Беларусь

Чым багатыя нетры Брэстчыны?


На тэрыторыі вобласці ёсць не толькі мел, граніт і торф, але жалеза, медзь і нават… золата
У брэсцкіх ВНУ студэнты вывучаюць геалогію, пішуць па гэтай спецыяльнасці курсавыя і дыпломныя работы, актыўна ўдзельнічаюць у навуковых распрацоўках на сваіх кафедрах. І гэта вельмі важна, бо без расшырэння мінеральна-сыравіннай базы эканоміцы вобласці няпроста развівацца. А чым жа багатыя нетры Брэстчыны? Што можна выкарыстаць у народнай гаспадарцы?
…У Маларыцкім раёне размешчана самае буйное ў Еўропе радовішча мелу – Хаціслаўскае, эксплуатацыя якога пачалася ўжо.  У Мікашэвічах Лунінецкага раёна вядзецца распрацоўка значных запасаў будаўнічага каменю. На чарзе – аналагічнае радовішча ў Сітніцах, дзе, дарэчы, вельмі многа высакаякаснага кааліну. На тэрыторыі Брэстчыны знойдзены таксама бурштын, халцэдон, крэмній. Нетры нашай вобласці забяспечваюць мясцовую прамысловасць пяском, глінай, жвірам, торфам, мелам, будаўнічым каменем. Разведаны радовішчы сапрапелю, бурага вугалю, суглінкаў, фасфарытаў, прэснаводных вапнавых адкладанняў. Ёсць перспектыва, што будуць знойдзены жалеза, медзь, золата. Геолагі знайшлі шматлікія акамянеласці – марскіх вожыкаў, вымерлых галаваногіх малюскаў, зубы акул і мамантаў, адбіткі старажытных раслін і жывёлін.
У раёне Баранавіч адкрыты і разведаны крыніцы лячэбнай радонавай вады, якая прымяняецца для лячэння хвароб апорна-рухальнага апарату, нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм. Радуе, што нашы санаторыі – «Буг» і іншыя – выкарыстоўваюць у лячэбных мэтах мясцовыя мінеральныя воды.
Вялікія ў нас і запасы прэснай пітной вады. Дарэчы, Баранавіцкі водаканал актывіруе крэмніем ваду з артэзіянскай свідравіны і ў бутэляваным выглядзе распаўсюджвае яе па ўсёй Брэсцкай вобласці пад гандлёвай маркай «Веда». Нетры Брэстчыны багатыя выдатнымі па якасці мінеральнымі водамі
«Хомская», «Брэсцкая», «Заказельская», «Васілінка» і іншымі. Першая ў краіне геатэрмальная станцыя пачала дзейнічаць у «Бярэсці»: цяплічны камбінат стаў выкарыстоўваць цяпло зямлі для вырошчвання агародніны. У гаспадарцы завершана пракладка геатэрмальнай свідравіны глыбінёй звыш 1500 метраў.
Заўтра геолагі Беларусі і краін СНД адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень геолага. Перад работнікамі гэтай галіны стаяць задачы адкрываць новыя радовішчы карысных выкапняў і іх асвойваць, з якімі яны паспяхова спраўляюцца.
Альберт БАГДАСАРАЎ,
прафесар геалогіі,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля