Беларусь

Знатакі. Майстры. І проста прыгажуні…


Бліскуча выступілі на XVI рэспубліканскім конкурсе прафесійнага
майстэрства начальнікаў гарадскіх і сельскіх аддзяленняў паштовай
сувязі прадстаўніцы Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”
Кіраўнік паштавікоў Берасцейшчыны Валянціна Пух заўсёды хвалюецца за падначаленых на конкурсах прафесійнага майстэрства. Але, разам з тым, яна ўпэўнена: паштавікі вобласці не падвядуць, бо яны выдатна ведаюць сваю работу, любяць яе і ўмеюць паказаць прафесіяналізм і пры абслугоўванні кліентаў, і падчас выступлення перад журы. Перамогамі Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” ганарыцца ўвесь калектыў. Апошняя нагода для гонару – бліскучае выступленне ў фінале сёлетняга рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства.
Правядзенне конкурсаў – добрая традыцыя “Белпошты”. У гэты раз сваю прафпрыгоднасць дэманстравалі начальнікі гарадскіх і сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі. Каманда Брэсцкага філіяла ўзышла на вышэйшую прыступку п’едэстала паштовага гонару. Найбольшая колькасць заваяваных паштавікамі-землякамі балаў вызначыла іх перамогу.
Вы ведаеце, дзе можна знайсці лепшага ў рэспубліцы начальніка гарадскога аддзялення паштовай сувязі? Раю зазірнуць у АПС №8 г. Пінска. Менавіта там працуе Людміла Гедзька, якая заняла 1-е месца ў сваёй намінацыі.  Не адстала ад калегі з горада і начальнік вясковага  аддзялення паштовай сувязі. Перамога Валянціны Кузьміной з Камяніцы-Журавецкай Брэсцкага раёна парадавала. Між іншым, за ўзнагародамі, якія ўручала генеральны дырэктар РУП “Белпошта” Ірына Саксонава, Валянціна выходзіла тройчы, бо, акрамя агульнага першынства ў сваёй групе, яна перамагла ў намінацыях “Лепшы знаток паштовай справы” і “Лепшы майстар паштовай справы” – тэарэтычнай і практычнай частках конкурсу. Дарэчы, сярод начальнікаў гарадскіх АПС лепшы вынік па тэорыі паказала Таццяна Кузьміна, начальнік аддзялення паштовай сувязі №2 г. Брэста.
Вось якія прафесіяналы дапамагаюць распаўсюджванню “Народнай трыбуны”. З перамогай, сябры!
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота з архіва конкурсу.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля