Упершыню ў адзін і той жа дзень на тэрыторыі трох дзяржаў прайшла акцыя па навядзенні парадку на зямлі. Не засталася ўбаку і Брэстчына…
Гэтая акцыя была прымеркавана да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя, які адзначаецца з 1972 года. 5 чэрвеня – не столькі прафесійнае свята эколагаў, колькі яшчэ адна нагода напомніць людзям планеты Зямля аб неабходнасці супрацоўніцтва дзеля будучыні.
У кожнай цывілізаванай краіне ёсць вялікая колькасць як дзяржаўных, так і грамадскіх арганізацый, адказных за ахову навакольнага асяроддзя. У Беларусі такую дзейнасць каардынуе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Менавіта яно выступіла ініцыятарам акцыі “Саюзнае прыбіранне”. Ініцыятыва беларусаў не была выпадковай: паводле сведчання шматлікіх гасцей нядаўняга чэмпіянату свету па хакеі наша рэспубліка – зялёная краіна з чыстымі гарадамі і вёскамі. На рабочай сустрэчы міністры прыродаахоўных ведамстваў Беларусі, Расіі і Казахстана вырашылі, у якім фармаце пройдзе запланаваная акцыя па навядзенні парадку. Таксама была вызначана і дата. Такім чынам, сёлета ўпершыню вялікае прыбіранне прайшло ў адзін дзень на тэрыторыі адразу трох дзяржаў. Плануючы новую ініцыятыву, яе ўдзельнікі – члены Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюза – яшчэ раз прадэманстравалі, што гатовы вырашаць сумесна любыя праблемы, у тым ліку і экалагічныя.
У Беларусі да “Саюзнага прыбірання” 5 чэрвеня далучыліся практычна ўсе міністэрствы і ведамствы, а таксама падначаленыя ім арганізацыі. На ўборку тэрыторыі выйшлі працоўныя калектывы школ, тэатраў, музеяў, прамысловых прадпрыемстваў, вайсковыя часці, члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі… Людзі працавалі як на тэрыторыях сваіх арганізацый і прадпрыемстваў, так і ў месцах масавага адпачынку, уздоўж аўтамабільных трас і чыгуначных ліній.
П ра тое, чым адметны быў учарашні дзень для брэсцкіх эколагаў, мы пагутарылі з Уладзімірам Равякам, начальнікам аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, расліннага і жывёльнага свету абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адным з каардынатараў ініцыятывы на Брэстчыне. Уладзімір Вячаслававіч заўважыў, што напярэдадні мерапрыемства супрацоўнікі камітэта атрымалі шмат званкоў. Людзі раіліся, як лепш правесці тую ці іншую аперацыю. Эколагі падказвалі, дзе ў тым ці іншым рэгіёне найбольш “балючыя” месцы. Іншы раз даводзілася пераконваць асобных кіраўнікоў, што на тэрыторыі парадак павінен падтрымлівацца заўсёды, а найперш увагу варта ўдзяліць месцам, якія заўсёды навідавоку, дзе больш збіраецца людзей.
Уладзімір Равяка адзначыў масавасць акцыі: у ёй прынялі ўдзел усе прадпрыемствы і ўстановы вобласці. Улічваючы, што пачынаецца летні сезон, значная ўвага надавалася месцам адпачынку ля вады – пляжам і прыбярэжным поласам. У прыватнасці, Брэсцкая інспекцыя і абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя працавалі ў Брэсцкай крэпасці – ачышчалі водаахоўную зону ад бутэлек, паперы, пластыку. На жаль, ёсць яшчэ ў асобных нашых суграмадзян вельмі дрэнная звычка: дапіў, і, як кажуць, канцы ў ваду. “Улоў” збіралі ў спецыяльна падрыхтаваныя для гэтага лодкі. Каб жа той чалавек, што кідае шкло ў рэчку, ведаў, колькі клопату ён стварае іншым!.. Праўда, такіх “аматараў” прыроды, па назіраннях начальніка аддзела, становіцца з кожным годам менш. Дае вынік і прадуманая сістэма выхавання моладзі (асабліва цесна супрацоўнічае камітэт з гімназіяй №6 імя Г.К. Жукава г. Брэста.
На экалагічнае выхаванне школьнікаў Уладзімір Равяка звярнуў асаблівую увагу: там, дзе дзіця прыбрала само, яно ніколі не будзе кідаць смецце. Надзвычай карысна тое, што на многіх тэрыторыях дарослыя і дзеці працавалі сумесна. Прыклад – вялікая сіла!
Сумесная экалагічная акцыя некалькіх дзяржаў па прыбіранні тэрыторый – з’ява новая. Вядома, у Беларусі, як і ў іншых краінах свету, у межах міжнародных праграм праводзіліся дні аховы вады, зямлі, лесу… Але міжнародны – не значыць сумесны: няма агульнай праграмы дзеянняў, не падводзяцца вынікі. Пры супольнай акцыі некалькіх краін-аднадумцаў усё гэта цалкам магчыма.
І вось на што звярну ўвагу. Слова ”прыбіранне”, здавалася б, паўсядзённае, але ж, пазбаўляючыся смецця, чалавек адчувае на душы радасць, акрыленасць, здольнасць на высокія гуманістычныя ўчынкі…
Акрамя працы па навядзенні чысціні, да акцыі “Саюзнае прыбіранне” ўстановы Брэстчыны прымеркавалі іншыя мерапрыемствы. Так, учора ў абласным цэнтры прайшла экалагічная акцыя “Зялёная сцежка”. Яе ўдзельнікамі сталі юныя знаўцы прыроды, пераможцы рэгіянальных і абласных экалагічных конкурсаў. З іх ліку быў сфарміраваны валанцёрскі атрад, які працаваў на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. На экалагічных пляцоўках, аформленых на вуліцы Гогаля, можна было даведацца пра “зялёныя сцежкі” Брэстчыны, пасмакаваць травяны чай, ацаніць фотавыставу “Птушкі маімі вачыма” і пазнаёміцца з жыхарамі “жывых куткоў”.
Папярэднія вынікі “Саюзнага прыбірання” будуць падведзены ў бліжэйшы час, а канчатковыя – на чарговым экалагічным форуме, які штогод праходзіць на ўзроўні Урада з запрашэннем шматлікіх замежных гасцей. На гэты раз сталіцай свята стане Гомель. Заслужаныя ўзнагароды (і не толькі па выніках “Саюзнага прыбірання”, але па ўсіх відах прыродаахоўнай дзейнасці) атрымаюць лепшыя лясгасы, прадпрыемствы, пераможцы экалагічных конкурсаў.
Падпісанне дагавора не адбылося спантанна: і на ўзроўні рэспублікі, і ў абласных камітэтах рэгулярна праходзяць сустрэчы, на якіх калегі з Беларусі, Расіі, Польшчы і Літвы абменьваюцца практычным вопытам і навуковай інфармацыяй. “Саюзнае “прыбіранне” стала лагічным замацаваннем існуючых міждзяржаўных стасункаў у галіне аховы прыроды. Ёсць усе падставы спадзявацца на тое, што новая ініцыятыва –
акцыя не аднаразовая, яна замацуецца ў гісторыі, стане традыцыйнай. Не выключана, што ў бліжэйшыя гады да экалагічнага “саюзу трох” далучацца і іншыя краіны. У прыроды няма межаў, экалагічныя праблемы актуальныя для ўсіх дзяржаў свету.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.