Беларусь

Мінімум затрат – максімум эфекту


Такую задачу паставіў перад працаўнікамі нашага рэгіёна Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі  па вобласці
Кіраўнік дзяржавы наведаў нашу вобласць у самым разгары пасяўной кампаніі. На працягу трох дзён гэта тэма была адной з прыярытэтных. Аб ходзе вясенне-палявых работ не толькі ў вобласці, але і па ўсёй краіне Прэзідэнту дакладвалі што-дзённа. У цэнтры ўвагі знаходзіліся пытанні эфектыўнай сельгасвытворчасці і максімальнага забеспячэння патрэб унутранага рынку краіны, а таксама нарошчванне экспарту.

У СВК “Узыходзячая зара” Кобрынскага раёна, з наведвання якога пачалася рабочая паездка Прэзідэнта, праблем з пасяўной няма. Па словах кіраўніка гаспадаркі Таццяны Дземідзюк, усе праб-лемы, за выключэннем малаконтурнасці палёў, вырашаны. Старшыня СВК расказала пра перспектыўныя планы развіцця гаспадаркі і запэўніла, што да канца пяцігодкі запланаванае будзе выканана – у работнікаў сельгаскааператыва ёсць неабходныя ўмовы, жаданне і стымул працаваць.
Прэзідэнт пацікавіўся настроем лю-дзей, бо на яго думку адносіны да працы не менш важныя, чым вытворчыя паказчыкі.
– Чалавечы фактар адыгрывае сёння не апошнюю, а здаецца, галоўную ролю ў дасягненні пастаўленай мэты,– падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч. – Сельскагаспадарчая вытворчасць як экспартны патэнцыял задзейнічана не ў поўнай меры. Прадаваць трэба больш, чым завозіць з-за мяжы. Морква, буракі, капуста – гэта нашы тавары. Мы іх павінны вырабляць у дастатковай колькасці і карміць народ. У гэтым годзе Беларусі трэба экспартаваць мясамалочнай і расліннай прадукцыі не менш, чым на 5 мільярдаў долараў.
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар расказаў, што да 1 мая ў рэгіёне плануецца завяршыць сяўбу зернявых, бульбы, буракоў і іншых культур. Што тычыцца ўмоў захавання, дык для наступнага ўраджаю ў неабходнай колькасці сховішчы ўжо будуць.
У чарговы раз Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць беражлівых адносін да сельгастэхнікі. Ён заўважыў, што дзяржава не зможа аказваць такую ж падтрымку прадпрыемствам, як раней, і яны самі павінны зарабляць. Жыць спакойна, па словах Аляксандра Лукашэнкі, аграрыі змогуць, калі выйдуць на 10-13 працэнтаў рэнтабельнасці без датацый.
Прэзідэнт закрануў хвалюючае валютнае пытанне. Ён заклікаў не паддавацца ажыятажу. Нягледзячы на тое, што сітуацыя выклікана ростам попыту на аўтамабілі, Прэзідэнт не падтрымаў прапанову Урада аб датэрміновым увядзенні пошлін, бо гэта, па яго словах, значна ўдарыць па людзях.
Аб тым, што неабходна больш актыўна ствараць эфектыўную вытворчасць у малых гарадах, Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас наведвання СТАА “ВП Палессе” ў Кобрыне.
– У малых гарадах павінны быць прадпрыемствы, дзе будуць працаваць мінімум 300 чалавек, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Гэта будзе добрая прыбаўка і рэзерв. А потым пойдзем у аграгарадкі, можа быць, там будуць адкрываць філіялы ад раённых прадпрыемстваў.
Прэзідэнт пазнаёміўся з тэхналагічным працэсам, перспектывамі развіцця прадпрыемства, яго мадэрнізацыяй. На сённяшні дзень “ВП Палессе” – адзін з буйнейшых вытворцаў цацак з пластмасы сярод краін СНД.
Дырэктар прадпрыемства Андрэй Гольцман звярнуў увагу Кіраўніка дзяржавы на праблемы, якія перашка-джаюць працы. У прыватнасці, на старыя будаўнічыя нормы і правілы, якія стрымліваюць будаўніцтва новых вытворчасцей. А таксама на няўзгодненасць з мытняй заканадаўчай базы. Адно з гэтых пытанняў было знята за два дні. Урэгулявана сітуацыя па мытным афармленні двух самазвалаў для фабрыкі “Палессе”. Яны ўжо працуюць на аб’ектах. Юрыдычныя нюансы таксама разгледзяць у бліжэйшы час, і кампраміс абавязкова будзе знойдзены.
У сераду Прэзідэнт інспектаваў Камянецкі раён. Ён наведаў аб’екты ААТ “Белавежскі”. Буйной і моцнай гаспадарцы нядаўна былі перада-дзены фермы былога калгаса “Савецкая Беларусія”. Таму, наведаўшы малочнатаварную ферму “Мінкавічы”, Аляксандр Лукашэнка адхіліўся ад запланаванай праграмы і прапанаваў паглядзець адну з праблемных ферм – “Расна”.
Па словах кіраўніка ААТ “Белавежскі” Юрыя Мароза, навесці парадак на новых аб’ектах атрымаецца гады праз два. Прэзідэнт падкрэсліў, што занядбаных ферм у краіне быць не павінна, а ў цэлым неабходна арыентавацца на павелічэнне ферм да 900-1100 галоў, а не так, як цяпер, – 200-300 кароў. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прывесці ў парадак ужо існуючыя малочнатаварныя фермы і мінімізаваць затраты пры будаўніцтве новых жывёлагадоўчых аб’ектаў. Як заўважыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, у  вобласці выкарыстоўваюць самыя танныя варыянты рэканструкцыі і даўкамлектацыі малочнатаварных ферм.
