Лічбавае ТБ: міфы і факты
Аб поўным адключэнні аналагавага тэлебачання гаварыць рана
У апошнія майскія дні ў некаторых СМІ з’явілася інфармацыя аб поўным адключэнні з 1 чэрвеня 2014 года аналавага тэлебачання на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Павінен заўважыць, што ў такім выглядзе яна не адпавядае рэчаіснасці. Што ж на самой справе адбываецца на тэлепрасторы Брэстчыны?
У снежні 2005 года Саветам Міністраў была зацверджана “Дзяржаўная праграма ўкаранення лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання ў Рэспубліцы Беларусь да 2015 года”. За прайшоўшы пасля гэтага час прадпрыемствамі і ведамствамі розных галін праведзена вялікая работа. Быў наладжаны выпуск спецыяльных айчынных лічбавых прыставак і тэлевізараў. На дзеючых наземных радыётэлевізійных перадаючых станцыях планамерна праводзілася рэканструкцыя з укараненнем лічбавага абсталявання. Адначасова пашыралася і сама сетка перадаючых станцый. У прыватнасці, на тэрыторыі нашай вобласці пабудаваны і ўведзены ў строй прынцыпова новыя радыётэлевізійныя перадаючыя станцыі ў Століне, Бярозе, вёсках Сінкевічы і Вялікія Чучавічы Лунінецкага і Куплін Пружанскага раёнаў. Устаноўлены лічбавыя перадатчыкі ў Баранавічах, Пінску, Драгічыне, Ракітніцы Жабінкаўскага раёна. Сёлета плануецца пабудаваць яшчэ адну лічбавую станцыю ў Ганцавічах.
Пераход на лічбавае тэлевізійнае вяшчанне адбываўся без адключэння трансляцыі праграм у аналагавым фармаце. Дарэчы, самы першы лічбавы тэлеперадатчык на Брэстчыне ўступіў у строй яшчэ ў 2008 годзе.
На сённяшні дзень практычна на ўсёй тэрыторыі вобласці, за выключэннем невялікіх плошчаў на паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе, можна прымаць праграмы дзяржаўнага лічбавага вяшчання: “Беларусь-1”, “Беларусь-2”, “Беларусь-3”, “ОНТ”, “СТВ”, “НТВ-Беларусь”, “РТР-Беларусь”, “Мир”. Між іншым, у аналагавым стандарце праграмы “Мир” і “Беларусь-3” увогуле не транслююцца.
Падкрэслю, размова ідзе аб тэлепраграмах, што перадаюцца ў эфір дзяржаўнай сеткай вяшчання і якія мы прывыклі глядзець з дапамогай пакаёвых ці вонкавых індывідуальных прыёмных антэн, а таксама антэн калектыўнага карыстання.
У адпаведнасці з зацверджаным графікам на ўсёй тэрыторыі краіны, пачынаючы з 2013 года, пачалося адключэнне трансляцыі аналагавых тэлевізійных праграм у дэцыметровым дыяпазоне.
З 1 красавіка гэтага года спынілася вяшчанне праграмы “Беларусь-1”, якая транслявалася на 35-ым тэлеканале станцыяй, размешчанай у вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна. А 1 чэрвеня перасталі транслявацца праграмы “Беларусь-2”, “ОНТ”, “СТВ” і “НТВ-Беларусь”, вяшчанне якіх вяла станцыя, размешчаная ў Ракітніцы Жабінкаўскага раёна. Праграмы “Беларусь-1” і “Буг-ТВ”, якія транслююцца на 7-м і 9-м тэлеканалах адпаведна, па-ранейшаму застаюцца ў эфіры.
Перадаючая станцыя, якая знаходзіцца каля Драгічына, з 1 чэрвеня гэтага года таксама спыніла вяшчанне тэлевізійных аналагавых праграм, якія трансляваліся на 23-м, 27-м, 29-м і 31-м тэлеканалах: “Беларусь-2”, “Беларусь-1”, “РТР-Беларусь” і “СТВ”. Вяшчанне праграмы “ОДТ” на 8-м тэлеканале застаецца ў ранейшым варыянце.
10 ліпеня наступіць чарга праграм, якія транслююць станцыі, размешчаныя ў Пружанскам раёне – вёска Куплін, а таксама ў Баранавічах і Пінску. На першай з іх спыніцца вяшчанне праграм “Беларусь-2”, “СТВ” і “РТР-Беларусь”. Баранавіцкая УКВ радыёстанцыя спыніць трансляцыю праграм “СТВ” і “НТВ-Беларусь”, а Пінскі цэх УКВР – праграм “ОНТ”, “СТВ”, “НТВ-Беларусь” і “Беларусь-2”.
Тэлепраграмы, вяшчанне якіх забяспечвае Столінская станцыя, будуць адключаны ў маі 2015 года. Такім чынам, аб поўным пераходзе на лічбавае вяшчанне сёння казаць ранавата, тым больш сцвярждаць аб поўным адключэнні аналагавага тэлебачання.
Вядома ж, тэлегледачоў у першую чаргу цікавіць пытанне: “А што нам рабіць у гэтай сітуацыі?” Адказ даволі просты: па-першае, не панікаваць. Па-другое, успомніць – а якім спосабам у вас ажыццяўляецца прыём тэлепраграм? Калі прыём вя-дзецца толькі на індывідуальную пакаёвую ці вонкавую антэну – уважліва прачытаць інструкцыю па карыстанні сваім тэлевізарам. Калі знойдзеце ў ёй інфармацыю аб магчымасці прыёму лічбавых праграм стандарту DVB-T сістэмы кадзіравання MPEG-4, трэба толькі перанастроіць тэлевізар па рэкамендацыях, якія ў гэтай інструкцыі ёсць. Калі ж такога роду інфармацыя ў інструкцыі адсутнічае, тады вам у абавязковым парадку спатрэбіцца лічбавая прыстаўка. Не забудзьце пры гэтым пераканацца, што антэна ў вас дэцыметровага дыяпазону. Прымяненне шырокапалосных актыўных прыёмных антэн (з узмацняльнікам) дапускаецца толькі пасля кансультацыі са спецыялістам, у іншым выпадку пажадана прымяненне пасіўных антэн (без узмацняльніка).
Кансультацыю па агульных пытаннях арганізацыі прыёму лічбавых тэлепраграм можна атрымаць бясплатна, калі звярнуцца з адпаведным пытаннем у даведачна-інфармацыйную службу па гарадскім тэлефоне –
172. Гэты нумар адзіны для ўсіх стацыянарных тэлефонаў на тэрыторыі вобласці.
Віктар КАРАБЛЁЎ,
дырэктар філіяла
“Брэсцкі абласны вузел
радыёвяшчання
і тэлебачання РУП “БРТПЦ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.