2 красавіка адзначаўся Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму
Аўтызм – гэта парушэнне псіхафізічнага развіцця, якое выяўляецца ў першыя гады жыцця дзіцяці і характарызуецца парушэннем кантакту з навакольнымі, эмацыянальным холадам, незвычайнасцю інтарэсаў і стэрэатыпнасцю паводзін.
Аўтызм не з’яўляецца праблемай толькі дзіцячага ўзросту. Цяжкасці камунікацыі і сацыяльнай адаптацыі змяняюць форму, але не знікаюць з гадамі, таму дапамога і падтрымка павінны суправа-джаць чалавека, які церпіць ад аўтызму, усё жыццё.
У Брэсце на пачатку тыдня прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная праблеме аўтызму. Свой погляд выказалі Надзея Трафімчук – загадчык дзіцячага аддзялення дзённага знаходжання абласнога псіханеўралагічнага дыспансера, Ірына Валітава – загадчык кафедры псіхалогіі развіцця БрДУ імя А.С. Пушкіна, Інэса Лявошка – педагог-псіхолаг цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі “Веда” аддзела адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста, і Анжэліка Шундрык – намеснік старшыні грамадскага аб’яднання дапамогі дзецям з асаблівасцямі развіцця і іх сем’ям “Асаблівае дзяцінства”.
Спецыялісты настойліва падкрэслівалі: аўтызм – даволі распаўсюджаная з’ява. Такое парушэнне псіхафізічнага развіцця сустракаецца не радзей, чым слепата ці глухата, але рэагаваць адэкватна на аўтыстаў мы ў нашым грамадстве толькі вучымся. Між тым, гэтым асаблівым дзецям патрабуецца ўвага і разуменне. Першы крок павінны зрабіць бацькі. Ім варта ўсвядоміць: дыягназ дзіцяці застанецца на ўсё жыццё. Таму Анжэла Шундрык, у якой хварэе сын вось ужо 13 год, раіць: “Нельга апускаць рукі. Цуда не будзе, але дарослыя павінны навучыцца абыходзіцца з дзіцём, у якога аўтызм. Ідзіце да спецыялістаў – рэкамендую карэкцыйна-развіваючыя цэнтры”. Мама расказала, што сын вучыцца ў СШ №25 (частка ўрокаў – дома, частка – у школе): “У нас выдатныя педагогі. А з якім разуменнем да сына адносяцца яго аднакласнікі –
цудоўныя дзеці!” Грамадскае аб’яднанне “Асаблівае дзяцінства” таксама падкажа, як жыць з такім няпростым дыягназам.
Надзея Трафімчук паведаміла: у Брэсце на 10 тысяч нованароджаных прыпадае 4,5 выпадка аўтызму. Увогуле, у апошнія гады дзіцячыя псіхіятры адзначаюць рост колькасці малых з аўтыстычнымі расстройствамі. І звязана гэта з генетычнай схільнасцю, пагаршэннем экалогіі, траўмамі ў час цяжарнасці і родаў, інфіцыраваннем плода вірусам краснухі ва ўлонні маці, перанесенымі інфекцыямі будучымі мамамі і дзецьмі ў раннім узросце.
На жаль, падчас цяжарнасці дыягнаставаць аўтызм нельга, але яго можна ўбачыць практычна адразу пасля нараджэння дзіцяці. Немаўля не мае комплексу ажыўлення, эмацыянальна слаба рэагуе нават на блізкіх, стан поўнай абыякавасці становіцца ўсё больш відавочным. Ваша малое на першым месяцы не ўсміхаецца і не цягне да вас ручкі? На 6-м – не адрознівае чужых ад сваіх? Ірына Валітава лічыць: гэта сігнал, каб звяртацца да спецыяліста. Толькі ён можа ўстанавіць – у дзіцяці аўтызм ці банальная затрымка ў развіцці. І чым раней бацькі звернуцца па дапамогу, тым больш выніковай будзе карэкцыйная работа. Дапамога такому дзіцяці расцягнецца на гады, але пачынаць яе трэба максімальна рана. А Інэса Лявошка дадае: “Важнай з’яўляецца і работа з бацькамі. Калі ў іх належны эмацыянальны стан, дык і карэкцыя ў дзіцяці праходзіць лепш. Толькі ў шчаслівых бацькоў могуць быць шчаслівыя дзеці, нават калі яны асаблівыя”.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.