– Пры будаўніцтве новых жывёлагадоўчых комплексаў неабходна рабіць праекты больш таннымі, – падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч.  – За цану будаўніцтва кожнага кароўніка, свінаводчага комплексу, птушкафабрыкі, фермы кіраўнікі адкажуць галавой. Нельга траціць грошы там, дзе можна абысціся танным.
Падчас рабочай паездкі Прэзідэнта асабліва вылучалася думка аб эфектыўнасці працы і адказных адносінах людзей да сваёй справы. Менавіта такую сітуацыю ўбачыў Кіраўнік дзяржавы ў сельскім Цэнтры культуры і адпачынку вёскі Каралін. Тут, нягледзячы на тое, што ў Караліне пражывае толькі 280 жыхароў, культурнае жыццё бурліць. Як расказала Аляксандру Рыгоравічу дырэктар установы Таццяна Ярашук, займацца харэаграфіяй, вакалам, тэатральным майстэрствам і прыкладной творчасцю сюды прыязджаюць дзеці з шасці бліжэйшых вёсак. Знайсці сабе занятак могуць людзі ўсіх узростаў. Адноўлены будынак і сучаснае абсталяванне даюць магчымасць бавіць вольны час не горш, чым у горадзе.
Працягваючы рабочую паездку па Брэстчыне 7 красавіка, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём вытворчасці будаўнічых матэрыялаў на ААТ “Бярозабудматэрыялы”. Прэзідэнт засяродзіў увагу на пытаннях, якія тычацца не толькі канкрэтнага прадпрыемства, але і краіны ў цэлым. У прыватнасці ён адзначыў, што неабходна развіваць вытворчасць на беларускай сыравіннай базе, нарошчваць экспартны патэнцыял, выконваць праграму імпартазамяшчэння і выкарыстоўваць новыя сучасныя энергазберагальныя тэхналогіі.
На прадпрыемстве “Бярозабудматэрыялы” Кіраўнік дзяржавы быў у 2007 годзе, у той час дырэктару Мікалаю Жуку і было дадзена даручэнне павялічыць аб’ёмы вытворчасці. Ужо менш чым праз год быў адкрыты цэх №2 па вытворчасці керамічнай пліткі. Прадукцыя прадпрыемства запатрабавана як на ўнутраным рынку Беларусі, так і за мяжой. Якасная плітка, зробленая па італьянскай тэхналогіі з выкарыстаннем айчыннай сыравіны, і цеплаізаляцыйныя матэрыялы з мінеральнай ваты з’яўляюцца канкурэнтаздольнымі і адпавядаюць сусветным стандартам якасці. Зараз экспарт прадукцыі складае 70 працэнтаў, але ў бліжэйшай будучыні Мікалай Жук паабяцаў павялічыць гэту лічбу да 80. У параўнанні з мінулым годам, аб’ём вытворчасці павялічыўся на 16 працэнтаў. Разам з прыбыткам прадпрыемства вырас і заробак работнікаў – у сярэднім ён складае 2 мільёны 250 тысяч рублёў.
Была закранута тэма дзяржаўнай падтрымкі. Як адзначыў Прэзідэнт, дзяржава будзе дапамагаць толькі там, дзе гэта насамрэч неабходна. Моцныя прадпрыемствы павінны разлічваць на свае сілы і своечасова вяртаць узятыя крэдыты.
Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне наведаць Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў, што не было запланавана. На месцы яму далажылі аб выкананні даручэнняў, якія былі дадзены Кіраўніком дзяржавы падчас мінулага візіту. З красавіка 2008-га па чэрвень 2010 года на камбінаце рэалізоўваўся інвестыцыйны праект: усталявана новая тэхналагічная лінія па выпуску сценавых блокаў, а таксама створана лінія па вытворчасці бетоннай пліткі для вонкавых і ўнутраных работ.
Аляксандр Лукашэнка праінспектаваў, як наладжаны вытворчы працэс, і ў цэлым застаўся задаволены. Аднак ён заўважыў, што ў парадак прыведзена толькі палова вытворчых тэрыторый, другая частка ўвогуле пакуль не выкарыстоўваецца. Прэзідэнт даў даручэнне міністру  будаўніцтва і архітэктуры Анатолю Нічкасаву і старшыні аблвыканкама Канстанціну Сумару сумесна з інвестарам ТДА “Трайпл” прадумаць, якую новую высокатэхналагічную вытворчасць можна наладзіць у гэтым месцы. Рашэнне павінна быць прынята да канца другога квартала.
Увечары Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у таварыскім хакейным матчы, які прайшоў на лядовай арэне ў Бярозе. Дарэчы, гэты спартыўны аб’ект у свой час Аляксандр Рыгоравіч адкрываў, а таму яму было цікава даведацца, як працуе арэна, ці карыстаюцца попытам у людзей паслугі, якія тут прапануюць.
На лёдзе сустрэліся каманда Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і аматары Брэсцкай вобласці. Гульня завяршылася з лікам 8:3 – перамаглі госці.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
Кобрынскі – Камянецкі –
Бярозаўскі раёны.
Фота БелТА.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля