Беларусь

Каралева фітнесу


БРЭСТ
Высокія тэхналогіі
Беларускі парк высокіх тэхналогій адкрыў першую навукова-вучэбную лабараторыю ў Брэсце. Гэта сумесны праект кампаніі “ЕPAM Systems” і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.  Пушкіна. На базе лабараторыі плануецца арганізаваць падрыхтоўку маладых спецыялістаў па распрацоўцы камп’ютарных праграм.
БРЭСЦКІ РАЁН
Без жартаў – аб дэмаграфіі
1 красавіка старшыня райвыканкама Уладзімір Мацука правёў пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы. Былі прааналізаваны асноўныя дэмаграфічныя паказчыкі ў Прыбужжы.  Аб стане дэмаграфічнай сітуацыі ў гарадскім пасёлку Дамачава праінфармаваў старшыня пассавета Леанід Тарасевіч.
БАРАНАВІЧЫ
Агні “Фіесты”
Больш за 200 танцораў прынялі ўдзел у 14-м турніры па бальных танцах “Фіеста запальвае агні”. Сваё танцавальнае майстэрства прадэманстравалі баранавіцкія танцоры ва ўзросце ад 5 да 30 гадоў. У розных намінацыях пераможцамі сталі Захар Садавы, Кацярына Калодзенка, Хрысціна Макаўчык, Ганна Манукян, Андрэй Міхалькевіч, Валерыя Пазднякевіч, Яўген і Надзея Шумаўцы і іншыя.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Маладзёжны суботнік
Сёння ў раёне прайшоў маладзёжны суботнік. Ініцыятарам яго правядзення выступіў райкам ГА “БРСМ”. Актывісты суполкі “змагаліся” са стыхійнымі звалкамі ў вёсцы Глінішча. Каб падтрымаць маладзёжную ініцыятыву, можна было таксама навесці парадак, напрыклад, каля дома, школы ці ўніверсітэта.
БЯРОЗА
Кавальскае майстэрства
У галерэі мастацтваў адкрылася выстава кавальскага майстэрства. Экспанаты належаць мясцовай майстэрні мастацкай коўкі “Крывіч” і брэсцкім умельцам. Тут можна ўбачыць дэкаратыўныя вырабы, выкананыя ў рознай тэхніцы, а таксама старажытныя кавальскія інструменты.
ГАНЦАВІЧЫ
Крок назад, тры – наперад
Выхаванка Ганцавіцкай СДЮШАР Ганна Савеня, якая ўвайшла ў склад зборнай Беларусі, стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы па жаночай барацьбе ў вагавой катэгорыі 67 кг. І хоць у першым паядынку Ганна ўступіла спартсменцы з Азербайджана, затое потым пераканаўча перамагла ў барацьбе з венгеркай, чэшкай і турчанкай. У выніку – бронзавы медаль, чым вельмі ганарацца ганцаўчане, якія хваляваліся за сваю зямлячку.
ДРАГІЧЫН
Вечар з “Песнярамі”
Адметнай падзеяй у культурным жыцці раённага цэнтра стаў канцэрт Дзяржаўнага ансамбля Рэспублікі Беларусь “Песняры”. Вядомы калектыў выступіў на сцэне ГДК у першы дзень красавіка. У выкананні артыстаў прагучалі як новыя, яшчэ невядомыя шырокаму колу слухачоў песні, так і знакамітыя “Александрына”, “Каляда”, “Касіў Ясь канюшыну” і іншыя.
ЖАБІНКА
Байкеры – у дзіцячым прытулку
З Жабінкаўшчыны пачалася акцыя “ДАІ і матацыклісты – за бяспеку дарогі для дзяцей”. Звыш сотні байкераў з Польшчы, Украіны, Расіі і Беларусі суботнім надвячоркам завіталі да выхаванцаў Ленінскага дзіцячага прытулку. Яны ўручылі дзецям сувеніры, пакаталі іх на “жалезных конях”.
ІВАНАВА
Палескі крос
Упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама сумесна з райвыканкамам пад эгідай Прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці правялі традыцыйны, восьмы па ліку, лёгкаатлетычны крос на прызы майстра спорту міжнароднага класа Уладзіміра Цямчыка. Для ўдзелу ў ім з’ехаліся больш за 500 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Галоўным стартам спаборніцтваў стаў забег мужчын і жанчын на 10 кіламетраў, у якім перамаглі Ігар Цецерукоў з Гродна і Анастасія Старавойтава з Жодзіна.
ІВАЦЭВІЧЫ
Ведаць бяспеку
У абласной алімпіядзе па курсе “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” ў старэйшай узроставай групе перамог вучань 10 класа Гошчаўскай сярэдняй школы Дзмітрый Еўтух. Парадаваўся за вучня настаўнік Леанід Грудавы, які рыхтаваў Дзіму да адказнага выступлення. Напера-дзе ў школьніка – удзел у рэспубліканскай гульні “Школа бяспекі-2011”.
