Беларусь

  • Главная
  • Акцыі
  • Падведзены вынікі сумеснага конкурсу РГА “Белая русь” і рэдакцыі газеты “Народная трыбуна”

Падведзены вынікі сумеснага конкурсу РГА “Белая русь” і рэдакцыі газеты “Народная трыбуна”


Падведзены вынікі творчага конкурсу юных карэспандэнтаў  “Зямля бацькоў – зямля надзеі нашай”, прысвечанага Году кнігі
Арганізатарамі творчага спаборніцтва юнкараў выступілі абласная арганізацыя РГА “Белая Русь” і рэдакцыя абласной газеты “Народная трыбуна”. Удзел у ім прымалі вучні сярэдніх адукацыйных устаноў, навучэнцы сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, гурткоўцы ўстаноў дадатковай адукацыі і студэнты ВНУ Брэстчыны. Мэтай конкурсу была падтрымка творчай ініцыятывы дзяцей і моладзі, прапаганда патрыятызму, ідэй любові да роднага краю і беларускай мовы, а таксама пашырэнне юнкараўскага руху на Брэстчыне.
Актыўнасць маладога пакалення парадавала: эсэ, інтэрв’ю, замалёўкі, фотарэпартажы – усяго журы ацаніла 152 работы. І вось шчаслівых уладальнікаў дыпломаў, грамат, грашовых прэмій і падарункаў запрасілі ў Брэст. У аўторак, 18 верасня, адбылася прыгожая цырымонія ўзнагароджання. Ва  ўтульнай зале пасяджэнняў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта сабраліся з розных куточкаў Берасцейшчыны канкурсанты, настаўнікі, якія курыравалі іх удзел у конкурсе, бацькі, таксама арганізатары, ганаровыя госці, члены журы.
Прывітальныя словы старшыні абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”, рэктара БрДТУ Пятра Пойты знайшлі водгук у прысутных: “Мова вызначае прыналежнасць і статус дзяржавы. Добра, што моладзь неабыякава ставіцца да роднага слова”. Пётр Сцяпанавіч прыгадаў, як некалі спрабавалі ў тэхнічнай ВНУ выкладаць усе прадметы па-беларуску і колькі было шуму: маўляў, не разумеем выкладчыка. Сёння ўніверсітэт часткова вярнуўся да выкладання на беларускай мове, радуе, што студэнты і іх бацькі паставіліся да гэтага з разуменнем. Прыгадаў рэктар замежныя камандзіроўкі і тое, як калегі з іншых краін прасілі яго сказаць што-небудзь па-беларуску і нязменна прыходзілі ў захапленне ад нашай пявучай мовы.
Такое ж захапленне матчыным словам паказалі школьнікі ды студэнты ў сваіх творчых работах. Яны знайшлі выразныя сродкі і шчырыя, пранікнёныя словы, каб расказаць пра зямлю бацькоў, якую ўспрымаюць як зямлю сваіх надзей, спадзяванняў і мар. На думку галоўнага рэдактара “НТ” Галіны Мазінай, выдатна, што моладзь мае такія ўзнёслыя патрыятычныя пачуцці і не саромеецца іх выказваць менавіта з дапамогай беларускага слова…
Уручаючы ўзнагароды, вядомыя ў вобласці людзі дзяліліся з моладдзю сваім стаўленнем да беларускай мовы, яны высока ацанілі ўдзел школьнікаў і студэнтаў у творчым конкурсе абласной суполкі РГА “Белая Русь” і абласнога беларускамоўнага выдання – газеты “Народная трыбуна”. Так, першы намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама Ігар Гетман упэўнены: ”Калі ведаеш і размаўляеш на роднай мове – адчуваеш сябе часткай нацыі, і гэта высокае пачуццё важна адчуць маладым”. Першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр Жук зрабіў акцэнт на тое, што моладзь – наша будучыня, а таму будучыня беларускага слова напрамую залежыць ад яе. Старшыня абласной суполкі Беларускага саюза журналістаў Георгій Тамашэвіч, кіраўнік Ленінскай раённай
г. Брэста арганізацыі РГА “Белая Русь”, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Віктар Валюшыцкі, член Савета Рэспублікі, дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі Міхаіл Куіш, член прэзідыума абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”, дэпутат Брэсцкага гарсавета Наталля Ільніцкая віншавалі маладых творцаў, выказваючы шмат цікавых меркаванняў пра мову, Айчыну, беларусаў.
Моладзь, па яе водгуках, атрымала не толькі ўзнагароды, але і карысны ўрок патрыятызму. Урок гэты падтрымалі цудоўнымі песнямі студэнты БрДТУ. А закончыўся ён пажаданнем арганізатараў: “Каб стаць чалавекам, помні жыцця асновы: гавары, як вучыла маці; рабі, як вучыў бацька; жыві, як добрыя людзі. Усё, на што здольны, зрабі для Радзімы”…
Маргарыта СЯРГЕЕВА,
студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна.

