Беларусь

“Выпрабаванне для суседзяў”


Матэрыял пад такой назвай быў змешчаны ў №7 “НТ”. Гаворка ў ім вялася пра тое, якія нязручнасці даводзіцца цярпець людзям, калі ў іх пад’ездзе жывуць злосныя неплацельшчыкі камунальных паслуг. На газетную публікацыю адгукнуўся генеральны дырэктар абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі” Сяргей ЛАБАНАЎ. У прыватнасці, ён праінфармаваў рэдакцыю:
“Пратэрмінаваная запазычанасць за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі на пачатак гэтага года па вобласці склала 2,4 мільярда рублёў, г. зн. 5 працэнтаў ад агульнай колькасці асабістых рахункаў мелі запазычанасць.
З кожнай катэгорыяй неплацельшчыкаў – тых, хто ўсяго толькі забыўся аплаціць квіток, і тых, хто злосна ўхіляецца ад аплаты паслуг ЖКГ, – камунальныя службы працуюць па-рознаму. Калі доўг – адзін месяц, то падключаецца сістэма аўтадазвону з напамінкам аб неабходнасці заплаціць за камунальныя паслугі, супрацоўнікі ЖКГ праводзяць індывідуальныя гутаркі. Да тых, хто мае запазычанасць 2 месяцы, прымаюцца больш сур’ёзныя меры – адключэнне камунальных паслуг”.
Па інфармацыі Сяргея Лабанава, асноўным метадам барацьбы з неплацяжамі з’яўляецца спагнанне запазычанасці ў судовым парадку. Калі чалавек працуе, выканаўчы ліст накіруюць па месцы працы; калі пенсіянер – у пенсійны фонд для выліку сумы запазычанасці з пенсіі.
“За 2010 год было адпраўлена 87094 папярэджанні неплацельшчыкам, адключаны ад камунальных паслуг 6607 абанентаў, аформлена 618 выканаўчых лістоў на суму 121,9 мільёна рублёў, пададзена іскавых заяў у суд 12426, з іх 11040 былі задаволены. 13 чалавек выселены ў іншыя жылыя памяшканні, яшчэ столькі ж выселены без давання жылля”.
Сяргей Аляксандравіч нагадаў, што прадугледжана заканадаўствам дапамога ў аплаце камунальных паслуг праз атрыманне адраснай сацыяльнай дапамогі. Калі грамадзянін мае пратэрмінаваную запазычанасць, дык пры выплаце асноўнага доўгу яму па рашэнні гаррайвыканкамаў можа быць спісана пеня. Для гэтага трэба звярнуцца ў жыллёва-эксплуатацыйную службу з адпаведнай заявай.
Кіраўнік абласнога ЖКГ паведаміў, што заканадаўства не прадугледжвае высялення неплацельшчыка, калі ён з’яўляецца ўласнікам жылога памяшкання. Вось тады і ўзнікаюць праблемы, аб якіх пісала наша чытачка Таццяна Шульга. Але ў праект новага Жыллёвага кодэкса, які ўжо прайшоў першае чытанне ў беларускім парламенце, унесены папраўкі. Новая рэдакцыя дакумента прадугледжвае, што злоснаму неплацельшчыку – уласніку жылля – спачатку дадуць час на пагашэнне запазычанасці. Калі ён гэтага не зробіць, мясцовыя органы ўлады атрымліваюць права звярнуцца ў суд, каб прадаць кватэру з аўкцыёну. З атрыманых грошай пагасяць доўг, а рэшту аддадуць уласніку прададзенага жылля. Прапісана таксама новая працэдура прымусовага абмену жылля неплацельшчыкаў з грамадзянамі, якія стаяць у чарзе маючых патрэбу на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля