26 сакавіка споўнілася 20 год, як беларускі Брэст і кітайскі Сяогань сталі пабрацімамі
Паміж гарадамі Брэст і Сяогань – тысячы кіламетраў. Але народная мудрасць сцвярджае: калі ёсць добрая воля, дык і за морам-акіянам знойдзеш сяброў. Выдатнае пацвярджэнне таму – дружба Брэста і Сяоганя. Наш абласны цэнтр і горад правінцыі Хубэй Пагадненне аб развіцці эканамічнага і тэхнічнага абмену і супрацоўніцтва падпісалі 26 сакавіка 1993 года. Юбілей пабрацімства і стаў нагодай для правядзення ў школе №12 імя К.Л. Губарэвіча выставы пад назвай “Кітай – блізкі і далёкі”, якая знаёміць з гэтай дзіўнай і старажытнай краінай, а таксама з Сяоганем. Дырэктар музея Ганна Кавалёва дапамагла школьнікам акунуцца ў своеасаблівую атмасферу ўсходняй краіны, адкрыць яе гісторыю, дакрануцца да культуры і рамёстваў Кітая. Ганне Піліпаўне вельмі хацелася, каб брастаўчане зацікавіліся і горадам, які два дзесяцігоддзі сябруе з намі.
Адкрыццё экспазіцыі ў школьным тэатральным музеі прайшло напрыканцы мінулага тыдня, і гэтае падарожжа атрымалася яркім. Магу запэўніць, нават скептыкі, якія лічаць, што знаёмыя з Кітаем (а як жа – ведаюць, дзе на карце краіна знаходзіцца, сутыкаліся з вырабамі кітайскай вытворчасці!), зробяць на гэтай выставе свае невялікія адкрыцці.
Юныя экскурсаводы з гатоўнасцю раскажуць аб гісторыі Кітая, распавядуць легенды пра Дун Юна і іншых герояў народнага эпасу. Безумоўна, на выставе шырока паказана кітайскае мастацтва. Падчас экскурсіі вам раскажуць аб тонкасцях нацыянальнай оперы, асаблівасцях тэатральнага жанру гэтай краіны: напрыклад, якія віды лялек існавалі і што прыдумалі кітайцы, каб не шыць кожны раз ім новыя касцюмы. У экспазіцыі – кнігі, вялікія і маленькія вееры з малюнкамі, што часам прымушаюць задумацца нават над сэнсам жыцця, прыгожыя фарфоравыя статуэткі, а таксама гліняныя вырабы, вырабы з дрэва і мармуру, прыгожыя жаночыя шкатулкі… Не абышлося без традыцыйнага кітайскага чаявання. Гарбату, на жаль, экскурсанты не п’юць, але пра тое, як арганізавана чайная цырымонія і як правільна дзякаваць за чай, даведаюцца.
У другой частцы залы наведвальнікаў чакае сюрпрыз. На стэндах размешчаны рэчы, фатаграфіі, ціпао (кітайскае жаночае адзенне), у якіх відавочна ёсць гаспадары. Аказваецца, рэчы належаць Уладзіміру і Таццяне Мальцавым. Некалькі гадоў гэта сям’я жыла ў Кітаі, потым пераехала ў Брэст. Даведаўшыся, што ў 12-й школе праводзіцца падобная выстава, Мальцавы прынялі ў ёй удзел.
Завяршаецца ж экскурсія знаёмствам з сімвалам вечнасці Кітая. Гэта… Не, пакіну інтрыгу ды запрашу чытачоў газеты зрабіць сваё адкрыццё. Наведаць выставу ў школе №12 можна ў пятніцу з 13.00 да 17.00 і ў суботу з 11 гадзін да 16-ці. А працаваць яна будзе да 15 мая.
Ганна ДРАГАН,
г. Брэст.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.