Цукровы бум
Цукровы бум
Ён назіраецца і на Брэстчыне. Тлумачэнне таму простае: магчымае павышэнне цаны на цукар. Але ў канцэрне “Белдзяржхарчпрам” запэўнілі, што ў бліжэйшы час змянення цаны не плануецца. Згодна з пастановай Міністэрства эканомікі з 12 лютага 1 кілаграм фасаванага цукру каштуе 3600 рублёў, а вагавога – 3290. Запасы цукру на складах дастатковыя для забеспячэння патрэбнасці ў ім да сезона перапрацоўкі цукровых буракоў ураджаю сёлетняга года. Што датычыць Жабінкаўскага цукровага завода, дык тут выпушчана партыя цукру буйнакрышталічнага і цукру, абагачанага ёдам, селенам, вітамінам Е і фоліевай кіслатой.
Толькі ўзаемавыгадны дыялог!
На 6-й сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якая пачала работу 4 красавіка, парламентарыі прымаюць рашэнні па шэрагу жыццёва важных для дзяржавы і грамадства пытаннях. Гэтыя новаўвядзенні створаць эфектыўныя ўмовы для далейшага эканамічнага росту, ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці і паляпшэння бізнес-клімату ў краіне. Старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў падкрэсліў важнасць работы сенатараў у рэгіёнах, асабліва са зваротамі грамадзян. Асобна спыніўся і на развіцці міжнароднага супрацоўніцтва, якое будавалася б у рэчышчы канструктыўнага ўзаемавыгаднага дыялогу.
Рэспубліканскі суботнік
Савет Міністраў краіны прыняў рашэнне правесці рэспубліканскі суботнік 16 красавіка. Працаваць можна будзе на рабочых месцах ці добраўпарадкоўваць населеныя пункты, мемарыяльныя комплексы, месцы пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны.
На другі тэрмін
Дзеючы прэзідэнт ЗША Барак Абама прыняў рашэнне вылучыцца на другі тэрмін прэзідэнцтва. На персанальным сайце Абамы размешчаны ролік, у якім прапаноўваецца ахвяраваць грошы на выбарную кампанію кандыдата.
Неспакойная зямля
Зноў землятрус у Японіі: на паўночным усходзе краіны 7 красавіка зарэгістраваны штуршкі амплітудай 7,4 бала. Адключэнне электрычнасці адбылося ў шэрагу прэфектур, было перададзена папярэджанне аб цунамі. З атамнай станцыі “Фукусіма-1”, на якой сітуацыя застаецца праблемнай, зноў былі эвакуіраваны рабочыя і выратавальнікі.
Бясплатны шэнген
Пасольства ФРГ пачало выдаваць бясплатныя шэнгенскія візы беларускім дзецям да 12 год. Раней консульскі збор не бралі ў дзяцей да 6 год.
Адзначаны “Нікай”
Першы кінапраект Саюзнай дзяржавы – фільм “Брэсцкая крэпасць” – атрымаў тры ўзнагароды расійскай нацыянальнай кінематаграфічнай прэміі “Ніка”. Стужка адзначана ў намінацыях “Лепшая работа мастака па касцюмах”, “Лепшая работа мастака” і “Лепшая работа гукааператара”. Уручэнне ўзнагарод прайшло ў Маскве 7 красавіка.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.