КАМЯНЕЦ
З навукай у будучыню
У райцэнтры прайшла 11-я раённая навукова-практычная канферэнцыя, якая прысвячалася 130-годдзю з дня нараджэння першага прэзідэнта Акадэміі навук БССР Усевалада Ігнатоўскага. У шасці секцыях разгледзелі 43 работы школьнікаў. Пераможцамі названы 13 вучняў: пяцёра – з Пелішчанскай, па двое – з Відамлянскай  і першай гарадской, па аднаму – з Высокаўскай, Воўчынскай, Каленкавіцкай і Камянюцкай СШ. 16 красавіка яны будуць удзельнічаць у абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.
КОБРЫН
Каралева фітнесу
Больш за 100 прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва сталі ўдзельніцамі праекта “Місіс Фітнес-2011”. Галоўная задача праекта – прыцягненне максімальнай колькасці кабрынчанак да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай. Журы ацаніла 16 каманд. Лепшымі названы дзяўчаты з ААТ “Кобрынскі мясакамбінат”. Званне “Місіс Фітнес-2011” атрымала Наталля Паўлюкавец, якая выступала за каманду ААТ “Кобрынскі масласырзавод”.
ЛУНІНЕЦ
Скарбніца праваслаўя
Заўтра ў раёне распачнецца фестываль праваслаўнай культуры “Кладезь”, арганізаваны Пінскай і Лунінецкай епархіямі сумесна з райвыканкамам. У межах форуму, які будзе доўжыцца тыдзень, плануецца правесці сустрэчы-гутаркі, выставы, спектаклі для дзяцей і дарослых, тэматычныя кінапрагляды.
ЛЯХАВІЧЫ
Кабінет на… колах МАЗа
Днямі цэнтральная райбальніца набыла перасоўны лічбавы рэнтгенапарат. Кабінет абсталяваны на аўтамабілі МАЗ. Абследаваць лёгкія (да 100 чалавек у дзень) змогуць не толькі жыхары Ляхавіцкага раёна, але і суседняга – Ганцавіцкага. Набыццё медыцынскага абсталявання стала магчымым дзякуючы выдзяленню грашовых сродкаў  з рэспубліканскага бюджэту.
МАЛАРЫТА
Макранскі вопыт
У чацвер на базе Макранскага сельскага Савета адбыўся семінар-нарада са старшынямі сельвыканкамаў, спецыялістамі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама па рабоце са зваротамі грамадзян і заяўным прынцыпе “адно акно”. Былі  абмеркаваны пытанні арганізацыі работы дзяржаўных органаў і арганізацый са зваротамі грама-дзян і юрыдычных асоб. Акрамя таго, удзельнікі семінара наведалі вытворчыя і сацыяльныя аб’екты на тэрыторыі сельсавета.
ПІНСК
Першая пяцігодка ўніверсітэта
На гэтым тыдні споўнілася 5 год Палескаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Указ аб яго стварэнні ў 2006 годзе 5 красавіка падпісаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. У чацвер і пятніцу ВНУ прымала гасцей з іншых навучальных устаноў, арганізацый-партнёраў. Прайшло ўрачыстае прысваенне званняў “Ганаровы прафесар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта” з уручэннем мантый, а пасля – вялікі святочны канцэрт.
ПІНСКІ РАЁН
Зачараваць музыкай
Удалай канцэртнай пляцоўкай для юных музыкантаў Піншчыны стала сцэна Баранавіцкага музычнага кале-джа, на якой праходзіў адкрыты занальны конкурс юных выканаўцаў “Крынічка”. Яго лаўрэатам стала піяністка Аксана Хоміч з Малоткавіч. Акардэаністка  Анастасія Тубіч і баяністка Алеся Купеніч з той жа школы, а таксама піяністка Анастасія Хаміцэвіч з Парахонска атрымалі спецыяльныя граматы журы.
ПРУЖАНЫ
Прабіліся ў фінал і… выйгралі!
У фінальных гульнях рэспубліканскага спаборніцтва сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у малодшай узроставай групе за Брэстчыну выступала каманда “Мухавец”. Юныя пружанцы прабіліся ў фінал, дзе адолелі равеснікаў з Магілёўскай вобласці і заваявалі галоўны трафей турніру.
СТОЛІН
Дзве гадзіны на провадзе
У сераду жыхары раёна задалі свае пытанні намесніку старшыні райвыканкама Міхаілу Несцяровічу. Дзвюхгадзінная “прамая лінія” зноў-такі пацвердзіла дзейснасць тэлефоннага фармату зносін. Усе зацікаўленыя змаглі атрымаць кампетэнтныя адказы і слушныя парады непасрэдна ад Міхаіла Піліпавіча, які курыруе сферу эканомікі і прадпрымальніцкі сектар.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля