Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі перайшло на летні расклад руху цягнікоў

Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі перайшло на летні расклад руху цягнікоў

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Напярэдадні з гэтай нагоды адбылася прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў мясцовых сродкаў масавай інфармацыі. У ёй прынялі ўдзел першы намеснік начальніка Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі Ігар ЖАРАЛО, начальнік пасажырскага аддзела Валерый ГЕРАСІМАЎ, начальнік вакзала станцыі Брэст-Цэнтральны Віктар КУЛАЙ і начальнік бюро па размеркаванні білетаў Ала НОСІК. Яны расказалі аб зменах, якія адбыліся ў руху пасажырскіх цягнікоў, і адказалі на пытанні журналістаў.
АД МАСКВЫ ДА БРЭСТА…
Новы расклад руху пасажырскіх цягнікоў (публікуецца на 11-й стар.) распрацаваны на падставе аналізу памераў і структуры пасажырапатоку, а таксама з улікам пажаданняў саміх пасажыраў. За аснову яго ўзяты ранейшы графік.
Пасажырскія перавозкі, якія ажыццяўляюцца транспартам агульнага карыстання, маюць шырокую геаграфію. Наш абласны цэнтр у міжнародных зносінах звязаны з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Навасібірскам, Караганды, Саратавам, Варшавай, Парыжам, Ніццай, Прагай і іншымі гарадамі Еўропы і Азіі. Акрамя цягнікоў, у міжнародных зносінах працягваюць курсіраваць бесперасадачныя вагоны на Адлер, Мінеральныя Воды, Сургут, Мурманск, а ў летні перыяд – яшчэ і на Анапу, Сімферопаль.
Бадай, адзіным сур’ёзным змяненнем у раскладзе руху на міжнародных лініях з’яўляецца тое, што цягнік №196/195 “Брэст – Масква – Брэст” пераведзены ў катэгорыю хуткага з прысваеннем нумара 96/95. Акрамя таго, цягнік “Масква – Парыж” замест трох разоў на тыдзень цяпер ходзіць 5 разоў, а цягнік “Прага – Масква”, наадварот, зменшыў колькасць рэйсаў з трох да двух.
НА ЎКРАІНСКІМ НАПРАМКУ
Напэўна, найбольшую цікавасць у чытачоў выклікае рух цягнікоў у паўднёвым напрамку. І гэта зразумела: набліжаецца летні адпускны перыяд, а трывожная сітуацыя ва Украіне прымушае многіх берасцейцаў, якія разлічвалі адпачыць на чарнаморскіх пляжах, уносіць карэктывы ў свае планы. Як паведаміў Ігар Жарало, літаральна да апошняй мінуты напярэдадні прэс-канферэнцыі ішлі перамовы з украінскімі калегамі па ўзгадненні графікаў руху пасажырскіх цягнікоў па тэрыторыі гэтай краіны. У рэшце рэшт узгаднілі.
Аднак засталося мноства нюансаў, якія адмоўна ўплываюць на якасць абслугоўвання. Напрыклад, бесперасадачны вагон “Брэст – Сімферопаль” амаль цэлы дзень, каля васьмі гадзін, стаіць на станцыі Гомель: чакае, пакуль яго перачэпяць да цягніка “Полацк – Сімферопаль”. Ігар Уладзіміравіч параіў пасажырам: гэты час правесці з карысцю і пазнаёміцца са славутасцямі цудоўнага горада над Сожам.
Яшчэ адна праблема: беларускія цягнікі, якія ідуць у бок расійскіх курортных зон, на тэрыторыі Украіны маюць права толькі на тэхнічныя прыпынкі, таму білеты да ўкраінскіх станцый на іх не прадаюцца. Не прадаюцца білеты ў Беларусі і на цягнік “Хаціслаў – Ковель”, іх можна набыць непасрэдна ў цягніку ў білетных касіраў. Ясна, што пасажырапаток у сувязі з гэтым не павялічыцца – хоць бы той захаваць, што быў раней
ПОЛЬСКІ АСПЕКТ
Пэўныя складанасці ўзніклі на заходнім напрамку. У сувязі з рамонтнымі работамі на польскім баку з 16 чэрвеня будзе спынены рух цягнікоў па так званым пасажырскім чыгуначным мосце  цераз Буг, і ўсе –
і пасажырскія, і грузавыя – саставы з Брэста ў Еўропу ідуць па гора-дзе на Брэст-Паўночны і далей на мост, які раней абслугоўваў толькі грузавыя цягнікі. У выніку ўзрасце напружанасць на пяці чыгуначных пераездах у гэтым раёне абласнога цэнтра: на вул. Лейтэнанта Рабцава; перакрыжаванні  вуліц  Паплаўскага – Дворнікава; вул. Смірнова; вул. Чырвонагвардзейскай; вул. Фартэчнай.
Кіраўніцтва Брэсцкага аддзялення чыгункі прыносіць свае прабачэнні вадзіцелям аўтатранспарту і ўсім брастаўчанам, якія карыстаюцца гэтымі пераездамі, і просіць пацярпець паўгода (да 13 снежня), пакуль, як абяцаюць палякі, мост зноў не вернецца ў строй дзеючых.
У МІНСК ЗА 3 ГАДЗІНЫ 15 МІНУТ!
На міжрэгіянальных лініях найбольш істотнай падзеяй стала ўвядзенне новага цягніка бізнес-класа №702/701 “Брэст – Мінск – Брэст”, які адпраўляецца са станцыі Брэст-Цэнтральны ў 06.20, ідзе без прыпынкаў і прыбывае ў сталіцу ў 09.35. За кошт гэтага час знаходжання ў дарозе складае ўсяго 3 гадзіны 15 мінут! Абслугоўвае маршрут сучасны камфартабельны электрацягнік “Stadler”. З Мінска ў зваротны шлях ён адпраўляецца ў 16.45 і прыбывае ў наш абласны цэнтр у 20.00. Вельмі зручна, хутка і камфортна! Пасажыры, якія паспелі ўжо ім скарыстацца, задаволены.
Праўда, пакрыўджанымі аказаліся жыхары населеных пунктаў на ўчастку Брэст – Баранавічы, якія раней ездзілі ў сталіцу адмененым цягніком №646/645. Аднак у аддзяленні дарогі пра іх не забылі: праз 10 мінут пасля хуткага “Stadler”а з абласнога цэнтра адпраўляецца цягнік міжрэгіянальных ліній эканом-класа №668 “Брэст – Мінск” з прыпынкамі па станцыях Жабінка, Тэўлі, Аранчыцы, Бяроза-Горад, Івацэвічы, Баранавічы-Цэнтральныя. Ён знаходзіцца ў дарозе на гадзіну больш і прыбывае ў сталіцу ў 10.49. У суботу, нядзелю і панядзелак на гэтым маршруце курсіруе электрацягнік, а ў аўторак, сераду, чацвер і пятніцу – састаў з купэйных і плацкартных пасажырскіх вагонаў.
На лініях міжрэгіянальных зносін прадугледжаны таксама штодзённы цягнік №608 “Брэст – Мінск” (праз Лунінец), адпраўленне з Брэста ў 23.41, прыбыццё ў Мінск у 08.04. Акрамя таго, паскорана прыбыццё ў горад над Бугам цягнікоў №603 “Гомель – Брэст” (у 06.01), №657/661 “Віцебск/Камунары – Брэст” (у 07.42) і №606 “Віцебск – Брэст” (у 08.38).
На рэгіянальных лініях бізнес-класа на ўчастку Брэст – Баранавічы – Брэст з 1 мая чатырохвагонны электрацягнік “Stadler” заменены на больш умяшчальны і камфартабельны пяцівагонны. З 1 чэрвеня змянілася іх нумарацыя з 832/836 на 731/766.
На рэгіянальных лініях эканом-класа значных змен не адбылося. На летні перыяд (да 28 верасня 2014 года ўключна) назначаны дадатковыя цягнікі №6332/6333 “Брэст – Маларыты – Брэст” (што-дзённы, адпраўленне з Брэста ў 09.03, з Маларыты – 07.18) і “Брэст – Дубіца – Брэст” (адпраўленне з Брэста ў 07.43, з Дубіцы – 10.31).
ЗА БІЛЕТАМ – ДА… АЎТАМАТА
А цяпер некалькі навін у сферы арганізацыі абслугоўвання пасажыраў. Па-першае, выдатна зарэкамендаваў сябе электронны продаж білетаў. Валерый Герасімаў прывёў такія лічбы. Калі ў першы месяц было рэалізавана толькі… 8 электронных білетаў, дык цяпер штомесяц іх выкупляецца 12 – 14 тысяч. Валерый Уладзіміравіч пры гэтым падкрэсліў, што білет такі неабходна не проста купіць, але і там жа, у электроннай сістэме, яго зарэгістраваць. Тады не трэба перад адпраўленнем цягніка звяртацца для рэгістрацыі ў білетныя касы.
Яшчэ адна тэхналагічная навіна, якая павінна зменшыць чэргі, – спецыяльныя аўтаматы па продажу білетаў на цягнікі эканом-класа. Да канца сёлетняга года на вакзале станцыі Брэст-Цэнтральны будзе ўстаноўлена 12 такіх аўтаматаў. Разлічыцца тут можна з дапамогай электроннай грашовай карткі.
Як на завяршэнні прэс-канферэнцыі запэўніў Ігар Жарало, кіраўніцтва аддзялення робіць усё магчымае для таго, каб палепшыць якасць сваёй работы і стварыць найлепшыя ўмовы для пасажыраў.
Вячаслаў БУРДЫКА, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Лічбавае ТБ: міфы і факты

Следующая запись

У Камітэце дзяржантролю вобласці створана “гарачая лінія” для абітурыентаў