ПЕРАМОЖЦЫ КОНКУРСУ “ЗЯМЛЯ БАЦЬКОЎ – ЗЯМЛЯ НАДЗЕІ НАШАЙ”

НАМІНАЦЫЯ “ЖЫВУ Ў БЕЛАРУСІ І ТЫМ ГАНАРУСЯ”
Група – студэнты:
1-е месца – Іван БЕРДНІК, УА “Кобрынскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў”;
2-е месца – Вольга КАХАНЕВІЧ, УА “Брэсцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй лёгкай прамысловасці”;
3-е месца –  Дар’я ГУРМАН, УА “Белаазёрскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі”; Юлія МАСЮК, УА “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт”.
Група – школьнікі:
1-е месца –  Дар’я НІКАНЧУК, ДУА “Сярэдняя школа № 1
г. Жабінкі”;
2-е месца – Марыя КАЧАН, ДУА “Сярэдняя школа № 3
г. Пінска”;
3-е месца –  Карына ВАКУЛІЧ, ДУА “Калавуравіцкая сярэдняя школа” Пінскага раёна; Канстанцін СВІДУНОВІЧ, ДУА “Гімназія г. Пружаны”.
НАМІНАЦЫЯ
“МОВА – ДУША НАРОДА”
Група – студэнты:
1-е месца –  не прысу-джаць;
2-е месца – Ганна ІВАШЧАНКА, УА “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”;
3-е месца – Вікторыя ГАРБАЦЭВІЧ, УА “Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”.
Група – школьнікі:
1-е месца – Лізавета  ДАЛЖАНКОВА, ДУА “Сярэдняя школа № 20 г. Брэста”;
2-е месца – Ганна ХАМКО,  клуб юных журналістаў УА “Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці”;
3-е месца – Ірына ІСАЕВА, ДУА “Сярэдняя школа № 1
г. Ганцавічы”, Кацярына  КАНАНЧУК, ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Пінска”.
Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі арганізатараў конкурсу і грашовымі прэміямі.
Заахвочаны дыпломамі
і падарункамі:
Станіслаў АМЯЛЮСІК, УА “Лунінецкі дзяржаўны політэхнічны прафесійна-тэхнічны каледж”; Дзмітрый ВАСІЛЕЎСКІ, УА “Белаазёрскі прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі”; гурток “Юны карэспандэнт” ДУА “Жамчужненская сярэдняя школа” Баранавіцкага раёна (кіраўнік – БАКУНЕЦ Т.Л.); Кацярына ТЫСЕВІЧ і Таццяна  ТЫСЕВІЧ, ДУА “Аброўская сярэдняя школа” Івацэвіцкага раёна; Яўгенія ЗАСУХІНА, ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Баранавічы  імя Героя Савецкага Саюза Г.М. Халасцякова”; Вераніка ДУБРОВА, ДУА “Сярэдняя школа г.п. Дамачава” Брэсцкага раёна; Данііл КУЛЕША, ДУА “Сярэдняя школа
№ 31 г. Брэста”; Вераніка КУЗЬМІЧ і Вераніка ЛУКША, ДУА “Мураўская сярэдняя школа” Пружанскага раёна; Кацярына РУТКОЎСКАЯ, узорнае літаратурнае аб’яднанне “Верасок” ДУА “Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці”.
Граматы рэдакцыі газеты
“Народная трыбуна”
і падарункі атрымалі:
Гурток “Шлях у журналістыку” Івацэвіцкага цэнтра дзіцячай  творчасці (кіраўнік ЖУК В.В.); Юлія СОЛТАН, ДУА “Беражноўская сярэдняя школа” Столінскага раёна; Анастасія ДАВІДОЎСКАЯ, УА “Дубайскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа” Столінскага раёна; Юрый КАБРЫНЕЦ, абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй,
г. Драгічын; Ганна ШПАК, ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Бярозы”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля