца цэнтрам духоўнага жыцця Маскоўскага раёна абласнога цэнтра і яго галоўным упрыгажэннем, можна будзе пералічыць на разліковы рахунак, які у бліжэйшым нумары “НТ” будзе змешчаны для тых, хто хоча далучыцца да добрай справы.
Алёна САЦУТА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля